Службе занятасці – 25

30 мая дзяржаўная служба занятасці насельніцтва Беларусі адзначыла сваё 25-годдзе. Для тых, хто некалі стаяў ля вытокаў яе стварэння, і тых, хто выконвае няпростыя задачы, забяспечваючы занятасць насельніцтва сёння, гэта стала добрай нагодай сустрэцца разам, каб многае ўспомніць і параўнаць.

Фарміраванню дзяржаўнай службы занятасці паклаў пачатак прыняты 30 мая 1991 года Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. Менавіта з гэтага часу Бюро па працаўладкаванні, што было папярэднікам службы занятасці, стала Цэнтрам занятасці. Яго, працягваючы знаёмую з 1985 года справу, узначаліла Любоў Дзмітрыеўна Барадзіна. У гісторыі станаўлення службы ёсць яшчэ адна дата – 2007 год, калі Цэнтр быў пераўтвораны ў аддзел занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Але якімі б ні былі структурныя змяненні, самі функцыі службы, а гэта задавальненне надзённых праблем людзей у сферы сацыяльна-працоўных адносін, рэгуляванне рынку працы і стварэнне ўмоў для забеспячэння занятасці насельніцтва, заставаліся нязменнымі.
— Вось ужо 25 гадоў служба занятасці ра­зам з органамі выканаўчай улады, іншымі спецыяльнымі партнёрамі праводзіць палітыку, якая накіравана на садзейнічанне занятасці насельніцтва раёна, – адзначае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Федчык.
Яна знаёміць з тымі, хто працаваў і працуе ў службе занятасці. З 1991 года, можна сказаць, з часу заснавання Цэнтра занятасці, пачынаецца працоўная біяграфія ў гэтай службе Таццяны Андрэеўны Анішчук – вопытнага, стараннага, адукаванага ў фінансавых пытаннях спецыяліста. Амаль сямнаццаць гадоў штодня працуе з рознымі катэгорыямі грамадзян, у іх ліку і абавязаныя асобы, тактоўны, дыпламатычны чалавек — Марына Станіславаўна Кот. З 2013 года ўзначаліла службу занятасці раёна Таццяна Васільеўна Хатынюк, якая набыла на той час немалы вопыт работы. У розныя гады ў дзяржаўнай службе занятасці раёна працавалі Алена Іванаўна Антановіч, Ніна Уладзіміраўна Панько, Тамара Аляксандраўна Ярмашук.
У 90-я гады пераход краіны да рыначных адносін і звязаныя з імі змяненні ў палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах кардынальна змянілі сітуацыю ў сферы занятасці насельніцтва. Паўстала задача абароны людзей ад беспрацоўя. Найбольш вострыя сацыяльныя праблемы, звязаныя з рэалізацыяй права грамадзян на працу, і павінны былі выра­шаць у Цэнтры.
— У пачатку дзевяностых беспрацоўных было шмат. Узровень беспрацоўя даходзіў да 5,6-6%. Людзям, якія прыходзілі да нас, мы стараліся дапамагчы – прапаноўвалі вакансіі, праводзілі дні адчыненых дзвярэй на прадпрыемствах, каб наймальнік мог падабраць неабходных спецыялістаў, пры інфармацыйнай і фінансавай падтрымцы службы занятасці праводзілася перасяленне з іншых раёнаў, дзе сітуацыя з беспрацоўем была яшчэ больш складанай, Цэнтр накіроўваў на перанавучанне, дапамагалі мы тым, хто не мог працаўладкавацца, арганізаваць сваю прадпрымальніцкую справу, — успамінае былы начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Любоў Барадзіна.
Чвэрць стагоддзя крок за крокам ішло фар­міраванне форм і метадаў дзейнасці службы, удасканальванне тэхналогіі работы з людзьмі, наладжвалі кантакты з ра­ботадаўцамі. Толькі за апошнія 10 гадоў у аддзел занятасці ўпраўлення за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнулася 5992 чалавекі, з іх 4230 — за­рэ­гістраваны ў якасці беспрацоўных, 4062 чалавекі працаўладкаваны, у тым ліку 2877 беспрацоўных. Абучана новым пра­фесіям за гэты час 342 беспрацоўныя, 96 чалавек атрымалі субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.
Служба занятасці працуе ў цесным ўзае­мадзеянні з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, з раённым аддзелам фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, установамі адукацыі, сельвыканкамамі і іншымі ўстановамі. Разам з такімі формамі работы, як арганізацыя аплачваемых грамадскіх работ, другасная занятасць, рэалізуюцца і такія новыя праграмы, як “Маладзёжная практыка”, “Працоўная адаптацыя інвалідаў”.
З 2006 года, калі выйшаў Дэкрэт аб дадатковых мерах па сацыяльнай абароне дзя­цей у неспрыяльных сем’ях, у рабоце спе­цыялістаў службы занятасці з’явіўся яшчэ адзін накірунак – працаўладкаванне ў прыярытэтным парадку такой катэгорыі грамадзян, як абавязаныя асобы. Пашырыўся фронт работ, калі быў падпісаны Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Адчуўся дадатковы прыток беспрацоўных. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя, які на студзень 2015 года быў 0,8%, сёння складае 1,8%. Каэфіцыент напружанасці на рынку працы павялічыўся да 3,6 беспрацоўных на адну вакансію, што патрабуе планамернай работы па стварэнні новых працоўных месцаў.
Час прыносіць перамены. І служба занятасці зрабіла значны крок наперад. У першую чаргу ў камп’ютарызацыі.
— Працуе інфармацыйны партал службы занятасці, ёсць вялікі электронны банк да­дзеных, — заўважае, расказваючы пра сённяшні дзень работы аддзела занятасці, яго начальнік Таццяна Хатынюк.
Палітыка занятасці, расказвае Таццяна Васільеўна, набывае ўсё большую адраснасць на карысць такіх катэгорый, якія не могуць на роўных канкурыраваць на рынку працы. Штогод у час летніх канікулаў маюць магчымасць працаваць і зарабляць грошы школьнікі, арганізоўваюцца працоўныя месцы для адаптацыі інвалідаў. На службу занятасці цяпер ускладзены і функцыі па падбору працоўных месцаў і кантролю за прахо­джаннем альтэрнатыўнай службы, работа па кампенсаванні наймальнікам затрат пры прыёме на работу асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі.
Да спецыялістаў аддзела занятасці ў месяц звяртаецца ад 60 да 90 беспрацоўных. Кожны прыходзіць са сваёй праблемай. Нават калі пытанне з працаўладкаваннем вырашыць адразу немагчыма, чалавеку даюць парады, рэкамендацыі, аказваюць маральную падтрымку. Добра ведаць псіхалогію, быць цярплівым, тактоўным, стрыманым і ў той жа час спагадлівым, чулым, камунікабельным, адкрытым для людзей, умець слухаць і чуць – усё гэта важна для спецыяліста службы занятасці. Нярэдка, як прызнаюцца людзі, якія працуюць у гэтай сферы ўжо не адзін год, даводзіцца сваёй увагай гасіць канфлікт, каб чалавек, які прыходзіць з крыўдай, азлоблены і агрэсіўны, пакінуў кабінет з удзячнасцю і надзеяй. І гэтая нялёгкая паўсядзённая праца па плячы толькі сапраўдным прафесіяналам, людзям мэтанакіраваным і адказным. Такія ў службе занятасці раёна, як заўважае кіраўнік упраўлення Ірына Федчык, усе. Але асаблівых слоў сваёй адданасцю справе заслужыла Таццяна Анішчук. Напярэдадні юбілейнай даты — 25 годдзя службы занятасці — яна ўзнагароджана Граматай раённага Савета дэпутатаў.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Любові Барадзіной, Таццяне Анішчук, Таццяне Хатынюк, Ірыне Федчык і Марыне Кот ёсць што ўспомніць і аб чым пагаварыць.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 41 от 1.06.16г.

Добавить комментарий


xn----7sbajornvhu8c.com.ua

https://velotime.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!