“Без Любы як без рук”

Вёска Багуслаўка для Любові Фёдараўны Меляшчук — яе радзіма, хоць ужо шмат гадоў жыве яна ў Маларыце. Тут ведае яна кожны завулачак, кожнае дрэўца, кожную хату і, вядома ж, усіх сваіх аднавяскоўцаў. І яе, шчырую, энергічную, гаваркую, тут таксама добра ведае кожны. Ды і як не ведаць. Яна ў вёсцы стараста, акрамя таго, загадвае мясцовым Домам сацыяльных паслуг. А для шасці адзінокіх састарэлых вяскоўцаў яна яшчэ і першы памочнік, бо яе асноўнае месца работы – тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Са сваімі падапечнымі сувязь па тэлефоне трымае Любоў Фёдараўна амаль штодня,  а наведвае кожнага два-тры разы на тыдзень. Едзе з Маларыты ў вёску і “заказы” вязе. Каму прадукты, каму гаспадарчыя рэчы, каму лекі. У кожным з пяці дамоў (на абслугоўванні ў сацыяльнага работніка чацвёра адзінокіх пажылых людзей і адна сям’я) яе з нецярплівасцю чакаюць. Любоў Фёдараўна ведае гэта, а таму спяшаецца. Праўда, наведаўшыся ў дом да адзінокага чалавека, даводзіцца затрымацца на пэўны час: дровы трэба прынесці, вады з калодзежа набраць, у хаце прыбраць, а калі нядужы падапечны, і стравы прыгатаваць, і хоць крыху, між справамі, пра жыццё пагутарыць, пра тое, што ў вёсцы ды ў свеце робіцца,  расказаць.
— Усіх сваіх падапечных я добра ведаю з дзяцінства. Гэта дапамагае ў рабоце, бо характар у кожнага чалавека свой,  і калі не ведаць яго, ва ўзаемаадносінах могуць узнікнуць праблемы. А калі ты ведаеш, што гэтаму чалавеку можна даць параду, а іншага лепш проста выслухаць і прамаўчаць, тады і праблем менш, — заўважае ў размове Любоў Фёдараўна.
Разам з ёю мы ідзем да невялікай вясковай хаткі, дзе жыве Надзея Аляксандраўна Бягеза. Баба Надзя сустракае сваю памочніцу на парозе. Пакуль сацыяльны работнік займаецца сваёй непасрэднай работай, цікавімся ў пажылой жанчыны, як ёй жывецца.
— Ды па-рознаму, вось хварэла доўга, у сына жыла. А лепш стала крыху, зноў у свой дом вярнулася, цягне сюды. Добра, што ёсць у мяне Люба, без яе як без рук.
Любоў Фёдараўна, спыняючы работу, пачынае расказваць пра сваю падапечную. Надзея Аляксандраўна размяняла ўжо дзявяты дзясятак жыцця. Трыццаць гадоў працавала паштальёнам. З цяжкай паштовай сумкай кожны дзень хадзіла па дварах у Гвозніцы і Багуслаўцы. Летам, калі надвор’е стаяла добрае, па дарозе яшчэ можна было прайсці,  не замачыўшы ногі, а вось вясною і восенню даводзілася цяжэй. І так кожны дзень. У маладыя гады не адчувалася ні стомленасці,  ні болю ў нагах, а вось з гадамі з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.
Пра кожнага са сваіх падапечных шмат можа расказаць сацыяльны работнік. Яна шчыра шкадуе кожнага, падтрымлівае, як можа. Калі ёсць магчымасць – гуманітарную дапамогу з Цэнтра вязе.
— Вёсачка наша зусім старэе. 48 жыхароў у ёй засталося, і тыя ўсе пенсіянеры. Дапамога ў кожнай хаце патрэбная, — шчыра дзялілася Любоў Фёдараўна.
Непакоіць яе, і як старасту вёскі, і як сацыяльнага работніка, і проста як чалавека, тое, што сёння ў вёсцы па пальцах можна пералічыць гаспадароў, якія яшчэ дужыя трымаць у руках касу ці сякеру. А работы ў вясковым двары, дзе ўсё год ад году старэе, прыбаўляецца. Вяскоўцы ўздыхаюць: вось каб была пры сельсавеце ці мясцовай гаспадарцы брыгада, якая  б магла і дровы пакалоць, і плот адрамантаваць, і іншую цяжкую работу зрабіць. Праўда, пра такое пакуль застаецца толькі марыць, а ўсю работу, што па сілах, даводзіцца браць на сябе ў доме сваіх падапечных сацыяльнаму работніку.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: сацыяльны работнік Любоў Меляшчук дапамагае сваёй падапечнай Надзеі Аляксандраўне Бягеза.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.medicaments-24.net/vimax/

best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!