У саюзе з зямлёй і вадой

Заўтра будуць  прымаць віншаванні са сваім прафесійным святам меліяратары рэспублікі. У ліку іх і 85 работнікаў дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства  “Маларыцкае ПМС”, якое паспяхова спраўляецца з  рамонтам,тэхнічным доглядам і рэканструкцыяй мелія­рацыйных аб’ектаў.

І хоць сёння меліяратараў не называюць ужо так гучна, як раней, пакарыцелямі балот, іх праца застаецца неабходнай, бо менавіта дзякуючы ім зямля ператвараецца ва ўрадлівыя сельгасугоддзі. На абслугоўванні калектыву знаходзіцца больш за 2400 кіламетраў каналаў на плошчы 39 тысяч гектараў, 8 помпавых станцый, 29 шлюзаў, больш за 420 труб-рэгулятараў. Фронт работ, якія даводзіцца выконваць работнікам прадпрыемства, даволі шырокі. Меліяратары абкошваюць і ачышчаюць каналы, высякаюць драўнінна-хмызняковую расліннасць, праводзяць аграмеліярацыйныя мерапрыемствы, пракладваюць каналізацыйныя сеткі, акрамя таго, аказваюць транспартныя паслугі і паслугі тэхнікі. Сёлета комплекс рамонтных работ быў выкананы на аб’екце “Заор’е” у СВК “Дарапеевічы”, завяршаюцца работы па рэканструкцыі меліярацыйных сетак на аб’екце “Чэрціж” у сельгас­прадпрыемстве “Макраны”. У будучым — работы ў СВК “Рыта” і “Арэхава”. Але тых аб’ёмаў работ, якія ёсць, як адзначае дырэктар прадпрыемства Валерый Парчэўскі, недастаткова. А калектыў гатовы працаваць. Для гэтага ёсць і тэхніка, і на­дзейныя, працавітыя людзі.
Між іншым, прадстаўнікі гэтай прафесіі павінны быць тэхнічна адукаванымі, добра падрыхтаванымі, а яшчэ адрознівацца загартоўкай, вынослівасцю, бо працаваць даводзіцца пад адкрытым небам у любую пару года. Больш за 33 гады са справай экскаватаршчыка звязаны Пётр Іванавіч Кунда. Работнік ён, як адзначаюць у Маларыцкім ПМС, сапраўды высокай ква­лі­фікацыі. З абавязкамі ён умела спраўляецца на любым, нават самым складаным аб’екце. І работу сваю любіць, і званнем меліяратара ганарыцца. Як, між іншым, і ўсе іншыя, хто працуе на прадпрыемстве.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: экскаватаршчык прадпрыемства меліярацыйных сістэм Пётр Кунда.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 42 от 4.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий