Прафілактыка “на колах”

Напрыканцы мая перасоўная бібліятэка (бібліобус) Маларыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы сумесна з інфармацыйнай групай раённага аддзела ўнутраных спраў пад кіраўніцтвам Андрэя Гапоніка, якая арганізавана для садзейнічання сельскім пунктам аховы правапарадку, наведалася ў вёскі Брадзяцін, Багуслаўка, Хмялёўка. Тэмай сустрэчы з вяскоўцамі стала “Прафілактыка алкагалізацыі, сямейна-бытавых канфліктаў, ахова правапарадку”.
Загадзя аб гэтым мерапрыемстве былі праінфармаваны старшыні сельскіх Саветаў і жыхары вёсак. Работнікамі бібліобуса была арганізавана кніжная выстава “Алкаголь – выкрадальнік розуму і здароўя”, на якой былі размешчаны кнігі, перыядычныя выданні, цытаты і артыкулы з газет па прафілактыцы алкагалізму. Інспектар расказаў удзельнікам сустрэчы, што алкаголь — сацыяльнае зло, што амаль усе правапарушэнні ўчыняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Прывёў прыклады з жыцця нашага раёна, канкрэтнай вёскі. Растлумачыў меры адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, якія звязаны з незаконным захоўваннем і распаўсюджваннем спіртаўтрымліваючых рэчываў. Правёў ён размову і з тымі асобамі, якія знаходзяцца на ўліку ў міліцыі і мясцовай адміністрацыі. У вёсцы Хмялёўка ў сустрэчы з жыхарамі прыняў удзел старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Мечыслававіч Пяткевіч. У той дзень таксама наведалі пажылых грамадзян, высветлілі пытанні, што хвалююць мясцовых жыхароў. Інспектар распаўсюдзіў буклеты з інфармацыяй па прафілактыцы алкагалізму, крадзяжоў, разбояў.
Спадзяемся, што такая форма работы з насельніцтвам раёна прынясе карысць і атрымае падтрымку грамадзян.
Алена ЗІНЧУК, бібліятэкар бібліобуса.

На здымку: у час прафілактычнай сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 42 от 4.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.