Дагледжанасць — сінонім клапатлівасці

Парадак у горадзе — не толькі справа сумлення кожнага з яго жыхароў, але і непасрэдныя абавязкі работнікаў камунальнай службы. Аб тым, што яны  канкрэтна робяць, каб наш райцэнтр радаваў вока як маларытчан, так і гасцей яго, чытайце ў інтэрв’ю майстра ўчастка добраўпарадкавання КУШВП  ЖКГ ”Маларыцкая ЖКГ” Вольгі Аляксюк.

— Вольга Аляксандраўна, па тым, які выгляд мае наш го­рад, чыста на яго вуліцах і дваровых тэрыторыях ці не, шмат зялёных насаджэнняў і кветак ці зусім няма, мяркуюць найперш аб рабоце камунальнай службы. Што канкрэтна робяць камунальнікі для таго, каб наша Маларыта прыцягвала ўвагу і гараджан, і тых, хто ў нас гасцюе?
— У першую чаргу нашы работнікі ў горадзе рэгулярна прыбіраюць. А гэта і падмятанне вуліц і два­ровых тэрыторый, ачыстка смец­цязборнікаў, прыбіранне дзі­ця­чых пляцовак, падкошванне і пры­біранне травы, пасадка дрэў і кустоўя, кветак. Адзначу, што ўвесь горад разбіты на пэўныя ўчасткі, за кожным з якіх замацаваны канкрэтны работнік. Ён і павінен сачыць за чысцінёй і парадкам на сваёй тэрыторыі.
— Дарэчы, наконт падкошвання травы. Вельмі шмат у горадзе нявыкашаных участкаў, неакуратна выкашаных, проста пакінутых. У чым тут праблема?
— Нашы работнікі стараюцца, але проста не паспяваюць выкасіць усюды. Калі летась трава засыхала на корані, сёлета пры спрыяльных умовах надвор’я яна расце як на дражджах. Што ж датычыць па­кі­нутых ці неакуратна выкашаных участкаў, дык гэта ўжо справа сумлення таго, хто іх касіў.
— Шчыра кажучы, наш райцэнтр хацелася б бачыць і больш кветкавым, каб было тут больш клум­баў і цікавых кампазіцый, якія ёсць у іншых гарадах. На маю думку, і тут камунальнікі недапрацоўваюць.
— Штогод мы стараемся высаджваць у горадзе і зялёныя насаджэнні, і кветкі. Скажам, летась толькі кветак было высаджана больш за 16 тысяч, сёлета плануем высадзіць не менш. Работы — у самым разгары. Цяпер у нас ёсць магчымасць вырошчваць сваю расаду кветак, бо 2 гады таму назад увялі ў эксплуатацыю парнік. І летась, і сёлета там вырошчвалі расаду сальвіі, газаніі, аксамітак, цынерарыі, агератума, цэлозіі, колеуса, лабеліі і іншых. Большасць з іх будуць высаджаны на плошчы і цэнтральных вуліцах горада.
-Якія зоны ў горадзе будуць абноўлены сёлета?
-У першую чаргу расадай кветак будзем засаджваць усе клумбы, што ў горадзе ёсць. На вуліцы Савецкай паблізу помніка плануецца стварыць новы кветнік, дзе будуць высаджаны колеусы і аксаміткі гібрыдныя. Новая клумба, як многія, напэўна, ужо заўважылі, з’явілася і на рагу вуліц Несенюка і Савецкая. Тут, а таксама на плошчы горада, высаджана цэлозія. Абнавілі мы кветнікі і на вуліцы Паўднёвай. Вельмі хочацца зрабіць наш горад прыгожым. І крыўдна, калі гара­джане не тое, што падтрымліваюць нас у гэтым плане, а наадварот, іншы раз сваімі ж рукамі ствараемую прыгажосць знішчаюць. Мы стаміліся падлічваць, колькі на клумбах знікала кветак пасля таго, як яны былі прыгожа высаджаны. На жаль, некаторыя з нас здольны бачыць і ацэньваць прыгажосць толькі ў сябе ля дома ці на прысядзібным участку, а не ў горадзе. Тым не менш, закуп насення, вырошчванне расады кветак, стварэнне кветніка — гэта затратная работа. І найперш у фінансавым плане. Таму вельмі і вельмі хацелася б папрасіць нашых гараджан памятаць пра гэта і даражыць тым, што для іх робяць іншыя.
— Адышлі, на маю думку, тыя часы, калі мы, жыльцы шмат­кватэрных жылых дамоў, па сваёй уласнай ініцыятыве арганізоўвалі суботнікі па навядзенні парадку на прыдваровых тэрыторыях, высаджвалі зялёныя насаджэнні, разбівалі клумбы, садзілі кветкі і г.д. Цяпер рэдка хто арганізоўвае такія суботнікі, не гаворачы пра тое, што добраахвотна ўдзель­нічае ў іх. Таму і не дзіўна, што многія двары выглядаюць непрывабна, рэдка тут убачыш клумбу ці кветнік. Ці я памыляюся?
— Суботнікі па навядзенні парадку на дваровых тэрыторыях па ініцыятыве саміх грамадзян таксама праводзяцца, але не ўсюды. Мала і такіх, хто ў іх ахвотна ўдзельнічае. Большасць з жыльцоў шматкватэрных дамоў, на вялікі жаль, займаюць пасіўную пазіцыю: маўляў, няхай нехта іншы, а не я. Хаця ёсць і актыўныя. Менавіта іх рукамі і стараннямі наводзіцца і падтрымліваецца парадак ля дамоў. Прыемна зайсці ў двары дамоў №87, 43, 28, 13, 12,23 і па вуліцах Савецкай, Чкалава, Маякоўскага, Лермантава, Заводскай, Маруды і іншыя. Тут пастаянна растуць на клумбах квет­кі, заўсёды чыста, шмат зялёных насаджэнняў. Таму вельмі хацелася б, каб з жыльцоў названых дамоў бралі прыклад усе астатнія.
— Вы сказалі пра крадзёж кветак. Ведаю, што ў некато­рых месцах горада стаяць відэа­камеры. Яны ж могуць зафіксаваць таго, хто прывык зай­мацца бруднай справай, а вы ў сваю чаргу напісаць заяву ў міліцыю.
— Не хочацца ісці на такія меры, але вымушаны будзем. Трэба ж неяк выхоўваць несумленных. Між іншым, за крадзёж, згодна з заканадаўствам нашай рэспублікі,прадугледжаны штраф. І немалы.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: Вольга Аляксюк , майстар участка добра-­ўпарадкавання КУШВП ЖКГ «Ма­ларыцкая ЖКГ».
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ №42 от 4.06.16г.

Добавить комментарий


диспенсеры

www.sledoc.com.ua

Купить Mi Mobile Power Bank 2
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!