Сямейная дыпламатыя

Якая ўсё ж  адчайная і рашучая маладосць! Ёй не страшныя ні далёкія адлегласці, ні невядомасць, ні непрадказальнасць. Яна – гаспадыня нашых пачуццяў і нашых учынкаў.
Малады запал,  спакуслівае жаданне адарвацца ад цёплага і ўтульнага бацькоўскага гнязда, самазацвердзіцца ў такім бурлівым і яшчэ малавядомым жыцці,  закінулі і яго, Сцяпана Лямачку,  на Украіну. Кампанія аднадумцаў і неабыякавых да жыцця юнакоў прымае рашэнне адразу пасля службы ў арміі ехаць у Харкаў,  каб уладкавацца не абы-куды, а на добра вядомы ў той час флагман індустрыі — Харкаўскі завод цяжкага машынабудавання імя Малышава. І хаця навыкаў па спецыяльнасці токара ў Сцяпана не было, маладому хлопцу надта хацелася праверыць свае рукі яшчэ і ў гэтай справе.
Што і казаць, самому Сцяпану было б цяжка асвоіць работу ля станка. Але побач аказаўся вопытны старэйшы калега, які і стаў настаўнікам маладога спецыяліста. Ён настолькі муштраваў маладога токара,  што,  здавалася, у апошняга не хопіць цярпення, каб па некалькі разоў перарабляць адно і тое ж. Але Сцяпану хацелася стаць высакакласным спецыялістам, якім быў калега,  таму паслушна прымаў усе настаўленні. І толк быў. Праз 3 месяцы Сцяпану Лямачку прысвоілі ІІ кваліфікацыйны разрад, а ў хуткім часе ажно чацвёрты. Бо каб як мага больш даведацца па спецыяльнасці токара, юнак і сам імкнуўся павышаць сваю кваліфікацыю: ён вучыўся на вячэрнім аддзяленні ў тэхнікуме. Без сумненняў, дарос бы ён тут і да токара самага высокага, шостага разраду, але сваю карэкціроўку ў гэта ўнеслі жыццёвыя абставіны.
Прыехаўшы неяк у маі ў водпуск у родную вёску Збураж і сустрэўшыся з Нінай, з якой былі знаёмы даўно і сябравалі, Сцяпан прапаноўвае ёй паехаць ра­зам з ім. Сэрца, у якім даўно жыло шчырае пачуццё да высокага,  статнага і працавітага земляка, падказвала Ніне: трэба ехаць. А бацькі яе былі супраць.
— Чаго ты туды паедзеш? — стараліся пераканаць Ніну яны. – Быў бы ён табе муж, яно і зразумела. А ён жа табе ніхто.
Тады Сцяпан і Ніна вырашаюць узаконіць свае адносіны, але каб не было лішніх праблем (інтэрнат давалі толькі халасцякам), маладыя дамаўляюцца, каб штамп  у  дакументах паставілі толькі аднаму з іх. І ў Харкаў едуць разам.
— Ён жыў у інтэрнаце, — успамінала Ніна Маркаўна, — а я здымала разам з дзяўчатамі кватэру. А па вечарах на спатканне адзін да аднаго бегалі.
Знайшлося на заводзе месца і для Ніны, хаця ў яе была спецыяльнасць садавода-пло­даагародніка, якую набыла ў Мінскай школе. Пасля заканчэння спецыяльных курсаў яна стала працаваць на тым жа заводзе, што і Сцяпан, кранаўшчыцай электрамаставога крана.
За 4 гады работы на прадпрыемстве маладыя Лямачкі так зарэкамендавалі сябе, што начальства шукала розныя варыянты, каб іх тут утрымаць.
— Начальнік цэха,  —  рас­казваў Сцяпан Васільевіч,  — да дырэктара завода ха­дзіў не раз з хадайніцтвам, каб кватэру нам дапамог “выбіць”. Той паабяцаў, што з жыллём дапаможа. Тым больш, што нас было ўжо трое: нарадзіла­ся дачка Галіна.
Можа,  і засталіся б Лямачкі ў Харкаве, бо іх тут усё задавальняла: і работа, і матэрыяльнае ўзнагароджанне за яе,  і з жыллём намецілася добрая перспектыва. Але нешта ўсё ж   у сэрцы кожнага было няўтульна: цягнула іх у родныя мясціны.
— А як паглядзеў на фотакартку, дзе маці з сотамі ў руках, яна ж даглядала за пчоламі,  калі я ў арміі служыў, — так сціснула ў грудзях, — успамінаў Сцяпан Васільевіч. – Любіў я сваіх маленькіх працаўніц,  яны не давалі мне спакою, мне хацелася вазіцца з імі штодня. А тут яшчэ і пісьмо са Збуража прыйшло ад галоўнага інжынера калгаса Пятра Іванавіча Пракапука. “Прыязджай, — пісаў ён, — у нас табе работа таксама ёсць, такарны станок добры ў калгас купілі”.
Словам,   у Харкаве Лямачкі не засталіся, а прыехалі ў Збураж. Дом свой праз нейкі час пабудавалі — прыгожы, вялікі, прасторны. Сын Саша нарадзіўся.
Сцяпану Васільевічу знайшлося месца токара ў мясцовым калгасе, дзе ён прапрацаваў да выхаду на пенсію,  а гэта 34 гады. Тут ён стаў токарам самага высокага,  шостага разраду.
Тады,  у 70-я гады,  у калгасе актыўна вялося будаўніцтва. Таму такія спецыялісты былі на вагу золата.
— Ля майстэрань,  памятаю, — расказваў Сцяпан Васільевіч, — даўжэзная чарга выстраіцца, і ўсе да токара. Практыку на заводзе я прайшоў добрую, таму ўсё ў мяне выдатна атрымлівалася. Хаця аб’ёмы работ былі вельмі вялікія.
Ды яшчэ і з іншых гаспадарак прыязджалі,  бо добрая слава пра “ваеннага” токара (так называлі Сцяпана Васільевіча) ішла далёка. Дарэчы, і сына свайго ён навучыў такарнай справе. Аляксандр на той час меў ужо трэці кваліфікацыйны разрад.
Здавалася б, як жа могуць рукі,  якія прывыклі да металу, прапахлі, можна сказаць, ім і нават агрубелі ад яго, так клапатліва абыходзіцца з далікатнымі маленькімі пчолкамі? Аказваецца, маглі і могуць. Так-так, могуць, бо, акрамя свайго пчальніка, 20 год Сцяпан Васільевіч даглядаў за калгасным. А даверыў гэтую справу яму тады старшыня калгаса “40 гадоў БССР” Валерый Ярмалюк. Ён добра ведаў, што Сцяпан Васільевіч – пчаляр са стажам,  з маленства ляжала душа ў сельскага хлопца да працавітых жывёлінак. Ён любіў іх,  разумеў кожны рух. Больш таго, перадаў гэтую любоў і сваёй жонцы Ніне Маркаўне, якая на працягу ўсіх 20 год была яго надзейным памочнікам.
— Цяпер і я добра ведаю, — усміхаючыся,  шчыра прызнавалася Ніна Маркаўна, — што, збіраючы рой, трэба абавязкова запомніць,  з якога вулея ён вылецеў.
Згадзіўшыся некалі пасля доўгіх роздумаў з прапановай кіраўніка,  Лямачкі добра ведалі, як трэба старацца, каб калгасны пчальнік не тое, што ажыў, але і даваў карысць. І ў іх гэта атрымалася. Дапамагла ўсё тая ж любоў да маленькіх істот,  да прыроды, часткай якой яны лічылі і сябе.
Кіраўніцтва гаспадаркі не ведала,  як аддзячыць Лямачкам за старанне. Яны,  без перабольшвання, заслугоўвалі самай высокай узнагароды. Між іншым, узнагарод у Сцяпана Васільевіча шмат: грамат, падзяк. Але не гэта ён лічыць галоўным. Куды больш важна, што і сёння да яго, як да вядомага, умелага і кемлівага токара, таксама прыязджаюць з усёй акругі за парадай, падказкай. І сёння просяць нешта зрабіць для выкарыстання ў гаспадарцы. Сцяпан Васільевіч нікому не адмаўляе, бо яму вельмі прыемна, што людзі яго памятаюць, што яго багаты вопыт можа яшчэ саслужыць некаму добрую службу.
Едуць да яго за парадамі і як да вопытнага пчаляра.
…Дзеці ўладкаваны, маюць свае сем’і. Дачка Галіна, якая жыве ў Брадзяціне, трымае немалую ўласную гаспадарку. Здавалася б, у Лямачкаў павінна быць ужо менш турбот і клопатаў. Можна адпачыць. Але яны не з такіх. Яны і сёння трымаюць гаспадарку, па-ранейшаму даглядаюць за ўласным садам, які некалі самі пасадзілі, і за пчальніком, з якім не збіраюцца развітвацца. А летам і восенню ад іх не ўцякуць ні ягады, ні грыбы,  балазе,  лес побач. Прыемна ж пачаставаць варэннем з лясной маліны ці суніц унукаў, якія часта гасцююць у дзядулі з бабуляй. Ды проста прыемна пабыць на ўлонні прыроды, пазносіцца з ёй,  набрацца новых сіл. Лямачкі добра ведаюць, што прыроду і чалавека аб’ядноўвае адно – праца.
Калі я спытала ў Сцяпана Васільевіча і Ніны Маркаўны,  што,  на іх думку, неабходна для таго, каб у сям’і быў лад, кожны з іх меў свой адказ на гэтае пытанне. Але ўсё зводзілася, у рэшце рэшт, да аднаго: лепшая сямейная дыпламатыя – гэта дыпламатыя ўзаемнага даверу і бязмежнай шчырасці. Менавіта на гэтым яны ўвесь час (а сямейнаму саюзу Лямачкаў больш за 40) будавалі і будуюць свае адносіны.
НА ЗДЫМКУ: Ніна Маркаўна і Сцяпан Васільевіч ЛЯМАЧКІ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://progressive.ua

http://cl24.com.ua

https://medicaments-24.net