Дапамагаць знайсці работу

За чвэрць стагоддзя ў службу занятасці вобласці звярнулася больш чым мільён чалавек, штогод, на працягу апошніх 5 гадоў, у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне вобласці рэгістравалі ад 20 да 30 тысяч беспрацоўных.
Пра тое, якія задачы вырашае гэтая служба, як дапамагае людзям рэалізаваць права на працу, выбар прафесіі, інфармуючы і навучаючы, перавучваючы і працаўладкоўваючы іх, карэспандэнт “Зары” гутарыла з намеснікам старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама – начальнікам упраўлення занятасці насельніцтва Жаннай Стаціўка.

— Жанна Уладзіміраўна, якія этапы ў сваім развіцці прай­­шла за чвэрць стагоддзя дзяржаўная служба занятасці вобласці? Што можна назваць галоўным вынікам работы?
— За 25 гадоў служба занятасці прайшла некалькі этапаў ста­наўлення і развіцця, а яшчэ да гэ­тага яна мела багатую пе­рад­гісторыю. У канцы 80-ых — пачатку 90-ых гадоў мінулага стагоддзя палітычныя і эканамічныя пераўтварэнні ў краіне прывялі да беспрацоўя. Гэта быў складаны перыяд для насельніцтва, калі закрывалі многія прадпрыемствы, а людзі заставаліся без сродкаў да існавання. Служба занятасці аказалася дзейснай структурай, што прыйшла на дапамогу насельніцтву. А 30 мая 1991 года быў прыняты Закон “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”, які вызначыў прававыя, эканамічныя, сацыяльныя і арганізацыйныя асновы рэгулявання занятасці насельніцтва нашай краіны.
Безумоўна, за гэтыя гады не раз змянялася сітуацыя на рынку працы, у залежнасці ад чаго перабудоўвала сваю работу, змяняла яе накірункі, пераглядала мерапрыемствы праграмы занятасці і наша служба. Пашыраліся віды паслуг, паглыбляўся іх змест, узмацнялася адраснасць дапамогі. Але нязменнымі задачамі на працягу ўсіх гэтых гадоў былі прафілактыка беспрацоўя і стабілізацыя на рынку працы і, безумоўна, індывідуальны падыход да праблем кожнага чалавека, які звярнуўся ў службу занятасці. А тое, што людзі прыходзяць да нас, атрымліваюць рэальную падтрымку і дапамогу, гэта і ёсць, на мой погляд, галоўны вынік работы ў мінулыя гады.
— Што можна сказаць пра сітуацыю на рынку працы сёння? Ці вялікае ў нас беспрацоўе і які “твар” яно мае?
— Спачатку звернемся да ста­тыстыкі. У 2014 годзе працоўныя рэсурсы нашай вобласці склалі 840 тысяч чалавек, з іх больш чым 780 тысяч – працаздольнае насельніцтва працаздольнага ўзросту, каля 56 тысяч – асобы, узрост якіх большы і меншы за працаздольны, занятыя ў эканоміцы.
Калі гаварыць пра беспрацоўе, дык на працягу чвэрці стагоддзя яно мела цыклічны характар. Колькасць беспрацоўных, якія стаялі на ўліку ў дзяржаўнай службе занятасці, была ад 202 чалавек на канец 1991 года да 23,5 тысячы на канец 2003 года. Пік беспрацоўя ў вобласці адзначаны ў 2003 годзе – 3,8%. Затым ён пачаў паступова зніжацца, і на канец 2014 года склаў 0,6%. З мінулага года назіраецца рост узроўню беспрацоўя, якое сёння складае 1,3%.
Што датычыць “твару” бес­пра­цоўя, дык ён, вядома ж, змяняецца. Калі ў пачатку 90-ых гадоў у ліку беспрацоўных былі пераважна жанчыны, дык у апошнія гады – у асноўным мужчыны. Так, на 1 сту­дзеня г.г. удзельная вага жанчын у агульнай колькасці беспрацоўных склала 36%, мужчын – 64%. І яшчэ такія лічбы. Калі ў першай палове 90-ых гадоў сярод беспрацоўных было большасць асоб з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, дык цяпер з 6.6 тысячы беспрацоўных толькі 15,5% маюць вышэйшую адукацыю, 17,4 — сярэдне-спецыяльную.
— Якія прафесіі найбольш запатрабаваны сёння на рынку працы? Як ваша служба да­памагае грамадзянам з працаўладкаваннем?
— З канца 2014 года колькасць вакансій зніжаецца і на 1 студзеня гэтага года іх налічваецца 2,4 тысячы (на 1 студзеня 2013 года – 6,6 тысячы працоўных месцаў). На працягу многіх гадоў на рынку працы былі запатрабаваныя прадстаўнікі рабочых прафесій, але ў апошні час павышаны попыт на спецыялістаў і служачых. У нашай вобласці сёння ў дэфіцыце трактарысты, аператары машыннага даення, ветфельчары, заатэхнікі, інжынеры. Ва ўстановах аховы здароўя па-ранейшаму запатрабаваныя ўрачы і медсёстры.
Калі раней асноўная ўвага на­давалася таму, каб дапамаг­чы бес­працоўнаму ў падборы ра­­бо­чага месца ці вакансіі з заяўленых наймальнікамі, дык у далейшым разам з традыцыйным працаўладкаваннем пашырыўся пералік форм садзейнічання. Раз­віццё атрымалі такія з іх, як браніраванне працоўных месцаў для прыёму беспрацоўных, якія не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, субсідзіраванне занятасці асобных катэгорый беспрацоўных (моладзі, інвалідаў), выдзяленне бязвыплатных субсідый для арганізацыі ўласнай справы, павышэнне мабільнасці беспрацоўных. Толькі адзін факт: з 2000 па 2015 гады ў рамках “Маладзёжнай практыкі” на вучнёўскія рабочыя месцы прыняты 2,26 тысячы беспрацоўных.
У гарадах і раёнах вобласці рэгулярна праводзяцца кірмашы-вакансіі, Дні прадпрыемстваў, інфармацыйныя сустрэчы з тымі, хто хоча працаўладкавацца ці жадае змяніць месца работы. Работнікі службы занятасці ў апошнія гады сталі больш цесна наладжваць кантакты з наймальнікамі, аказваць ім дапамогу ў падборы кадраў.
— Прафесійная арыентацыя, прафесійнае навучанне бес­працоўных: які тут малюнак?
— Прафарыентацыйныя паслугі карыстаюцца попытам як сярод моладзі, якая выбірае прафесію, так і сярод дарослых людзей, што засвойваюць новыя прафесіі і спецыяльнасці. Калі ў 1992 годзе па кансультацыі да нас звярнулася ўсяго 993 чалавекі, у 2000 – амаль 13,5 тысячы, дык у 2015 годзе іх было ўжо больш чым 21 тысяча чалавек. Сёння масавыя прафарыентацыйныя мерапрыемствы – Дні прафарыентацыі, Дні выпускніка, Дні адчыненых дзвярэй службы занятасці і іншыя – рэгулярна праводзяцца ва ўсіх гарадах і раёнах вобласці.
Адзін з важных накірункаў работы — прафесійная падрыхтоўка, перападрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі ці спецыяльныя курсы для беспрацоўных. Гэтая сістэма пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца. За чвэрць стагоддзя службай занятасці насельніцтва накіравана на праф­навучанне амаль 70 тысяч беспрацоўных – пры гэтым каля 70% — на атрыманне рабочай прафесіі. Найбольш перспектыўныя з пункту гледжання канчатковага выніку – навучанне пад канкрэтны заказ наймальнікаў. Калі ў 2000 годзе пад гарантаванае рабочае месца навучалася 20% ад агульнай колькасці накіраваных, дык у 2015 г. – ужо больш чым 40%. Штогод навучанне праводзіцца па 30 – 60 прафесіях і спецыяльнасцях, пералік якіх змяняецца з улікам сітуацыі на рынку працы.
— А якое садзейнічанне аказ­вае служба ў арганізацыі са­мас­­тойнай занятасці насель­ніцтва?
— Арганізацыя ўласнай справы – адзін з прыярытэтных накірункаў дзейнасці службы занятасці па адаптацыі беспрацоўных да сучасных эканамічных умоў. У 1994 – 2015 гадах субсідыі для арганізацыі ўласнай справы атрымалі больш чым 9 тысяч беспрацоўных. Акрамя гэтага, служба занятасці аказвае беспрацоўным дапамогу ў выбары таго віду дзейнасці, што падыходзіць, арганізуе навучанне асновам прадпрымальніцтва, аказвае дапамогу ў складанні бізнес-планаў і афармленні неабходных дакументаў. Асаблівая ўвага надаецца развіццю самазанятасці ў сельскай мясцовасці і рэгіёнах з высокім узроўнем беспрацоўя, дзе па аб’ектыўных прычынах больш складана знайсці работу.
— Калі чалавек застаўся без работы і хоча працаўладкавацца, куды яму неабходна звяртацца, каб яго зарэгістравалі беспрацоўным?
— Ён можа звярнуцца з пашпартам, дакументам аб адукацыі і працоўнай кніжкай ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў па месцы рэгістрацыі ці ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама (г. Брэст, вул. Гогаля, 71, тэл. 8-0162 21-09-27, 21-09-02), дзе атрымае падрабязную інфармацыю. Яна ёсць на сайтах гэтых устаноў. Грамадзяне, якія жадаюць працаўладкавацца, могуць атрымаць індывідуальныя ці групавыя кансультацыі па многіх пытаннях, а тым, хто зарэгістраваўся ва ўпраўленнях у якасці беспрацоўных, мы аказваем шэраг паслуг.
— Каб дапамагаць людзям у вырашэнні пытанняў пра­цаўладкавання, напэўна, трэба прымаць іх праблемы блізка да сэрца?
— Лічу, што любую работу трэба выконваць з душой і самааддачай. Ад нашай дапамогі ў многім можа залежаць далейшы лёс чалавека. Таму я стараюся праяўляць максімум увагі да вырашэння праблем, з якімі да нас прыходзяць людзі, і нацэльваю на гэта свой калектыў. Усе работнікі нашай службы – і ветэраны, і моладзь – заслугоўваюць шчырай падзякі за высокі прафесіяналізм, за пастаянную гатоўнасць прыйсці на дапамогу тым, хто аказаўся ў няпростай сітуацыі, без работы.
Ларыса АХРЭМУК.

НА ЗДЫМКУ: начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Жанна СТАЦІЎКА.
Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Опубликовано ГЧ № 43 от 8.06.16г.

Добавить комментарий


https://tokyozakka.com.ua

офисный ковролин киев
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!