На станцыях дзяцінства

На сапраўдную “планету дзяцінства” быў падобны ўніверсальны спартыўны цэнтр “Жамчужына” ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. У спартыўнай зале, на ступеньках і на тэрыторыі вакол цэнтра разгарнуліся гульнёвыя, інфармацыйныя, творчыя і канцэртныя пляцоўкі. 

Арганізатары пакла­паці­ліся аб тым, каб праграма свята была цікавай дзецям розных узростаў. Таму станцый, на якія запрашалі завітаць маленькіх маларытчан, было шмат. На кожнай з іх для дзяцей ладзіліся гуль­ні, конкурсы, выставы, майстар-класы. “Бяспечная”, “Пажарная” і “Пагранічная” станцыі знаёмілі дзяцей з работай райаддзела ўну­траных спраў, аддзела па надзвычайных сітуацыях і аддзела пагранічнай службы “Маларыта”. Асабліва ўразіла дзяцей тое, што яны мелі магчымасць патрымаць у руках зброю, рацыі, паглядзець у бінокль, пазнаёміцца са службовым сабакам Бакай на станцыі “Пагранічная”. Цікава было хлопчыкам і дзяўчынкам адчуць сябе пажарнымі, прымяраючы абмундзіраванне выратавальнікаў. Не аб­мі­налі ўвагай дзеці і аўтамабіль дзяр­жаў­таінспекцыі, за рулём якога можна было пасядзець. “Спартыўная” пляцоўка паказала, як праходзяць заняткі з маленькімі спартсменамі баксёрскага клуба. На станцыі “Кніжная” бацькі і дзеці знаёміліся з асартыментам дзіцячай літаратуры. Таксама дзеці маглі прыняць удзел у акцыі “Прачытай сам – перадай іншаму”, узамен сваёй кніжкі прапаноўвалася выбраць любую з кніжнай паліцы акцыі. “Творчы” прыпынак арганізавала аддзяленне дзённага зна­ходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пляцоўкі “Востраў малявання”, “Зрабі сам” і “Станцыя пры­гажосці” не прамінуў, напэўна, ніводны юны маларытчанін. Дзеці маг­лі пакінуць след сваёй далонькі, паспрабаваць маляваць з дапамогай трубачак, зрабіць манікюр усіх колераў вясёлкі, модную прычоску, а таксама малюнак на твары і многае іншае. А яшчэ маленькія ўдзельнікі свята пабачылі, як зробленыя сваімі рукамі ракеты могуць лёгка ўзнімацца ў паветра, а потым вяртацца на зямлю з дапамогай невялікіх парашутаў. На прыпынку для самых маленькіх размясцілася імправізаваная гульнё­вая пляцоўка. З інфар­мацыйнымі матэ­рыя­ламі аб тым, як пад­тры­мліваць здароўе, прапанавалі азнаёміцца прадстаўнікі Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 14 Брэсцкага РУП “Фармацыя” і ўручалі дзецям паветраныя шары. На станцыі “Здароўе” дзеці яшчэ пры­малі ўдзел у віктарынах аб здаровым ладзе жыцця. Была магчымасць у маларытчан прадэгусціраваць сокі і нектары гандлёвай маркі “Таптышка” кансерва­ва­гароднінасушыльнага камбіната.
Вясёлая спартыўная раз­­мінка “Трэба спортам займацца” падбадзёрыла і развесяліла галоўных герояў свята. Парадавала ўсіх маларытчан, што завіталі ў парк, канцэртна-гульнёвая праграма з удзелам юных спевакоў, вакальных і танцавальных дзіцячых калектываў з Маларыты, якую падрыхтавалі работнікі гарадскога Дома культуры. У час яе былі ўзнагароджаны дыпломамі і салодкімі падарункамі самыя актыўныя ўдзельнікі свята, якія добра праявілі сябе ў віктарынах і конкурсах.
Працавалі ў гарадскім парку і атракцыёны, батуты. Стараліся зрабіць гэты дзень насычаным эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі раённы камітэт ГА «Беларускі рэс­публіканскі саюз моладзі», аддзел адукацыі, спорту і турызму і гарадскі Дом культуры. А таксама прадстаўнікі Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, валанцёры «Добрае сэрца» раённай гімназіі. Спонсарскую дапамогу аказалі раённыя арганізацыі гра­мадскіх аб’яднанняў «Беларускі фонд міру» і «Белая Русь», раённы камітэт ГА «БРСМ»,
Абагрэтыя цяплом і ўва­гай прадстаўнікоў шматлікіх структур, якія адгукнуліся на заклік падарыць хлопчыкам і дзяў­чынкам радасць і яркія ўражанні, дзеці разумелі, што гэта іх свята — дзень калі пануе дзяцінства і вясёлы настрой.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у час святочнай праграмы “Планета дзяцінства”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 43 от 8.06.16г.

Добавить комментарий


そこ

солнцезащитные очки женские
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!