ШОПІНГ ПА — ўКРАІНСКУ,

Альбо аб тым, ці варта грашовая эканомія патрачаных сіл і нерваў

Ад прапановы даўняй знаёмай з’ездзіць на рынак ва ўкраінскае Забалацце на гэты раз не адмовілася, хаця пасля вельмі і вельмі шкадавала, што паддалася на яе спакусу. Паездка настолькі стаміла, а асабліва маральна, што я дала сабе зарок ніколі больш не траціць сілы і нервы дзеля грашовай эканоміі.

Выбраліся ж у Забалацце ў суботу, а гэта адзін з базарных дзён, калі ва ўкраінскае сяло імкнуцца трапіць, што б там ні было, многія з беларусаў, якія жывуць у бліжэйшых прыгранічных раёнах і якія разлічваюць на танны тавар ад украінскіх гандляроў. Карацей кажучы, народу было бітком набіта, таму маларыцкія пасажыры маглі разлічваць толькі на тое, каб прыстасавацца дзе-небудзь у вагоне хоць на адной назе. Пра тое, каб сесці, мова не ішла, хаця месца ў вагоне — гэта гарантыя таго, што на станцыі ”Хаціслаў” пасажыру не давядзецца яшчэ раз штурхацца, каб выйсці на вуліцу для прахо-джання пагранічнага кантролю.
На адной назе стаяць у тамбуры было не зусім лёгка і зручна, але і вяртацца дамоў не выходзіла: надта доўга трэба было чакаць цягнік, на якім даехаў бы да Маларыты.

Пасажыраў у Хаціславе на вуліцу вываліла мора. Але стаяць тут доўга ў чарзе не давялося, бо пагранічнікі аператыўна выканалі свае службовыя абавязкі. Заняць месца ў вагоне пасля праверкі дакументаў ніхто ўжо не спяшаўся, наадварот, кожны імкнуўся пры­масціцца дзе-небудзь бліжэй да дзвярэй. Дзеля чаго, разумееш, калі цягнік прыбывае на канцавую станцыю — Забалацце. Вось тут і пачынаюцца спаборніцтвы на першынство ў спрынце за танным таварам. Спартсменамі становяцца ўсе, хто-больш менш дужы і ў каго няма праблем з нагамі. Кожны стараецца любой цаной у ліку першых трапіць да дзвярэй будкі, дзе трэба прайсці ўкраінскі пагранічны кантроль. Мы са знаёмай мерацца з іншымі сваімі лёгкаатлетычнымі сіламі не рызыкуем, таму аказваемся ў ліку тых, хто чаргу замыкае. Найбольш спрытныя і дужыя штурмуюць дзверы. Акажыся ў натоўпе стары, нямоглы, інвалід ці дзіця — могуць і з жыццём развітацца.

У пчарзе, дзе галоўнае шчыльна трымацца бліжняга, каб цябе раптам не выціснулі, цяжка зразумець, хто прыехаў за пакупкамі ў Забалацце, а хто збіраецца ехаць далей, скажам, у Ковель, Львоў і інш. Спяшаюцца ж і мітусяцца ўсе. Некалькі чалавек, што непадалёк ад нас, хвалююцца найбольш, бо, па іх словах, едуць у Ковель і баяцца спазніцца на цягнік, які вось-вось адпраўляецца. Адна з жанчын спрабуе папрасіць, каб прапусцілі па-за чаргой. Але ў натоўпе на яе просьбу ніхто не рэагуе. Скрып­нулі дзверы, і чарга раптам раздзяляецца на 2. Самыя смелыя прыладкоўваюцца ля другіх дзвярэй будкі пагранічнага і мытнага кантролю ў разліку на тое, што ім усё ж удасца хутчэй за іншых прарвацца на той бок. Гэты прыклад заражае, і смелых у другой чарзе становіцца ўсё больш і больш. Але дзе там! Малады здаравяк, якому ледзь-ледзь удалося адчыніць дзверы, тлумачыць, маўляў, кантроль яшчэ адным пагранічнікам ажыццяўляцца не будзе: “завіс” камп’ютар. Натоўп зноў штурмуе першыя дзверы.

Такая сітуацыя на руку ўкраін­скім сілавікам. Яны адкрыта пра­паноўваюць сваю паслугу — “зялёнае святло” — (пазачарговы кантроль) за грошы. Колькі такая паслуга каштуе? 50 тысяч беларускіх рублёў. Смелыя, хоць і нямнога, але ўсё ж знаходзяцца. Доля ж большасці — не зяваць, быць увесь час напагатове, каб цябе раптам не выціснулі з чаргі.
Прайшоўшы за гадзіну-паў­та­ры пагранічны кантроль, ад­ра­зу трапляеш у акружэнне ўкраінс­кіх валютчыкаў. Кожны з іх прапаноўвае абмяняць грошы, прычым па самым выгадным курсе. Ахвотней мяняюць даляры. Абмяняць беларускія можна, але не па такой выйгрышнай ца­не, як амерыканскую валюту. Атрымаўшы на рукі наяўныя чужыя-свае ”грыўні”, — хутчэй на рынак.

Да цягніка, што будзе адпраў­ляцца на Брэст у 13 гадзін, застаецца зусім мала часу, таму па рынку, можна сказаць, проста бегаеш. Тут таксама свае законы: калі прыязджае цягнік з беларускімі пакупнікамі, цэны на тавары ўкраінскія гандляры прапаноўваюць адны, калі апошні з беларусаў пакідае рынак, тавары можна купіць зусім па іншых цэнах, ніжэйшых.
Чакаць няма калі. Імкліва пера­ходзіш ад адных гандляроў да другіх, купляеш тавары па той цане, што прапаноўваюць. Каб купіць самае хадавое, скажам, свежую гародніну, садавіну ці спіртное, трэба зноў жа пастаяць у чарзе. Зрэшты, многія з тавараў прапаноўваюць амаль паўсюдна. Да прыкладу, спіртное. Танныя каньякі, віно, гарэлку розных назваў можна купіць на кожным кроку. Набываць іх, праўда, асмельваюцца толькі адзінкі, бо няма гарантыі, што таннае — якаснае. І невядома, дзе і якім чынам яго выраблялі.
Не ажыятажны попыт цяпер ужо і на цукеркі, хаця адна з заўсёдніц (сама ў гэтым прызналася, бо пастаянна бывае на рынку, купляе тут тавары і перапрадае) расказвала, што раней трэба было амаль гадзіну прастаяць, каб дачакацца сваёй чаргі і купіць цукеркі. Відаць, большасць з беларускіх пакупнікоў, хто не раз затарваўся ўкраінскімі ласункамі, пераканаліся ўжо: што “рашэ­наўскае” дабро нават побач не ляжала з на­шымі цукеркамі ад “Камунаркі” ці “Спар­та­ка”.

І пўсё ж кожны, хто, праўшоўшы праз мноства нязручнасцей, пакут і непрыемнасцей, трапіў на рынак ва ўкраінскае Забалацце, з пустымі сумкамі назад не едзе. Тыя, хто на розніцы цэн выручае сямейны бюджэт, затарваюцца па поўнай праграме. І вязуць не адну ці дзве сумкі, а цэлыя баулы. Распазнаць іх, хто стаў ужо “сваім” для ўкраінскіх пагранічнікаў і мытнікаў, няцяжка. Для такіх гарыць “зялёнае святло”. Пераважная большасць, каб паспець на бліжэйшы цягнік, за 1,5-2 гадзіны выстройваюцца ў чаргу. Загадзя не займеш — можаш застацца ў Забалацці. Прычым, з начлегам.

Блуканне па пакутах паўта­раецца і па дарозе дамоў, асабліва, калі ты зноў не аказаўся ў ліку тых шчасліўчыкаў, каму дасталася месца, каб сесці. Стаяць на адной назе больш чым дзве гадзіны ў перапоўненым людзьмі і сумкамі душным вагоне — цэлая бяда. Выратоўвае тое, што ў Хаціславе, выйшаўшы на праверку дакументаў, хоць некалькі хвілін падыхаеш свежым паветрам. Але да Хаціслава трэба яшчэ даехаць. Надакучлівая мітусня пачынаецца адразу, калі цягнік дае гудок і адпраўляецца з Забалацця. Пераступаючы праз мноства сумак і баулаў, заўсёднікі размяркоўваюць тавар, каб яго законна правезці праз нашу мытню. “Лезуць” у вочы і з лішнім спіртным, і з арэхамі, і з вясельнымі сукенкамі, і з многім іншым таварам, які, што б там ні было, павінен ”пераехаць” нашу граніцу. Жадаючых “зрабіць добрае” колішнім спекулянтам не надта шмат. Хаця знаходзяцца. Як-ніяк, а тыя, хто на перапродажы зарабляе, даюць за паслугу ўзнагароджанне — 20 грыўняў.

Больш таго, да сваёй звыклай работы прыступаюць так званыя цягніковыя гандляры. Яны зноў жа прапаноўваюць многія з тавараў, толькі не па забалацкай, а па сваёй цане.
— Вадзічка, ”касічка”, шкарпэткі, пакеты, марожанае, перац, лаўровы ліст, насенне сланечніка, туалетная папера, — гучна аб’яўляе аб пераліку тавараў, што можна ў яе набыць, жанчына, якую бачылі ў цягніку па дарозе на Забалацце. Нехта з пасажыраў, хто не паспеў купіць патрэбнае, дакупляе яго, разлічваючыся ўжо роднымі беларускімі.
Патокам ідуць іншыя гандляры. У іх свой тавар, які зноў жа знаходзіць пэўнага пакупніка. І так бясконца.
Стаіш з 3-ма кілаграмамі таматаў, сціснуўшы зубы, і думаеш: і чаго паехаў? Выматаць нервы і страціць маральныя сілы? Але ж нервы, як гавораць, не аднаўляюцца. А маральныя сілы так патрэбны кожнаму з нас у паўсядзённым жыцці.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано ГЧ № 44 от 11.06.16г.

 

ШОПІНГ ПА — ўКРАІНСКУ,: 1 комментарий

  • 02.07.2016 в 5:52 пп
    Permalink

    сочувствую

Добавить комментарий


на сайте www.booker.in.ua

лучшие китайские магазины

https://cialis-viagra.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!