Перспектыўны Цэнтр

Аўтамабільны рынак краіны з году ў год пашыраецца. Каб на якасным узроўні яго абслугоўваць, патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць навейшымі тэхналогіямі дыягностыкі і абслугоўвання аўтамабіля. Практычна ў любым аўто складаная апаратура вытворчасці канцэрна Bosch. Нават сучасная сельскагаспадарчая тэхніка начынена дэталямі гэтай кампаніі. Таму рашэнне ААТ “ЭбісКом” адкрыць у Маларыце кансультатыўны тэхнічны Цэнтр спецыялістаў станцый тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіля і машынна-трактарных станцый падтрымалі як раённая ўлада, так і прадстаўніцтва Robert Bosch AG у Беларусі, якое знаходзіцца ў Мінску.

На першы аглядны семінар у кан­суль­та­тыўны тэхнічны Цэнтр былі запрошаны студэнты і педагогі Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Удзел у ім прыняла і спецыяліст прадстаўніцтва Robert Bosch AG у Беларусі Наталля Гаршкова. На працягу дня ўдзельнікі семінара змаглі атрымаць як тэарэтычныя веды, так і на практыцы ўбачыць работу дыягнастычнага абсталявання, сучасных сканераў, матор-тэстара, вызначыцца з дысцыплінамі, якія б ім было цікава вывучаць больш дасканала. Увогуле, як расказаў выкладчык Цэнтра Ігар Міхалеўскі, планаў і накірункаў, у якіх будзе развівацца Цэнтр, шмат. Перш за ўсё, вучэбны накірунак. Галоўная мэта – даць базу неабходных ведаў спецыялістам для работы ў вобласці сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання, на аўтатранспартных і сервісных прадпрыемствах. У планах “ЭбісКом” арга­нізаваць веб-студыю, каб кансультаванне ў складаных у дыягностыцы выпадках было магчымым праз інтэрнэт. Ёсць думкі стварыць на базе Цэнтра хуткую тэхнічную дапамогу. Бо далёка не кожная станцыя тэхнічнага абслугоўвання валодае шырокім дыяпазонам мультыбрэндавых сканераў, якія ёсць у вытворчай лінейцы Bosch.
Што датычыцца навучальнага накірунку, дык у планах прадпрыемства на справе даказаць прадстаўніцву Robert Bosch AG у Беларусі сваю практычную значнасць. Калі карысць стане відавочнай, на базе рэ­гія­нальнага вучэбнага Цэнтра ў Маларыце змогуць праходзіць цэнтральныя трэнінгі Bosch. Слухачамі вучэбнага Цэнтра стануць не толькі спецыялісты з Брэсцкай, Гро­дзенскай абласцей. Аддзяленне будзе цікавым і для бліжэйшых суседзяў са Смаленскай і Бранскай абласцей. Ва ўзаемадзеянні з прадстаўніцтвам Robert Bosch AG у Беларусі, Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Маларыцкім дзяр­жаў­ным прафесійным ліцэем сельскагаспадарчай вытворчасці будзе магчымасць праводзіць кваліфікацыйныя мерапрыемствы. А па заканчэнні навучання выдаваць сертыфікаты.
— На бліжэйшы год мы плануем фар­міра­ваць невялікія групы па 10-12 чалавек, якія будуць атрымліваць веды па такіх накірунках, як сістэмы бензінавага ўпрыску, бартавой камунікацыі, камфорт-электроніка, сістэмная дыягностыка дызельнага ўпрыску. У рамках факультатыўных дысцыплін, якія цікава развіваць з навуковай пазіцыі, будуць разглядацца пытанні альтэрнатыўных паліўных сістэм, прывадаў газабалоннага абсталявання, устройства гібрыдаў і электрамабіляў — усё тое, што ў хуткім будучым з’явіцца на рынку, — гаворыць выкладчык кансультатыўнага тэхнічнага Цэнтра Ігар Міхалеўскі.
Адна з ідэй арганізатараў прадпрыемства — стварыць на базе Цэнтра маладзёжны клуб “Тэхна поле”, дзе б маглі займацца, рабіць свой уклад у навуку таленавітыя, захопленыя тэхнікай маладыя людзі.
Ідэя адкрыць Цэнтр належыць менавіта Ігару Уладзіміравічу, які сам родам з Маларытчыны. Ён ужо 14 гадоў з’яўляецца спе­цыялістам маскоўскага прадстаўніцтва Bosch. Як сертыфікаваны ў Германіі педагог, Ігар Міхалеўскі займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў, у тым ліку, у вучэбным Цэнтры Bosch у Мінску. Разумеючы прынцып, што любую справу лепш ведаць знутры, нягледзячы на наяўнасць дыпломаў аб вышэйшай адукацыі дзвюх навучальных устаноў, Ігар Уладзіміравіч вырашыў папрактыкавацца на аўтасэрвісе, куды прыйшоў простым памочнікам механіка. Два гады ён працаваў у аўтатранспартным сэрвісна-рамонтным прадпрыемстве. Гэты вопыт, як адзначаў ён у час уводнай лекцыі семінара, дапамог яму назіраць працэсы, якія добра засвоіў у тэорыі, зрабіць пэўныя жыццёвыя высновы. Таму прысутным раіў па магчымасці паступова рухацца па ступенях, не пра­мі­наючы этап простага работніка на прадпрыемстве. А сам Ігар Уладзіміравіч са сфарміраванымі практычнымі навыкамі закончыў яшчэ і аспірантуру. А цяпер, калі ўжо ёсць вялікі працоўны вопыт і веды, яму хочацца іх перадаваць, ва ўзаемадзеянні з навучальнымі ўстановамі паляпшаць якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, уно­сіць свой уклад у развіццё тэхна­логій, за якімі будучыня. У гэтым яго падтрымаў брат — Яўген Міхалеўскі. Ён і ўзяў на сябе многія арганізацыйныя пытанні.
На думку дырэктара ААТ “Эбіс­Ком” Віктара Чаркеса, значнасць Цэнтра ў тым, што Брэстчына атрымала магчымасць з першых вуснаў атрымліваць спе­цыфічныя навыкі ад сертыфікаванага за мя­жой спецыяліста. Для гэтага многія адпраўляюцца ў іншыя краі­ны. Шырокія магчымасці ўзаемадзеяння адкрываюцца і для ўстаноў прафтэхадукацыі, універсітэтаў, для якіх Цэнтр можа стаць добрай базай для адпрацоўкі тэорыі на практыцы.
Прадстаўнікі Брэсцкага дзяр­жаўнага тэхнічнага ўні­версітэта выказалі сваю за­цікаўленасць у супрацоўніцтве з кансуль­татыўным Цэнтрам. Ва ўніверсітэце право­дзіцца навучанне па дзвюх спецыяльнасцях, звязаных з аўтатранспартам. Гэ­та “тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіля” і “аўтасэрвіс”. Студэнты, якія вучацца па гэ­тых спецыяльнасцях, і прысутнічалі на се­мінары. Нягледзячы на тое, што ва ўніверсітэце ство­рана нядрэнная тэхнічная база, сучаснае абсталяванне кампаніі Bosch, якое ёсць у Цэнтры, дапаможа студэнтам наблізіцца да рэальных працоўных умоў і быць канкурэнтаздольнымі спецыялістамі.
Прайсці навучанне ў Цэнтры можа кожны, хто пажадае — як спецыялісты станцый тэхнічнага абслугоўвання, так і звычайныя людзі, якія ў перспектыве бачаць сябе ра­ботнікамі сферы дыяг­ностыкі і рамонту аўта­мабіляў.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: у час семінара ў кан­суль­татыўным тэхнічным Цэнтры спецыялістаў СТАА і МТС.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 45 от 15.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://jaamboo.com.ua

https://tokyozakka.com.ua

читать далее