Маларытчанін… з Кнігі рэкордаў Гінеса

13 чэрвеня ўраджэнец Маларыты славуты спартсмен  Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна Леанід Аркадзьевіч  Тараненка  адзначыў  свой  юбілей

Леанід Аркадзьевіч Тараненка нарадзіўся 13 чэрвеня 1956г. у Маларыце. Ён — чэмпіён Гульняў ХХII Алімпіяды ў Маскве (СССР) 1980г. у першай цяжкай вазе, сярэбраны прызёр Гульняў ХХIV Алімпіяды ў Барселоне (Іспанія) 1992 г. у другой цяжкай вазе, чэмпіён свету 1980 г. у першай цяжкай і 1990 г. у другой цяжкай вазе. Леанід Аркадзьевіч — чэмпіён Еўропы 1980г. у першай і трохразовы чэмпіён у другой цяжкай вазе — 1988, 1991-1992гг. Акрамя таго, Леанід Тараненка — двухразовы чэмпіён Спартакіяды народаў СССР — 1979, 1983гг., пераможца турніру “Дружба-84”. На рахунку Леаніда Аркадзьевіча Тараненкі — 19 сусветных рэкордаў у першай і другой цяжкай вазе, прычым два з іх — 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і — занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. Леанід Тараненка — заслужаны майстар спорту СССР (1980), узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў і Працоўнага Чырвонага Сцяга. А распазнаў спартыўны талент у Леаніда яго першы трэнер Пётр Сацюк.
…У Маларыце Леанід быў нарасхват. Падлетка цікавіла лёгкая атлетыка, барацьба вольная і класічная, самба… Але перацягнуў яго Пётр Паўлавіч Сацюк — першаразраднік па штанзе, які арганізаваў секцыю па гэтаму віду спорту ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе райцэнтра. Заняткі спадабаліся юнаку, але ў Лёні нечакана памёр бацька. На руках у маці засталося трое дзяцей. Трэба было ўлівацца ў дарослае мужчынскае жыццё. Скончыўшы школу, будучы чэмпіён асвоіў спецыяльнасць фрэзероўшчыка. Але да радасці трэнера штангу не кінуў. Аднак трэба было вырашаць, што далей рабіць?
-Не, пра рэкорды і перамогі ў юныя гады не марыў, — успамінае Леанід Аркадзьевіч. — Я спаў і бачыў сябе лётчыкам. Таму паступаў у Чарнігаўскае ваеннае вучылішча, але не прайшоў па стане здароўя. Падвялі калені. Справа ў тым, што ў дзяцінстве я вельмі любіў гуляць у хакей, часта падаў на лёд, і ад гэтых удараў на каленях з’явіліся касцяныя нарасты, якія на вялікай вышыні моцна баляць. Вось мяне і забракавалі ў вучылішчы.
Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскагас-падарчай механізацыі, атрымаўшы спецыяльнасць “Інжынер-механік”, Леанід Тараненка пачаў выступаць за Мінскае добраахвотнае спартыўнае таварыста “Ураджай”. Рашучы паварот у лёсе юнака быў зроблены 18 лютага 1974г. Тады Леанід Тараненка ўдзельнічаў у рэспубліканскім першынстве добраахвотнага спартыўнага таварыства “Ураджай”. Спаборніцтвы праходзілі ў Барысаве. Тут яго і заўважыў Іван Лагвіновіч — трэнер на грамадскіх пачатках з НДІ МЭСХ Нечарназемнай зоны, кандыдат тэхнічных навук. Леаніда Тараненку называюць у ліку першых, калі гаворка заходзіць пра новыя імёны, якія адкрыты савецкаму спорту на VII летняй спартакіядзе народаў СССР. Да гэтых спаборніцтваў, акрамя спецыялістаў, яго мала хто ведаў, ды і вынікі, якія ён паказваў, былі звычайныя: самы вялікі поспех — ІІІ месца на першынстве краіны 1977г. Потым Леанід Тараненка ў першай цяжкай вагавой катэгорыі (тады 110 кг) штурхнуў 213 кг і дабраў у суме 380 кг. А гэта — новыя рэкорды рэспублікі.
Праляцеў яшчэ год напружанай працы. Беларускі волат на чэмпіянаце Савецкага Саюза ў Кіеве зафіксаваў у другім руху 222,5 кг. Тым не менш яго выступленне засталося незаўважаным: Леанід не прабіўся ў лік прызёраў.
У 1979 і 1983 гадах Тараненка двойчы атрымлівае перамогі на ўсесаюзных спартакіядах. Вясной 1980г. Леанід на першынстве Еўропы ўстанаўлівае свае першыя сусветныя рэкорды. “Зорны час” наступіў у кар’еры Леаніда Тараненкі ў васьмідзясятым годзе. Ён перамог на ўсіх трох галоўных першынствах планеты — на сусветным і еўрапейскім чэмпіянатах, а таксама на маскоўскай Алімпіядзе 1980г. Выступаючы ў вагавой катэгорыі да 110 кілаграмаў, прадстаўнік Савецкага Саюза ўстанавіў на памосце два сусветныя рэкорды. У штуршку ён узяў вагу ў дзвесце сорак кілаграмаў, а ў дваябор’і — чатырыста дваццаць два з паловай кілаграмы.
Пасля маскоўскай Алімпіяды-80 Леанід Тараненка не змог прыняць удзел у чэмпіянаце свету 1982г., які праходзіў у Маскве з-за раптоўнай цяжкай хваробы. Але пасля некалькіх складаных аперацый яму ўдалося вярнуцца да трэніровак. У 1984г. ён выйграе міжнародны турнір “Дружба”. Праз чатыры гады становіцца ўладальнікам тытула чэмпіёна Еўропы ў цяжкай вагавой катэгорыі, а ў 1985г. заваёўвае сусветны чэмпіёнскі тытул. Два перадалімпійскія гады запар, у 1991-1992, Леанід Тараненка становіцца чэмпіёнам Еўропы. На Алімпійскіх гульнях 1992г., якія праходзілі ў Барселоне, Леанід Тараненка выйграў сярэбраны медаль у другой вагавой катэгорыі. У 1996г. ва ўзросце 40 гадоў выйграў чэмпіянат Еўропы, але не здолеў прабрацца ў выніку на Алімпійскія гульні ў Атланце. Пасля Алімпіяды 1996г. Леанiд Тараненка як спартсмен развітаўся з цяжкай атлетыкай. Пасля заканчэння кар’е­ры трэніраваў зборную Індыі па цяжкай атлетыцы.
Зараз Леанід Тараненка — дырэктар прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў г.Мінск, на грамадскіх пачатках узначальвае рэспубліканскую федэрацыю асілкаў-“стонгмэнаў”.
Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Леанід Тараненка.

Опубликовано ГЧ № 45 от 15.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.