Экзатычны аазіс на вуліцы Савецкай

Каб бачыць штодня экзатычны аазіс, жыхарам дома № 87 па вуліцы Савецкай у горадзе зусім не абавязкова ехаць у спякотныя краіны. Палюбавацца пальмамі і іншай прыгажосцю яны могуць нават з акна сваёй кватэры. А ўсё таму, што ў іх доме знайшоўся неабыякавы, працавіты і апантаны прыгажосцю чалавек – Ніна Федарук. Менавіта яе ўмелыя рукі звычайныя пластыкавыя бутэлькі – матэрыял, які мы прывыклі выкідваць як непатрэбны, ператварылі ў пальмы, макі, цюльпаны, рамонкі і іншыя кветкі. І ўсе гэтыя штучныя “расліны” дапоўнілі кветкавы рай на клумбах, якія ўпрыгожваюць дом амаль з усіх бакоў.

Ніна Аляксееўна прызнаецца, што кветкі палюбіла яшчэ ў дзяцінстве. У двары ля вясковага дома заўжды было іх шмат і душа дзяўчынкі цягнулася да прыгажосці.
— Неяк нам, вучням пачатковых класаў, настаўніца задала пісаць сачыненне на вольную тэму. І я на некалькі лістоў расцягнула свае разважанні аб тым, як кветкі ўпрыгожваюць наш свет. Вядома, напісала не ўсё складна, нарабіла шмат памылак, але мне так хацелася перадаць свае пачуцці, сваё захапленне кветкамі, – успамінае Ніна Федарук.
І сёння ў двары бацькоўскага дома ў вёсцы Добрасава, дзе ўжо ніхто не жыве, шмат кветак. Іх садзіць Ніна Аляксееўна, каб двор быў прывабным. Шмат кветак, нават больш, заўважае гаспадыня, чым градак з гароднінай, і на дачы Федарукоў.
— Але на дачу прыехаў, пабыў некаторы час і паехаў. І ўжо той прыгажосці, што стварыў сваімі рукамі, не бачыш. А ў двары можаш і ранкам выйсці, і днём, і ў вечары. Ды і прахожыя міма дома ідуць і любуюцца, мы ж можна сказаць, у цэнтры горада жывем. Усім падабаецца, таму і на душы прыемна, — разважае Ніна Аляксееўна.
Думкі зрабіць свой двор прыгожым куточкам у жыхароў дома нумар 87 па вуліцы Савецкай з’явіліся, калі перад абласнымі “Дажынкамі”, якія ў 2010 годзе былі арганізаваны ў Маларыце, у доме быў зроблены рамонт фасада. Як толькі тэрыторыю двара ачысцілі ад куч смецця, Ніна Аляксееўна патэлефанавала работнікам прадпрыемства камунальнай гаспадаркі, каб падвезлі добрую глебу. Спачатку мала хто верыў, што ля дома з’явяцца прыгожыя клумбы. Тон работы задала Ніна Федарук. Яна першая ўскапала “цаліну” з тыльнага боку дома, каб не толькі ля пад’ездаў, а амаль па ўсім перыметры дома былі клумбы, раслі кветкі. Пабачыўшы, што сапраўды ля дома становіцца значна ўтульней, да работы далучыліся і іншыя жыхары шматпавярхоўкі.
— Так, многія клумбы – гэта справа маіх рук. Але ж нельга сказаць, што толькі я займалася добраўпарадкаваннем. Стараліся і Ганна Петрына, і Ніна Надзяжук, і Тамара Коцелева, і Вера Галавей, і іншыя, — не прамінае ўспомніць добрыя справы сваіх суседзяў па дому Ніна Федарук.
Але від таго ўчастка двара, на якім “гас-падарыць” (у тым сэнсе, што абуладкоўвае, садзіць дрэвы, кветкі, праполвае іх, штодня палівае, упрыгожвае рознымі дэкаратыўнымі формамі) сама Ніна Аляксееўна, можна смела назваць самым арыгінальным. І галоўную адметнасць ландшафтнаму дызайну тут надаюць яркія пальмы з пластыкавых бутэлек. Такія арыгінальныя экзатычныя “дрэвы” пабачыла Ніна Аляксееўна на адным з суседніх дачных участкаў. Ёй захацелася змясціць такую прыгажосць і на сваёй дачы. Цяжка было зрабіць, прызнаецца, першае “дрэва”. А потым ужо вучылася на сваіх памылках. Тое, што сабраць з разрэзаных на тонкія палоскі бутэлек выраб вышынёй амаль у два метры — справа няпростая, і гаварыць, напэўна, лішняе. Тым больш, што на адзін выраб ідзе каля 250 бутэлек, якія трэба спецыяльна падрыхтаваць для нанізвання на дрот. Але саму творчую работу майстар лічыць захапляючай і зусім не цяжкай.
— Самае складанае – гэта адшукаць і трывала ўсталяваць трубу для ствала, прыварыць да яе дрот для галінак. Без усяго гэтага пальма не атрымаецца, – адзначае Ніна Аляксееўна.
У гэтай няпростай справе яе галоўны памочнік муж Васіль. Яго ўдзел ёсць у кожным “дрэве”. А іх рукамі Ніны Федарук выраблена ўжо больш за дзесяць. Сем экзатычных пластыкавых прыгажунь размясціліся ў двары шматпавярхоўкі. Вядома, яны прыцягваюць увагу ўсіх. Таму Ніне Аляксееўне не раз ужо даводзілася праводзіць майстар-класы для тых людзей, хто і сам жадае стварыць сваімі рукамі такое хараство. Самой жа ёй хочацца кожны год дабавіць у дызайн дваровай тэрыторыі нешта новае. Напрыклад, цюльпаны, рамонкі, званочкі. Матэрыял для ўсяго гэтага, можна сказаць, валяецца пад нагамі. Варта толькі не паленавацца і забраць.
Зробленыя з пластыку кветкі, вядома, гарманічна дапаўняюць агульны малюнак клумб. Зімою, на фоне снегу, яны – сапраўднае ўпрыгожанне тэрыторыі вакол дома. А з вясны да восені галоўны каларыт клумбам надаюць, вядома, жывыя кветкі. А растуць тут у дружным суседстве прымулы, цюльпаны, ірысы, гладыёлусы, хосты, астры, цыніі і яшчэ з дзясятак іншых відаў кветак. А таму круглы год у двары пануе прыгажосць. Праўда, каб захаваць хараство, даводзіцца шмат папрацаваць. Апошнія гады лета было спякотным і без дажджоў, а таму кожны вечар трэба было знайсці час, каб паліць расліны.
— Калі я іду па вуліцы і бачу, што ля дамоў замест клумб зелянее пустазелле, аж крыўдна становіцца за людзей, якія тут жывуць. Можна ж навесці парадак, пасадзіць кветкі і тады ўсім захочацца дадаць да гэтай прыгажосці нешта сваё. А калі б ля кожнага дома было ўтульна, калі б кожны прымяніў сваю фантазію, уявіце, якім бы чароўным, яшчэ больш добраўпарадкаваным стаў бы наш горад, – разважае Ніна Аляксееўна.
Сама яна шчыра радуецца, калі чуе ад прахожых, што двор, у якім яна жыве, мабыць, лепшы ў горадзе. І ўпэўнена: прыгажосць выхоўвае ўсе самыя лепшыя пачуцці. Бо там, дзе прыгожа і чыста, нават той, хто не прыкладае руку да стварэння прыгажосці, стараецца таксама падтрымліваць парадак. А значыць, выхоўваецца культура.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: маларытчанка Ніна Федарук у сваім экзатычным куточку двара.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 45 от 15.06.16 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.