Спартыўны архіў

У маі і чэрвені 1968 г. на Маларытчыне праводзіліся спаборніцтвы па футболе на Кубак раённай газеты “Сельскае жыццё”. У іх прыняло ўдзел 18 каманд калгасаў і прадпрыемстваў раёна. Гульні праходзілі па алімпійскай сістэме на футбольных палях каманд, якія ў схеме розыгрышу былі ўказаны першымі: “Зара” — “Перамога”, “1 мая” — “Дружба”, “40 гадоў БССР” – “Бальшавік”, “Запаветы Леніна” – “Новы шлях”, імя Кірава – “Чырвоны партызан”, імя ХХІІ з’езда КПСС – “Шлях да камунізму”, імя Крупскай – “17 Верасня”, гароднінасушыльны завод – СПТВ-11, “Радзіма” – “Сельгастэхніка”. 22 чэрвеня 1968г. на стадыёне райцэнтра была праведзена фінальная гульня. Перамогу атрымала каманда гароднінасушыльнага завода, якая з лікам 6:2 абыграла футбалістаў з калгаса імя Кірава. На трэцім месцы апынулася каманда з калгаса “Зара”.
У маі 1968 г. упершыню на Маларытчыне прайшлі спаборніцтвы па веласіпеднаму спорту на прыз Героя Савецкага Саюза Васіля Газіна, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны на граніцы Маларыцкага і Ратнаўскага раёнаў паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Ініцыятарамі правядзення гэтага спаборніцтва выступіла бюро Маларыцкага РК ЛКСМБ і раённы савет ДСТ “Ураджай”. На аўтамагістралі Маларыта-Кобрын на старт выйшла больш за 40 удзельнікаў. У жанчын на дыстанцыі 10 кіламетраў лепшай стала Галіна Юхімук з калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС, паказаўшы вынік 20 хвілін 15 секунд. Сярод мужчын на дыстанцыі 20 кіламетраў першым фінішаваў Іван Селяшчук з вынікам 28 хвілін 55 секунд (калгас імя ХХІІ з’езда КПСС).
На здымку: спаборніцтвы па веласпорце сярод юнакоў і дзяўчат 1998-1999 гадоў нараджэння ў рамках VІІІ рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў (жнівень 2013г.).

М. Наумчік.

Опубликовано ГЧ № 45 от 15.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.