…А за буі не заплывай

Купальны сезон стартаваў. І хоць цёплае надвор’е яшчэ чаргуецца з часовымі пахаладаннямі, на пляжах горада і раёна ўжо нямала тых, хто не супраць акунуцца ў ваду, атрымаць порцыю летняга загару. На Маларытчыне арганізаваны 3 зоны адпачынку: на Олтушскім і Лукаўскім азёрах і на вадаёме ў гарадскім парку, дзе ўжо больш за 15 гадоў працуе сезонны выратавальны пост. Аб карысці яго і эфектыўнасці ў прафілактыцы няшчасных выпадкаў гаворыць такі факт: за час існавання паста на вадаёме не здарылася ніводнага няшчаснага выпадку.

З першых дзён заснавання паста кожны летні сезон тут працуе матросам-выратавальнікам Уладзімір Алесік. Разам з ім робіць адпачынак людзей бяспечным яшчэ адзін матрос-выратавальнік — Дзмітрый Раманюк. Старшы паста — старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавальнікаў на водах Алена Сіжук. Такім невялікім калектывам яны нясуць службу штодня з ранку да заходу сонца, пачынаючы з 1 мая.
На пасту працуюць прафесіяналы, якія штогод перад пачаткам сезона праходзяць спецыяльную атэстацыю. Так званыя экзамены з’яўляюцца неад’емнай часткай працы лю-дзей, якія ў лічаныя секунды, калі спатрэбіцца, павінны аказаць дапамогу чалавеку. Матрос-выратавальнік павінен ўмець добра плаваць, ныраць, мець навыкі выратавання людзей, якія топяцца, спрытна кіраваць шлюпкай і многае іншае. Таму сярод абавязковых дысцыплін, экзамены па якіх даводзіцца здаваць матросам-выратавальнікам, – плаванне і грэбля на шлюпцы, выратаванне тапельцаў і аказанне першай дапамогі. Акрамя таго, спецыялісты прайшлі пры цэнтральнай раённай бальніцы курсы па аказанні першай медыцынскай дапамогі.
Увогуле, як паведаміла старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавальнікаў на водах Алена Сіжук, работа па падрыхтоўцы да купальнага сезона пачалася задоўга да яго. Праведзена абследаванне дна вадаёмаў, ачышчаны акваторыі пляжаў. Праводзілася актыўная работа ў працоўных калектывах, навучальных установах па прафілактыцы няшчасных выпадкаў на вадзе.
— Нягледзячы на тое, што ўсім знаёмы правілы бяспечных паводзін на вадзе і каля яе, многія людзі іх парушаюць і гэтым падвяргаюць небяспецы жыццё і здароўе не толькі сваё, але і сваіх дзяцей, — расказвае Уладзімір Алесік, матрос-выратавальнік са стажам. — Дарослыя паказваюць дрэнны прыклад дзецям — купаюцца ў стане алкагольнага ап’янення, плаваюць на камерах і матрацах. Але ж яшчэ больш актуальная праблема – гэта дзеці, якія прыходзяць на вадаёмы без дарослых. Іх у ваду мы не дапускаем. Даводзіцца шукаць бацькоў. Самае крыўднае, што большасць дарослых не лічаць небяспечным тое, што маленькія дзеці знаходзяцца на пляжы без нагляду.
А выпадкаў са сваёй практыкі, калі менавіта недагляд бацькоў мог бы прывесці да тра­гедыі, Уладзімір Сцяпанавіч прывёў шмат. Распаўсюджаная сітуацыя, калі бацькі загараюць непадалёк ад вадаёма і дазваляюць дзецям самастойна лезці ў ваду, не звяртаючы на іх увагі. Дзякуючы пільнасці і своечасоваму рэагаванню выратавальнікаў на вадзе, а таксама людзей, якія адпачывалі побач, бяды не здарылася.
Месца адпачынку ў парку падзяляецца на некалькі зон. Ёсць агароджа для маленькіх дзяцей, зона, дзе могуць плаваць дзеці сярэдняга ўзросту. А таксама выстаўлены буі, заплываць за якія нельга і дарослым. Але тое, што пад забаронай, заўсёды выклікае цікаўнасць і жаданне праверыць свае сілы. Таму не раз за змену матросам-выратавальнікам даводзіцца папярэджваць аб тым, што нельга заплываць за агароджы пляжу. Дзяцей, якія не ўмеюць плаваць, Уладзімір Алесік абучае плаванню. За сезон, па словах матроса, з нуля авалодваюць гэтым уменнем 4-5 дзяцей.
У распараджэнні матросаў-выратаваль­нікаў паста — шлюпка, канец Аляксандрава, камізэлькі, кругі, маскі, ласты. Адным сло­вам, усё неабходнае для выратавання на вадзе. Побач з пляжам ёсць стэнды з інфармацыяй аб правілах паводзін на вадзе і парадамі для тых, хто адпачывае ля вадаёма. Уладзімір Сцяпанавіч падкрэслівае, што выратавальнікі знаходзяцца на пасту, пакуль бераг не пакіне апошні з адпачываючых.
Купальны сезон доўжыцца да сярэдзіны верасня, а калі надвор’е цёплае, то і да пачатку кастрычніка. У гэты час выратавальнікі будуць рабіць усё магчымае, каб жыхары і госці Маларыты маглі спакойна адпачываць і купацца, каб радасць ад зносін з прыродай не азмрочылі няшчасныя выпадкі на вадзе.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: матрос-выратавальнік Уладзімір Алесік.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 45 от  15.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


узнать больше biceps-ua.com

np.com.ua

ac-sodan.info