Яго прафесія – Міласэрнасць

     Калі чалавек здаровы, яму хочацца працаваць і адпачываць, яго напаўняюць ідэі, у яго ёсць сілы і жыццёвая энергія, каб іх рэалізаваць. Калі ж находзяць хмары хваробы, ёсць толькі адзінае жаданне – хутчэй паправіцца. Дапамагаюць нам у гэтым медыцынскія работнікі. Сярод іх шмат тых, для каго рабіць дабро людзям – не проста прафесійны  абавязак, але і сапраўднае прызванне.

За сваіх маленькіх па­цыен­таў усім сэрцам хва­­люецца загадчык педыят­рычнага ад­дзялення рай­баль­ніцы Іван Кіцель. Быць педыятрам – гэта ад­каз­насць, узведзеная ў бяскон­цасць, бо ў рукі ўрача бацькі давяраюць самае дарагое, што ў іх ёсць. Ба­чыць радасную ўсмешку, чуць шчыры дзіцячы смех здаровага дзіцяці для доктара – крыніца натхнення і стымул удасканаль­вацца прафесійна.
Іван Васільевіч не марыў стаць урачом. Наадварот, яго вабіла царыца навук – матэматыка, захапляла фізіка. Юнак з Дарапеевіч сваю будучыню ў думках звязваў з радыётэхнічнай спецыяльнасцю. Паступаць у медыцынскі вырашыў толькі напрыканцы 10 класа. Першая спроба стаць студэнтам бюджэтнага аддзялення была няўдалай. Аднак, упарты па натуры, ён не здаўся. Пайшоў вучыц­ца на падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага дзяр­жаўнага медыцынскага ўні­версітэта. Праз 9 месяцаў навучання ён праходзіў на ўсе спецыяльнасці га­лоўнай медыцынскай ВНУ краіны. Але ж перавагу ад­даў педыятрыі. З юнацтва Іван Кіцель добра ладзіў з дзецьмі, прыглядаў за ма­лодшымі сябрамі. Сярод педыятраў не шмат мужчын, сюды ідуць толькі тыя, хто разумее, што зможа адда­ваць сваёй прафесіі не толькі час, сілы, але і душу.
Інтэрнатуру Іван Кіцель праходзіў у Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы. За гэ­ты год ён не толькі атры­­маў уяўленне аб сваёй спецыяльнасці, але і каштоўны вопыт. У сезон прастудных захворванняў бывалі дні, калі даводзілася працаваць з 8 да 22 га­дзін, выязджаць па выкліках 40-50 разоў у дзень . Пасля такой напружанай работы пер­шыя месяцы ў якасці ўчастковагаўрача-педыятра ў паліклініцы цэнтральнай рай­­бальніцы здаваліся “ціхай гаванню”. Хоць участак, на якім працаваў малады дзіцячы доктар, таксама быў немаленькім — на ім каля тысячы дзяцей. Але ж, як адзначае Іван Васільевіч, у параўнанні з пацыентамі, што жывуць у горадзе з горшай экалогіяй, шматкватэрных дамах, дзеці з прыватнага сектара хварэюць менш, бо больш загартаваныя, не настолькі “цяплічныя”. На яго думку, вялікая канцэнтрацыя бацькоўскай апекі не заўсёды прыносіць карысць для здароўя дзіцяці.
Загадчыкам педыятрыч­нага аддзялення Іван Ва­сільевіч працуе ўжо амаль 2 гады. Спецыфіка работы ў ім значна адрозніваецца ад будняў участковага ўрача. Сюды трапляюць дзеці з больш цяжкімі, шматпрофільнымі за­хвор­ваннямі. Можна назі­раць за іх станам, змяняць накі­рунак лячэння, ставіць дадатковыя дыягназы, выяў­ляць спадарожныя захворванні, якія ў час 15-хвіліннага агляду на прыёме выявіць проста немагчыма. Пошук менавіта такіх выпадкаў, калі за звычайнай прастудай хаваюцца больш сур’ёзныя хваробы, і ёсць магчымасць дапамаг­чы маленькаму дзіцяці, пры­носіць маладому ўрачу-педыятру задавальненне ад сваёй прафесіі.
— Шчыра радуюся, калі мае пацыенты папраўляюцца на 100 працэнтаў. На самой справе працаваць з дзецьмі няцяжка. Калі быць з імі амаль на роўных, стаць іх сябрам, – яны самі ўсё раскажуць. Бываюць і выпадкі, калі для таго, каб паставіць правільны дыягназ, гуляем з дзецьмі ў гульні, малюем, размаўляем. Яны становяцца даверлівымі і цалкам адкрываюцца.
Больш цяжка знаходзіць кан­­такт з бацькамі дзяцей, прос­тымі словамі растлумачыць ім, што патрабуецца, каб выле­чыць дзіця і пазбегнуць хранічных хвароб у будучым. Для гэтага трэба быць крыху псіхолагам. Па словах Івана Кіцеля, бываюць сітуацыі, калі дастаткова проста выслухаць чалавека, а галоўнае, зразумець, што яго непакоіць.
— Іван Васільевіч, якая праблема здароўя сучасных дзяцей найбольш Вас турбуе?
— Ні для каго не сакрэт, што з кожным пакаленнем дзе­ці нараджаюцца больш слабыя, а нярэдка і з паталогіямі. Гэта з-за таго, што будучыя бацькі не заўсёды вядуць здаровы лад жыцця. Курэнне, алкаголь негатыўна ўплываюць на дзетародную функцыю, асабліва ў жанчын.
Лепшым сродкам лячэння Іван Васільевіч лічыць прафілактыку. У апошні час ён актыўна вядзе пошук інфармацыі па ўздзеянні прафілактычных сродкаў на дзяцей розных узростаў. Сваімі напрацоўкамі малады доктар дзе­ліцца з бацькамі сваіх пацыентаў.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Іван Кіцель, загадчык педыятрычнага аддзялення цэнтральнай райбальніцы, заўсёды перажывае за сваіх маленькіх пацыентаў, як за родных.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 46 от 18.06.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!