З мэтай прафілактыкі

Цэнтральная раённая аптэка № 14 на працягу 4 дзён стала месцам правядзення рэспубліканскай інфармацыйнай акцыі, якая была прысвечана прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў.
-Неінфекцыйныя захворванні, — гаворыць Наталля Ганчарэнка, загадчыца аптэкі, — вядомы таксама як хранічныя хваробы, якія не перадаюцца чалавеку ад чалавека. Яны маюць вялікую працягласць і, як правіла, павольна прагрэсіруюць. Сёння ў медыцыне выдзяляюць 4 асноўныя тыпы неінфекцыйных захворванняў: сардэчна-сасудзістыя (інфаркт, інсульт), анкалагічныя, хранічныя рэспіраторныя і дыябет. Штогод ад іх у свеце памірае амаль 38 мільёнаў чалавек. Павялічвае рызыку гэтых захворванняў ужыванне тытуню, алкагольная прадукцыя, недастатковая фізічная актыўнасць і нездаровае харчаванне. Таму прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў надаецца вялікае значэнне.
У акцыі прынялі ўдзел: Ірына Губей, урач-тэрапеўт, Вольга Кавалеўская, урач-валеолаг Маларыцкай ЦРБ, а таксама Ірына Крэнь, медыцынскі прадстаўнік ТАА “Рубікон” (фармацэўтычнае прадпрыемства, г.Віцебск)… Наведвальнікі аптэкі ў перыяд правядзення акцыі маглі атрымаць кансультацыі ўрачоў, фармацэўтаў спецыялістаў аптэкі па пытаннях здаровага ладу жыцця, прафілактыцы захворванняў, прымяненні лекавых сродкаў, змераць артэрыяльны ціск, індэкс вагі цела з выдачай пашпарта здароўя, а таксама пазнаёміцца з дасягненнямі айчыннай медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці, набыць айчынныя лекі са скідкай у памеры 10%.
Акцыя выклікала цікавасць у жыхароў горада і раёна. У ёй прыняло ўдзел амаль 200 чалавек. Людзі разумеюць, што першасная прафілактыка захворванняў – гэта важна, актуальна, бо яна дапамагае выявіць хваробу на ранніх стадыях.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: у час правядзення акцыі.
Фота аўтара.

Опубликовано 22.06.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!