З УСЁЙ АДКАЗНАСЦЮ І СІСТЭМНА

неабходна праводзіць работу па арганізацыі аховы працы. На гэта нацэліў удзельнікаў чарговага Дня аховы працы кіраўнік раёна Мікалай Шум.

Каб абмеркаваць асноўныя накірункі работы ў папярэджанні вытворчага траўматызму і забеспячэнні найлепшых умоў працы, сканцэнтраваць увагу кіраўнікоў і спецыялістаў на пытаннях бяспекі, у раёне прайшоў чарговы Дзень аховы працы. Убачыць, навучыцца, каб потым прымяніць у сябе, узяўшы за аснову ўсё лепшае з работы калег, – такая задача штогод ставіцца арганізатарамі мерапрыемства – упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. На гэты раз вопытам у арганізацыі работы па ахове працы давялося дзяліцца ДзП “Радзежскае”, СВК “Гвозніца” і раённаму спажыўтаварыству. Удзел у раённым Дні аховы працы прыняў Валянцін Праватораў, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, а таксама намеснікі старшыні райвыканкама, прадстаўнікі кантрольных і наглядных органаў.
Адкрываючы мерапрыемства, старшыня райвыканкама Мікалай Шум акцэнтаваў увагу кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, спецыялістаў па ахове працы на тым, што ў працы і стварэнні неабходных умоў для яе, умацаванні працоўнай і вытворчай дысцыпліны трэба выключаць фармалізм. У наш час, калі тых, хто жадае атрымаць працоўнае месца шмат, неабходна больш патрабавальна падыходзіць да падбору кадраў. Больш таго, работу па арганізацыі аховы працы трэба праводзіць з усёй адказнасцю і сістэмна.
Аб тым, што менавіта на базе іх прад­прыемстваў пройдзе раённы Дзень аховы працы, кіраўнікі ДзП “Радзежскае”, СВК “Гвозніца” і раённага спажыўтаварыства былі папярэджаны за год да мерапрыемства. Таму быў час, каб “падцягнуць” работу ў гэтым накірунку, палепшыць умовы працы работнікаў. Кожны скарыстаўся ім па-свойму. Напрыклад, у дзяржаўным прадпрыемстве “Радзежскае” ўлічылі многія нараканні і за гэты год зрабілі значны крок у стварэнні добрых і бяспечных умоў для працы і адпачынку людзей, кантролю і навучання работнікаў. Начальнік ДзП “Радзежскае” Мікалай Якімчук расказаў удзельнікам мерапрыемства аб тэхнічным парку, аб тым, як арганізаваны перадзменны агляд работнікаў, навучанне і праверка ведаў па ахове працы. У час наведвання машыннага двара прысутныя ўбачылі добра абуладкаваны кабінет па ахове працы, пазнаёміліся з тым, як на практыцы праводзіцца тэсціраванне на наяўнасць алкаголю, наведалі рамонтную майстэрню, пабывалі ў санітарна-бытавых памяшканнях для работнікаў, пунктах тэхнічнага абслугоўвання. Мікалай Сцяпанавіч расказаў, што праверку на цвярозасць механізатары праходзяць кожны ранак, а пры неабходнасці і сярод дня. З пачатку года “алкатэст” паказаў праміле алкаголю ў 14 выпадках. Нецвярозыя работнікі не дапускаліся да выканання прафесійных абавязкаў. Пры паўторных парушэннях працоўнай дысцыпліны кіраўніцтва прадпрыемства працоўныя адносіны з работнікам спыняе. Але такіх выпадкаў сёлета не было.
Удзельнікі раённага Дня аховы працы наведалі і машынны двор у СВК “Гвозніца”. Уражанне гасцей адразу сапсавала незаасфальтаваная тэрыторыя. Але гэта не адзіная праблема сельгаспрадпрыемства. Да ідэалу ў справах аховы працы тут яшчэ далёка. Але работа па ўхіленні парушэнняў, якія былі выяўлены Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі працы, мабільнай групай па ахове працы райвыканкама, праводзіцца.
Аб’ектам райспажыўтаварыства, які па праграме было прапанавана наведаць у час Дня аховы працы, стаў сектар транспарту. Тут размова пайшла аб тым, як ажыццяўляецца кантроль за выкананнем мерапрыемстваў па ахове працы, якім чынам райспажыўтаварыства паляпшае ўмовы працы і быту, клапоціцца аб бяспецы на працоўным месцы і прафілактыцы траўматызму. Дарэчы, на аб’ектах райспажыўтаварыства з 2003 па 2015 год не было зафіксавана ніводнага выпадку траўматызму. Толькі летась вадзіцель гэтай гандлёвай арганізацыі стаў удзельнікам ДТЗ.
Перад тым, як прыступіць да тэарэтыч­най часткі, удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з выстаўкай сродкаў індывідуальнай аховы, што выпускаюць “Дзіона” і ААТ “Бяспека працы”.
Выступаючы на пленарным пасяджэнні, намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка падрабязна спыніўся на тым, якая работа праводзіцца ў раёне па стварэнні бяспечных і камфортных умоў працы. За студзень-сакавік гэтага года на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю вытворчасці арганізацыямі раёна затрачана 425 мільёнаў рублёў, на паляпшэнне ўмоў працы, зніжэнне ўздзеяння шкодных ці небяспечных вытворчых фактараў выкарыстана 899 мільёнаў. Актыўна выяўляе парушэнні мабільная група па ахове працы, якая створана пры райвыканкаме. У 44 арганізацыях зафіксаваны 453 парушэнні. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб працы прыцягнута 16 службовых і 9 юрыдычных асоб . Яны аштрафаваны на 17,8 і 9,3 мільёна рублёў адпаведна. Сёлета не было ніводнай траўмы на вытворчасці. Аналізуючы прычыны траўматызму на працоўным месцы за апошнія 5 гадоў, Эдуард Пятровіч адзначыў, што пазбегнуць іх у далейшай дзейнасці можна, калі прымяняць у рабоце прагрэсіўныя метады кантролю, прафілактыкі і навучання.
Да ўдзельнікаў пасяджэння таксама звярнуліся галоўны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Кляцко, намеснік начальніка райаддзела ўнутраных спраў Дзяніс Лебедзеў і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач.
Начальнік абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Валянцін Праватораў, падводзячы вынікі раённага Дня аховы працы, адзначыў, што пры аналізе парушэнняў, якія выяўляюцца, відавочна, што толькі 1/3 іх патрабуе вялікіх матэрыяльных затрат. Значыць, прычына ў безадказнасці і абыякавасці некаторых службовых асоб. Кожны павінен усведамляць значнасць стварэння бяспечных умоў працы, і ніякіх паслабленняў у пытаннях аховы яе быць не павінна.
Меркаваннем аб тым, на якім узроўні вя­дзецца работа па ахове працы ў цэлым у раёне, папрасіла падзяліцца галоўнага дзяржаўнага інспектара працы Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міхаіла Ганчара.
— Ахова працы – важнейшая сацыяльна-эканамічная праблема. Нягледзячы на тое, што станоўчы вынік за апошнія пяць гадоў работы ў вобласці ёсць – у 3 разы знізілася колькасць траўм са смяротным зыходам — але праблем і пытанняў яшчэ шмат. У арганізацыях Маларыцкага раёна за 2011-2015 гады на вытворчасці загінуў адзін чалавек і 16 атрымалі цяжкія траўмы. На жаль, пакуль яшчэ не ўсе інжынеры па ахове працы з вялікай адказнасцю ставяцца да сваіх службовых абавязкаў, не разумеюць, што яна павінна быць накіравана на захаванне жыцця і здароўя работнікаў. Толькі пры прынцыповым і добрасумленным выкананні сваіх службовых абавязкаў можна знізіць рызыку ўзнікнення траўманебяспечных сітуацый. На мой погляд, у раёне трэба далей удасканальваць сістэму адказнасці калектыву за парушэнні інструкцый па ахове працы, працоўнай і вытворчай дысцыпліны і перагледзець метады заахвочвання асоб, якія садзейнічаюць выяўленню парушэнняў патрабаванняў. Неабходна знаходзіць і прымяняць больш дзейсныя механізмы эканамічнай зацікаўленасці кіраўнікоў і работнікаў у паляпшэнні ўмоў бяспекі працы.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ
На здымкУ: у час раённага Дня аховы працы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ  № 47 от 22.06.16г.

Добавить комментарий


https://plasticsurgery.com.ua

доставка бутилированной воды

www.alfaakb.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!