« Пакуль я памятаю — я жыву »

Тады, у нядзелю на світанку, 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну. Яе ўзброеныя сілы — гэта добра падрыхтаваныя і цалкам укамплектаваныя воінскія часці, у якіх быў вопыт і якія былі аснашчаны самай новай ваеннай тэхнікай. Да гэтага Германія сілай зброі захапіла ў маланкавых кампаніях суседнія дзяржавы. Да лета 1941 пад кантролем знаходзілася кантынентальная Еўропа. Цяпер на яе працавала прамысловасць усіх захопленых дзяржаў, што рэзка ўзмацніла эканамічную і ваенную магутнасць Германіі. Хуткія і лёгкія перамогі ў Заходняй Еўропе ўсялялі ў германскія ўзброеныя сілы ўпэўненасць у непераможнасці, падагравалі іх баявы дух. І нямецкія салдаты чакалі світанку, каб пайсці, як ім здавалася, у лёгкі шлях. Яны зусім і не думалі пра тое, што, збіраючыся сеяць смерць і разбурэнні, самі ідуць насустрач сваёй уласнай гібелі.

Вялікая колькасць германскіх войскаў, загадзя ўпотай сканцэнтраваных на граніцы, былі кінуты супраць нашай арміі, нашай краіны. Беларусь аказалася ў ліку першых, хто трапіў пад удары гітлераўскай машыны. Гітлераўцы хацелі выклікаць перапалох і збянтэжанасць, таму нямецкія ваенна-паветраныя сілы з першых хвілін вайны абрушылі ўдары не толькі на пагранічныя войскі, але і на многія мірныя гарады і вёскі нашай рэспублікі.
Ажыццяўляючы планы маланкавай вайны, гітлераўскае камандаванне імкнулася ў кароткі тэрмін захапіць Маскву. Самы кароткі шлях да гэтай мэты, па разліках нямецкіх фашыстаў, пралягаў па Беларусі.
Тут быў адзін з важнейшых стратэ­гічных накірункаў фашысцкай арміі. Але нашы людзі верылі, што перамогуць, абавязкова перамогуць. І перамога закладвалася ўжо ў першыя гадзіны, дні, месяцы, закладвалася ў Брэсцкай крэпасці, пад Магілёвам, у чэрвеньскіх баях на Маларытчыне, дзе ў няроўны бой з гітлераўскімі полчышчамі ўступіла 75-я стралковая дывізія. Перамогу тут пачалі ўжо каваць Іван Палішаў, Аляксандр Люцін, Валя Удавічэнка, Жубаткан Бякпанаў, Барыс Барэйка, Вячаслаў Угліцкі, Якаў Зялінскі, Сяргей Кастэнка, Уладзімір Лазараў, лейтэнант Буткоў, батальённы камісар Гуль, капітан Іаглы і сотні іншых савецкіх воінаў, якія мужна загінулі за Радзіму на маларыцкай зямлі.
Некалькі дзён і начэй 75-я дывізія абараняла свае пазіцыі ў няспынных баях, знішчала захопнікаў і сама несла вялікія страты. Воіны дывізіі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. 25 чэрвеня яны цалкам разграмілі варожую воінскую часць, знішчылі больш чым 200 гітлераўцаў. Раззлаваныя няўдачай, фашысты накіравалі сваю зброю супраць мірнага насельніцтва. На наступны дзень пасля бою, адабраўшы ў якасці заложнікаў 30 мужчын з навакольных вёсак, гітлераўцы завялі іх у раён Карпіна і расстралялі. Былы воін дывізіі Фёдар Ярамчук успамінаў: ”Праціўнік не чакаў , што з’явяцца нашы часці. Дружнае “ура!”, і мы пайшлі ў атаку. У жорсткай схватцы цалкам знішчылі варожую воінскую часць і прывялі ў непрыгоднасць усе яго гарматы. Жывым у праціўніка ніхто не застаўся, хаця і ў нас былі страты.”
Тут неабходна сказаць, што дапамогу ў тых чэрвеньскіх баях мужным абаронцам аказвалі насельніцтва, мясцовыя жыхары. Дапамагалі ўсім, чым маглі: дастаўлялі прадукты, аказвалі медыцынскую дапамогу, станавіліся праваднікамі байцоў Чырвонай Арміі, якія адыходзілі на ўсход, і г.д. Так, на полі бою быў цяжка паранены лейтэнант А.В. Васільеў. Жыхарка вёскі Багуслаўка Ганна Барысюк перавязала яму раны, воін знайшоў прытулак у доме Ганны. Яна даглядала яго. Камандзір мінамётнага разліку Мікалай Марычаў быў таксама цяжка паранены. Яго лячылі ў сям’і Дзяніса Курдзюка з вёскі Ляхаўцы. Калі Марычаў выздаравеў, пайшоў у партызаны. За партызанскую дзейнасць быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Жыхар вёскі Хаціслаў Сцяпан Іванавіч Пішчык у ліку першых праваднікоў савецкіх воінаў, таксама за партызанскую дзейнасць быў узнагаро­джаны медалём ”За адвагу”, ордэнам Баявога Чырвонага Сцяга. Ён загінуў пры выкананні баявога задання. На полі бітваў на Маларытчыне загінула шмат воінаў, на жаль, імёны не ўсіх вядомыя.
Больш чым 3 гады Маларыцкі раён быў ва ўладзе крывавага акупацыйнага рэжыму. Жудасныя зверствы ўчынялі тут гітлераўцы. За гады акупацыі 13 вёсак раёна раздзялілі трагічны лёс Хатыні і былі цалкам спалены. 23 верасня 1942 года не стала Борак і Забалацця. Батальён фашысцкіх карнікаў спаліў вёску Хмелішча, былі расстраляны ўсе яе жыхары. Колькасць забітых і спаленых толькі ў гэтых трох вёсках складае 1175 чалавек. У вёсцы Хаціслаў было спалена 109 двароў са 140, расстраляна 42 чалавекі. У вёсцы Отчын не стала 21 двара з 22. У тым жа 1942-ім годзе ў Маларыце было расстраляна больш чым 2 тысячы ні ў чым не вінаватых людзей з ліку яўрэйскага і мясцовага насельніцтва, уключаючы малалетніх дзяцей. Месцам смяротнага пакарання гітлераўцы выбралі невялікае пясчанае ўзвышша паблізу пасёлка і групамі па 15-20 чалавек падводзілі людзей да вырытай ямы, загадвалі ім распранацца і тут жа расстрэльвалі з аўтаматаў. У магілу падалі забітыя разам з параненымі. Пасля таго, як магіла была запоўнена, прыводзілі наступную групу людзей да другой ямы і працягвалі сваю крывавую справу. Уцячы было немагчыма: усюды шчыльным колам стаялі аўтаматчыкі з сабакамі.
Фашысцкія карнікі і злодзеі, абагульняючы вопыт сваёй ”дзейнасці”, вучылі іншых, як лепш забіваць і ўчыняць крадзёж у мірных жыхароў. Капітан Заўр з 15 паліцэйскага палка, які прымаў удзел у злачынствах на Маларытчыне, раіў карнікам заўсёды мець з сабою сякеры і іншыя прылады, інструмент для таго, каб узламаць дзверы, дасканала правяраць дахі, падвалы, ямы, выкарыстоўваючы для гэтага службовых сабак, ашчупваць цвёрдым прадметам усё вакол дома, каб ніхто не змог схавацца. «Рэкамендуем прыцягваць малалетніх да ўказання… укрыццяў, абяцаючы ім за гэта жыццё. Такі метад добра апраўдаў сябе,»-навучаў карнік Заўр.
Але ні тэрор, ні насілле крывавага паліцэйскага рэжыму не зламалі волі людзей да супраціўлення, а наадварот, узмацнілі нянавісць да ворага. Шырока было арганізавана падполле, паўсюдна дзейнічалі партызанскія атрады і брыгады, якія наносілі ўдар па ворагу. Маларыцкія партызаны пусцілі пад адхон шмат варожых эшалонаў, разбіралі рэйкі, разносілі шпалы, учынялі пастаянныя дыверсіі на чыгунцы, разбурылі сотні кіламетраў тэлефоннай і телеграфнай сувязі, разграмілі два гарнізоны праціўніка ў Шацку і Дамачаве, іншых населеных пунктах. Барацьба не сціхала да поўнага вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. На Беларусі фашысты арганізавалі шмат лагераў смерці, гета. Прычым канцлагеры і гета дзейнічалі практычна ў кожным рэгіёне Беларусі. Сама палітыка каланізацыі і генацыду ўключала і гвалтоўны вываз беларусаў на катаржныя работы ў Германію. Наш народ і яго Узброеныя Сілы выстаялі і знішчылі ворага, атрымалі перамогу ў самай вялікай з войнаў. А шлях да перамогі ляжаў і праз жыцці тых, хто загінуў у час першых баёў з нямецкімі захопнікамі і пасля. Сёння мы нізка схіляем галовы перад памяццю салдат, партызан, якія мужна загінулі, усіх тых, каго расстралялі і замардавалі, жывымі спалілі ў гады акупацыі, хто знайшоў спакой у брацкіх магілах на роднай зямлі і на далёкай чужыне. Вечны спакой ім і добрая слава!

Васіль Маркаў, ганаровы старшыня раённага савета ветэранаў.
Опубликовано ГЧ № 47 от 22.06.16г.

Добавить комментарий


artma.net.ua

www.best-cooler.reviews/category/brands/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!