Гарохавішчанскі ардэнаносец

Цяпер колішні  механізатар калгаса “40 гадоў БССР” Васіль Басак, уклад якога  ў развіццё сельскай гаспадаркі раёна   адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі,    жыве ў Збуражы,  а першыя свае  крокі на зямлі, у тым ліку і працоўныя,  ён зрабіў у  вёсцы, дзе нарадзіўся і вырас.

Я не надта ўмею вызначаць узрост чалавека па знешнім выглядзе, але гэтаму каржакаватаму мужчыну пры сустрэчы наўрад ці дала б 70 гадоў. Прысадзісты, невысокага росту, мне асабіста ён падаўся значна маладзейшым.
І тым не менш, сёлета яму 70! Супраць фактаў, як гавораць, не папрэш. А яны пацвярджаюць, і гэта запісана ў пасведчанні аб нараджэнні, што Васіль Басак нарадзіўся ў 1946-м годзе ў вёсцы Гарохавішча. Ну а пра далейшае сваё жыццё мужчына распавёў сам падчас нядаўняй сустрэчы. Магчыма, не пра ўсё, але гэта зразумела, бо нешта з багатай біяграфіі ўжо забылася, нешта і зусім не адклалася ў памяці, а пра нешта асаблівае не заўсёды і не з усімі падзелішся сам.
А вось тое, што запомнілася з дзяцінства і далёкіх пяцідзясятых-шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, заўжды з ім. Васіль Максімавіч не ўтойвае, што закончыў у свой час усяго чатыры класы. І растлумачыў: у школу было далёка хадзіць. Таму з малых гадоў разам з дарослымі працаваў па хатняй гаспадарцы. Калі ўтварыўся калгас, а яго бацька стаў у ім конюхам, дапамагаў яму. Ды толькі ўсё гэта было не тое, да чаго імкнулася душа юнака. Таму, калі аднойчы пачуў, што Чарнаўчыцкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, што ў Брэсцкім раёне, набірае на лета рабочых, з’агітаваў такіх жа як сам камсамольцаў і паехаў туды вучыцца. Было гэта ў 1963-м го­дзе, а яму на той час толькі-толькі споўнілася 17.
Летам Васіль Басак разам з іншымі хлопцамі працаваў рознарабочым, а восенню тут жа паступіў на 5-месячныя курсы, пасля заканчэння якіх атрымаў спецыяльнасць трактарыста. Пасведчанне, выдадзенае 31 сакавіка 1964 года, дазваляла яму працаваць на трактарах ДТ-54, Д-40, МТЗ. І ўжо на наступны дзень, 1 красавіка, Васіль Басак прыступіў да работы. Праўда, працаваць на сваім першым ДТ давялося нядоўга. Усяго год паўдзельнічаў малады трактарыст ва ўсесаюзнай камсамольскай будоўлі – меліярацыі беларускага Палесся. Але гэта быў сапраўды ўдарны і незабыўны час. І хто ведае, як склаўся б далейшы лёс хлопца з Гарохавішчаў на высакароднай ніве па асушэнні балотаў і якіх вышынь ён дасягнуў бы, калі б не прыйшла пара служыць у арміі. У «вучэбцы» ў Барысаве, дзе Васіль Басак знаходзіўся 9 месяцаў, ён набыў спецыяльнасць механіка-вадзіцеля. А службу праходзіў у 120-й Рагачоўскай дывізіі, якая дыслацыравалася ва Уруччы ў Мінску. Быў камандзірам танка. З трох абавязковых тады гадоў адслужыў два з паловай. Так сталася, што на трэцім годзе яго салдацкага жыцця незадоўга да Дня Перамогі выйшаў Указ, згодна з якім навабранцы пераходзілі на двухгадовы тэрмін службы. Тады ж Васіль Басак, як і многія з яго саслужыўцаў, каму прыйшла замена, быў дэмабілізаваны і ў маі 1968 года вярнуўся дамоў. На работу ўладкаваўся ў ПМК-8, атрымаў новы гусенічны трактар. Вось толькі працаваць на ім практычна не давялося. Па просьбе тагачаснага кіраўніка калгаса, якому неабходны былі вопытныя трактарысты, прыйшоў на работу ў мясцовую гаспадарку. Ды так і застаўся.
На якіх толькі трактарах не даводзілася працаваць колішняму камандзіру танка, якую работу не выконваць!.. І на ЮМЗ, і на ДТ-20, і на розных мадыфікацыях МТЗ. На першым — гліну капаў і грузіў на машыны, на другім – кармы на ферме падвозіў. А яшчэ на гноераскідвальніку арганічныя ўгнаенні ўносіў у глебу, хлеб сеяў – разам з лепшай сеяльшчыцай Праскоўяй Шаўрук засявалі за дзень перакрыжаваным спосабам па 30 гектараў, бульбу садзіў, працаваў на стогакідальніку. І за кожную работу заслугоўваў толькі добрых слоў, бо любую справу заўжды выконваў з душой і вялікай адказнасцю. Як у сябе дома. А інакш ён проста не мог. Так працаваць быў прывучаны з маленства. Руплівасць, старанне і прафесіяналізм Васіля Басака не засталіся незаўважаныя. Яго праца і асабісты ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна былі высока ацэнены дзяржавай. Сваю першую важкую ўзнагароду – ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені — ён атрымаў у 1978 годзе. Можна сказаць, такім чынам адзначыў свой дзесяцігадовы юбілей работы ў калгасе «40 гадоў БССР». Гэтую высокую дзяржаўную ўзнагароду трактарыст атрымаў з рук тагачаснага першага сакратара абласнога камітэта партыі Яфрэма Сакалова ў Брэсце.
Асабліва варта сказаць пра тэхніку ў жыцці Васіля Басака. Бо толькі дзякуючы сваім стальным коням, якіх за час работы ў калгасе ён змяніў 8, сталі магчымы яго працоўныя дасягненні і высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Дарэчы, другога ордэна – Дружбы народаў — калгасны механізатар быў удастоены праз 8 гадоў пасля першага, у 1986 годзе. Дык вось, тэхніку Васіль любіў і шанаваў. Кожны свой трактар, калі здаралася якая паломка ці непаладка, рамантаваў сам. Уласнымі рукамі перабіраў усе вузлы і дэталі. Ды рабіў гэта так умела і прафесійна, што маладыя маглі толькі па добраму пазайздросціць. І стальныя коні не падводзілі свайго гаспадара, плацілі яму бездакорнай і зладжанай работай.
Успамінаючы той поўны працоўнага энтузіязму час цяпер, Васіль Максімавіч гаворыць, што тады нават перадыхнуць добра не было калі, не тое што любавацца прыгажосцю сваёй маленькай радзімы. Днём, як і належала, працаваў у калгасе, а падчас адказных сельгаскампаній здаралася, што дамоў вяртаўся ўжо ў прыцемках. Раніцай жа, як толькі пачынала світаць, заводзіў свой трактар і ехаў апрацоўваць прысядзібныя ўчасткі вяскоўцаў: араў, дыскаваў глебу, наразаў радкі, а пасля акучваў.
— Толькі калі пайшоў на пенсію, — прызнаецца Васіль Максімавіч, — упершыню па-сапраўднаму ўбачыў, як цвітуць сады, пачуў, якія «каленцы» выкідваюць салаўі. Гэта такая прыгажосць! Раней не было як заўважаць яе, бо ўвесь час праводзіў у кабіне трактара ў полі ці на ферме. А калі і з’яўлялася якая вольная хвіліна, упраўляўся з хатняй гаспадаркай. І дзецям хацелася больш увагі ўдзяляць. Дарэчы, дзяцей у Басакоў трое. Дзве дачкі, Марыя і Вольга, і сын Пётр, які яшчэ ў дзяцінстве асвоіў першыя азы прафесіі механізатара ў кабіне бацькавага трактара і пайшоў па яго слядах: зараз працуе трактарыстам у райаграпрамтэхніцы. Ну а сваю другую палавінку з прыгожым імем Вера ён таксама сустрэў у калгасе. Дзяўчына працавала на ферме даяркай, дзе ён пазнаёміўся з ёй у 1969 годзе і дагэтуль ідуць па жыцці разам. Вось толькі калгаса, які іх з’яднаў, а Васіль Максімавіч яшчэ і высокія дзяржаўныя ўзнагароды зарабіў у ім, як адзінай вытворчай адзінкі на сельскагаспадарчай карце раёна ўжо няма. У 2001 годзе гаспадарка была далучана да СУП “Савушкіна”. У тым жа годзе выйшаў на пенсію і гарохавішчанскі ардэнаносец. Праўда, адпачываць тады яму не давялося. Вопытнаму і адказнаму трактарысту знайшлася работа пры сельскім Савеце: ён апрацоўваў пенсіянерам прысядзібныя ўчасткі, падвозіў дровы. Але, як гавораць, усяму свой час. Зараз разам з жонкай яны і сапраўды знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Выконваюць толькі тую работу, якая абаім пад сілу у астатнім – дапамагаюць дзеці і ўнукі, якіх яны заўжды з радасцю сустракаюць у некалі цесным для вялікай сям’і, а зараз надта вялікім для дваіх, доме, атрымліваюць асалоду ад прыгажосці квітнеючага сада і спеваў салаўя…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: гарохавішчанскі ардэнаносец Васіль Басак.
Фота Алега Крэмянеўскага.
Опубликовано ГЧ № 47 от 22.06.16г.

Добавить комментарий


Перила из нержавеющей стали комплектующие https://arbud-prom.com.ua.
steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!