І адпачылі, і армейскі дух набылі

На працягу лета на базе раённага Цэнтра турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі будуць працаваць дзевяцідзённыя лагеры з кругласутачным знаходжаннем. У кожнай змены, а іх сёлета будзе 6, — свой профіль, які і вызначае праграму адпачынку дзяцей, накірунак культурна-асветніцкіх, спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

З 2 па 10 чэрвеня быў аргані­заваны адпачынак дзяцей у так званай ваенна-патрыятычнай зме­­не, у час якой прайшлі вучэбна-палявыя зборы дапрызыўнай мо­­ладзі з вёсак Гвозніца, Лукава, Чар­няны, Арэхава, Хаціслаў і Ляхаўцы. Падобныя зборы праходзяць штогод, каб выхаваць у моладзі пачуццё патрыятызму, нагадаць аб важнасці армейскай службы і падрыхтаваць да яе маладых людзей маральна і фізічна. За 9 дзён у лагеры дапрызыўнікі прайшлі сапраўдны курс маладога байца. Ім давялося страляць, маршыраваць, пераадольваць паласу перашкод, авалодваць тэхнікай рукапашнага бою. Юнакі спасцігалі асновы армейскай навукі і ваенна-прыкладных відаў спорту, праходзілі пачатковую страявую, агнявую, та­па­графічную, тактычную і ваенна-медыцынскую падрыхтоўку.
— Мэта палявых збораў – навучыць дапрызыўнікоў выжываць у незвычайных для іх умовах. Яны павінны адчуць сілу адзінства калектыву. Хлопцы вучацца абараняць Радзіму, – расказвае Вадзім Піп­ко, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі. – Яны пачынаюць усведамляць, што справа гэта няпростая і патрабуе ад іх нас­той­лівасці, добрай фізічнай падрыхтоўкі.
Каб адпачынак быў ціка­вым для моладзі, грамадскае аб’яд­нанне “Клуб дапрызыўнай падрыхтоўкі”, якое ўзначальвае былы дэсантнік Максім Фадзееў, арганізавала на базе лагера двухдзённае навучанне па асновах ваеннай падрыхтоўкі. Яго правялі супрацоўнікі брэсцкага атрада міліцыі асобага прызначэння. Цікава было юнакам убачыць атрад у дзеянні, па­знаёміцца з умовамі нясення службы, патрымаць у руках баявую зброю, папрактыкавацца ў разборцы-зборцы аўта­мата, пісталета, тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы. Да­вялося хлопцам стаць і ўдзель­нікамі імправізаванага захопу лагера. Дапрызыўнікам трэба было паказаць, як яны будуць дзейнічаць у неардынарнай сітуацыі. Уразіла юнакоў і паказальнае выступленне атрада, байцы прадэманстравалі бой на нажах. Таксама ў юнакоў была магчымасць, дзякуючы страйкбольнаму клубу “Расамаха” пагуляць у страйкбол, а таксама праверыць свае тактычныя навыкі ў час заняткаў лазертакам. Не менш захапляльнай была сустрэча з камандзірам роты паветрана-дэсантных войскаў 38-ай гвар­дзейскай асобнай мабільнай брыгады Аляксеем Давідэнкам, які пра­вёў з хлопцамі заняткі па ўкладцы парашута. А лётчык запасу ваеннай авіяцыі Сяргей Саўчук, які служыў на знішчальніку МІГ-31, прадэманстраваў сваю экіпіроўку, расказаў цікавыя гісторыі з вайсковага жыцця.
Спартыўныя здольнасці юнакі паказвалі ў спаборніцтвах па фут­боле, валейболе, лёгкай ат­ле­тыцы, веславанні на байдарках. А супрацоўнікі Кобрынска-Маларыцкай між­раён­най арга­нізацыйнай структуры ДТСААФ правялі сярод да­прызыўнай мо­ладзі раённае пер­шынство па стральбе з пнеўматычнай він­тоўкі, прысвечанае 90-годдзю з дня ўтварэння ДТСААФ і 75-годдзю з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Адкрываючы першынство, Валянціна Козак, інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраён­най арганізацыйнай структуры ДТСААФ, напомніла юнакам аб тым, што асноўныя мэты таварыства – патрыятычнае выхаванне моладзі на прыкладах мужнасці і гераізму нашых землякоў у гады вайны, падрыхтоўка моладзі да службы ў арміі. Таму нездарма арганізоўваюцца такія мерапрыемствы, што не толькі вучаць моладзь тэхнічным, ваенна-прыкладным відам спорту, але і мацуюць памяць аб подзвігу нашага народа. Юнакам давялося выканаць практыкаванне ВП-2, ці стральба стоячы. Лепшым стралком па выніку першынства стаў Юрый Лук’янчук з Хаціслаўскай школы. Ён атрымаў каштоўны падарунак ад Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Юнакі, якія занялі другое і трэцяе месцы, – Аляксандр Сіпчук (Гвозніцкі вучэбна-педагагічны комплекс д/с-СШ) і Аляксандр Бурштын (Ляхавецкая сярэдняя школа) — былі заахвочаны дыпломамі.Ву­чэбна-палявыя зборы былі для дапрызыўнікоў насычанымі і цікавымі, раз’язджацца ім не хацелася. У час такіх збораў гартуюцца характары і мацнеюць патрыятычныя пачуцці. Цяпер юнакі могуць дакладна ўявіць, што чакае іх у час армейскай службы, і ніякія цяжкасці не перашкодзяць ім годна выканаць свой воінскі абавязак.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымках: у час вучэбна-палявых збораў.

Фота Максіма ФАДЗЕЕВА.

Опубликовано ГЧ № 47 от 22.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://lkredit.com.ua

詳細はこちら ac-sodan.info

www.gepatite.com