Трайная мара Анюты

Ёй часта сніцца адзін і той жа самы сон. Кароткі,  але выразны на дэталі. Быццам бы ранкам стаіць на падножцы вагона ў форменным адзенні, а некалькі чалавек чакаюць яе з вялікімі букетамі белых руж. Яна ўсміхаецца, павольна сыходзіць на перон, асцярожна бярэ кветкі, дзякуе і з вялікім ахапкам,  шчаслівая,  ідзе насустрач сонцу, якое толькі што выглянула, узняўшыся над дахамі шматпавярховак.
Ганна Куран, вучаніца 10 класа Хаціслаўскай СШ, для сябе ўжо даўно вырашыла, што будучае жыццё звяжа з цягнікамі. Яе мара – быць правадніком вагона. Мроіць пра далёкія рэйсы.
— Я ж  вельмі люблю падарожні­чаць,  — кажа дзяўчына. – Здаецца: ехала б і ехала б. Мяне вабіць рамантыка гэтай прафесіі, жаданне ўбачыць розныя куточкі і нашай краіны, і свету. А яшчэ – гэта магчымасць пагаварыць з сотнямі людзей, сярод якіх, безумоўна, многа цікавых субяседнікаў.
Ганна ведае, што прафесія правадніка патрабуе і такіх рыс характару, як дысцыплінаванасць, адказнасць, пунктуальнасць, стараннасць… Таму пастаянна працуе над сабою, удасканальвае свой характар. Каб задуманае збылося, неабходна набыць адукацыю. Для гэтага Ганна мяркуе паступіць вучыцца ў Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту або ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (г. Гомель).
-Мой вагон ў саставе стане самым прыгожым, — сцвярджае дзяўчына. – У ім будзе многа розных кветак і добрай музыкі для душы. Там кожны пасажыр адпачне,  набярэцца сілы, атрымае зарад бадзёрасці і добрага настрою.
Падстаў не верыць Ганне зусім няма. Для ажыццяўлення такой мары патрэбен, здаецца, толькі сапраўдны вагон. Дом, у якім жыве дзяўчына, яе фантазіяй і ўмелымі рукамі з дазволу бацькоў пера­твораны ў невялікі батанічны сад. Шмат ёсць у ім кветак, сярод іх – экзатычныя.
— У мяне зараз налічваецца амаль 100 розных відаў пакаёвых кветак, — дзеліцца сваёй радасцю Ганна. – Кожная з іх непаўторная, арыгінальная. Калі ўваходзіш у пакой, дзе стаяць мае гадаванцы, то, здаецца, трапляеш у нейкую  казку. Тут забываеш пра ўсё, на душы становіцца радасна і светла. Гэтае месца цяжка пакідаць,  яно не адпускае, прыцягвае. Таму сярод кветак я праводжу шмат часу.
Каб такі пакаёвы шэдэўр радаваў вока, за ім неабходны пастаянны догляд. Не толькі трэба паліць, падкарміць, падрыхліць глебу. Кветка кожная як чалавек: ласку любіць і цёплае слова. Яна індывідуальная і непаўторная.
Да раслін у сям’і Куран ставяцца як да жывой істоты. Таму кветкам у іх доме заўжды ўтульна і добра. Бацькі Ганны – Міхаіл Пятровіч і Тамара Мікалаеўна – задаволены такім незвычайным захапленнем дачкі  і ўсяк яго падтрымліваюць.
-Калекцыя пастаянна папаў­няецца, — гаворыць дзяўчына, — мая кветкавая мара – асабісты зімовы сад, дзе знойдзецца месца розным раслінам. А асабліва маім любімым – узамбарскай фіялцы (сенполіі). У мяне пакуль толькі 10 гатункаў гэтай кветкі, хоць у свеце іх налічваецца больш за 5 тысяч.
Захапляецца Ганна кветкамі недзе з шасцігадовага ўзросту. Спачатку гэта быў просты абавязак па доме: паліць пакаёвыя расліны. Ён пазней хутка перарос у захапленне. Дзяўчынка з радасцю і ахвотаю не толькі рабіла тое, што казала маці, але і сама праводзіла эксперыменты: спрабавала пасадзіць кветкі. І столькі было радасці, калі першая пасаджаная расліна прыжылася і хутка зацвіла. Гэта, напэўна, і стала штуршком, зыходным пунктам. Тым больш, калі нешта не атрымліваецца, заўжды падкажа, параіць, прыйдзе на дапамогу маці – Тамара Мікалаеўна.
Для сваіх любімцаў Ганна часта іграе на самым любімым музычным інструменце — гітары. Хоць выдатна валодае і акардэонам, піяніна,  бо закончыла Хаціслаў­скую музычную школу.
— У такія хвіліны, здаецца, што яны зачаравана слухаюць гукі і нават танцуюць, — прызнаецца дзяўчына. – Гэта – мая любімая і пастаянная публіка. Для яе стараюся выконваць творы, што мне асабліва падабаюцца.
Што яшчэ неабходна дадаць? Ганна – аптымістка, у вольны час любіць чытаць мастацкую літаратуру,  слухаць добрую музы­ку. У яе многа сяброў,  не толькі ў роднай вёсцы,  але і па ўсёй Бела­русі. Ганна — чалавек адкрыты, шчыры, не любіць фальшу, падману, душа кампаніі, арганізатар і завадатар многіх цікавых мерапрыемстваў. “Побач з ёю ніколі не засумуеш”, — так кажуць пра яе сябры,  якія паміж   сабою называюць дзяўчыну Анюткай.
Р.S. У Ганны Куран ёсць і яшчэ адна патаемная мара. Яна не супраць стаць  прафесійным музыкантам і іграць у аркестры.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Куран марыць стаць прафесіяналам у жыцці.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.profvest.com/

http://www.profvest.com

https://buysteroids.in.ua