НА ВАРЦЕ ЗАКОНА

Напярэдадні прафесійнага свята пракурор раёна Раман Гузюк даў інтэрв’ю карэспандэнту райгазеты. Размова ішла аб накірунках дзейнасці органаў пракуратуры, аб рабоце, што была праведзена за перыяд з пачатку гэтага года, а таксама аб многім іншым, што ў кампетэнцыі работнікаў пракуратуры.

— Раман Яўгенавіч, сёлета органы пракуратуры Рэспублікі Беларусь адзначаюць сваё 94-годдзе. Асноўная функцыя пракуратуры — нагляд за выкананнем законаў. Але нагляд — паняцце агульнае. Якія канкрэтна накірункі дзейнасці пракуратуры?
-У дзяржаўнай сістэме Рэспублікі Беларусь пракуратура займае асобае месца. Яно вызначана Канстытуцыяй і Законам”Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, у адпаведнасці з якімі пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, грамадскімі арганізацыямі, нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па крымінальных і грамадзянскіх справах, справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе. Акрамя таго, на пракурораў ускладзены абавязкі па каардынацыі дзейнасці барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. І гэта яшчэ не ўвесь пералік функцый.
-Якая значная работа праведзена пракуратурай раёна за перыяд з пачатку гэтага года?
— Адзначу, што ўся работа пракуратуры значная, бо праводзіцца ў адпаведнасці з планамі, што скла­дзены зыходзячы з аператыўнай абстаноўкі ва ўсіх накірунках жыц­ця­дзейнасці ў рэ­гіёне, а таксама ў ад­паведнасці з указаннямі і за­дан­­нямі вышэйшай пракуратуры, ды­рэктывамі кіраўніка дзяржавы. Спынюся ўсяго на некаторых прыкладах.
З году ў год у цэнтры ўвагі пракуратуры раёна знаходзіцца выкананне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1”Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, асобае значэнне надаецца забеспячэнню бяспечных умоў працы на вытворчасці. Планавыя праверкі выканання гэтага заканадаўства былі праведзены сёлета ў СВК”Гвозніца”, філіяле “ПМК-8” г. Маларыта “Брэст­водбуда”, філіяле”Маларыцкае ДРБУ-179” КУП ”Брэстаблдарбуд”. На ўсіх прадпрыемствах былі выяўлены парушэнні патрабаванняў Дырэктывы №1, якія дапусцілі кі­раўнікі і адказныя асобы. З мэтай лік­відацыі парушэнняў пракуратурай раёна ўнесены 3 прадстаўленні. Па патрабаванні пракурора да дыс­цыплінарнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб ахове працы ў раёне прыцягнуты 7 адказных асоб, за парушэнне працоўнай дысцыпліны — а гэта з’яўленне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення — прыцягнута 15 работнікаў, у тым ліку 3 звольнены.
Праведзеная работа садзейнічала ў пэўнай ступені зніжэнню сёлета ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года фактаў вытворчага траўматызму з 5 ( у тым ліку 2 з цяжкімі вынікамі) да 0.
З мэтай выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 года №3 “Аб прыярытэтных накірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы” па патрабаванні пракурора раёна за ўрон, нанесены прадпрыемствам і арганізацыям, у тым ліку ў выніку неналежнага выканання службовых абавязкаў, да матэрыяльнай адказнасці было прыцягнута 14 асоб. Яны аштрафаваны на суму 23,2 мільёна рублёў. Судом раёна задаволена 5 іскаў пракурора раёна і спагнаны з вінаватых матэрыяльны ўрон, нанесены прадпрыемствам і арганізацыям, а таксама дзяржаве, у суме 230 мільёнаў рублёў.
Так, да прыкладу, летась у выніку неналежнага выканання працоўных абавязкаў асобнымі адказнымі асобамі і работнікамі Маларыцкай ПМК-20 была дапушчана ўцечка паліва з ведамаснай АЗС прадпрыемства на суму 79,7 мільёна рублёў. Пракурорам раёна да вінаватых асоб прад’яўлены іск аб кампенсацыі нанесенай шкоды. У сакавіку 2016 года іскавыя патрабаванні судом задаволены часткова з улікам матэрыяльнага становішча вінаватых на суму 44,6 мільёна рублёў.
Праведзена 2 праверкі на прадмет выканання суб’ектамі прафі­лактыкі раёна заканадаўства аб пра­фі­лактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, па выніках якіх было ўнесена 2 прадстаўленні ў райвыканкам. З мэтай каардынацыі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі праведзена 2 пасяджэнні каардынацыйнага савета раёна па ба­рацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, дзе разглядаліся пытанні прафілактыкі злачынстваў і права­парушэнняў. Дзякуючы праведзеным мерапрыемствам удалося да­біцца зніжэння ўзроўню злачыннасці ў рэгіёне з 24,1% (зарэгістравана летась) да 7,1% за 5 месяцаў гэтага года. Як станоўчае, хочацца адзначыць, што сёлета за 5 месяцаў зменшылася колькасць грабяжоў з 2 да 1, хуліганстваў — з 6 да 0.
Можна прыводзіць яшчэ шмат добрых прыкладаў, якія яскрава сведчаць пра эфектыўную работу пракуратуры.
-Раман Яўгенавіч, Вы ні слова не сказалі пра вынікі барацьбы з карупцыяй. Няўжо ў нас у раё­не не было выяўлена нівод­нага злачынства карупцыйнай на­кіраванасці?
-У раёне выяўлена, расследавана 1 злачынства, што адносіцца да карупцыйных, матэрыялы па якім накіраваны ў суд. Так, С.А. Трацюк, якая займала пасаду галоўнага бухгалтара ў Макранскім сельвыканкаме, а гэта значыць, з’яўлялася адказнай асобай, злоўжыла сваімі службовымі паўнамоцтвамі, у пры­ватнасці, шляхам незаконнага пера­лічэння грашовых сродкаў з разліковага рахунку сельвыканкама, якія былі выдзелены для выплаты заработнай платы работнікам сельвыканкама, на свой і карт-рахунак мужа, што былі адкрыты ў філіяле 100 АУ ААТ”ААБ Беларусбанк”, учыніла крадзеж грашовых сродкаў на суму 24,6 мільёна рублёў.
Згодна з прыгаворам суда ад 5 мая 2016 года Трацюк С.А. асуджана да пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых функ­цый, і аштрафавана на суму ў памеры 300 базавых велічынь.
Па ініцыятыве пракуратуры раёна з мэтай прафілактыкі карупцыйных злачынстваў крымінальная справа была разгледжана на выязным судовым пасяджэнні ў вялікай зале райвыканкама з удзелам каля 30 службовых і матэрыяльна-адказных асоб прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна.
-Зразумела, калектыў пракуратуры невялікі, але работу даводзіцца выконваць аб’ёмную. Некалькі слоў, калі ласка, скажыце пра калег.
— У складзе аператыўных работ­нікаў пракуратуры раёна, акрамя пракурора, яшчэ яго намеснік і па­мочнік. На намесніка, Юрыя Андрэе­віча Федарука, ускладзены абавязкі па ажыццяўленні нагляду за закон­насцю выканання крымінальных пакаранняў крымінальна-выканаў­чай інспекцыяй аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, нагляду за выкананнем заканадаўства ў ходзе дасудовай вытворчасці, пры вы­твор­часці папярэдняга следства рай­аддзелам Следчага камітэта Рэс­публікі Беларусь і дазнання райаддзела міліцыі.
Штатная адзінка памочніка пракурора на сёння вакантная, бо пракурорскі работнік знаходзіцца ў водпуску па цяжарнасці і родах. Таму абавязкі па ажыццяўленні нагляду за выкананнем заканадаўства фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, нагляду за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі, а таксама за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах, мы падзялілі паміж сабою. У ліпені 2016 года на пасаду памочніка пракурора раёна будзе назначаны выпускнік юрыдычнага факультэта Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна.
-Тых, хто працуе ў пракуратуры, некаторыя, магчыма, лічаць кабінетнымі работнікамі. Але ж гэта далёка не так. Ці часта даводзіцца бываць у калектывах?
— Як правіла, любая пракурорская праверка — гэта абавязковае наведванне кіраўніцтва і калектыву таго суб’екта, які правяраецца, гутаркі па пэўнай тэматыцы, а таксама адначасовы прыём грамадзян — работнікаў калектываў па асабістых пытаннях. Таму застаць у кабінеце на сваім працоўным месцы пракурорскіх работнікаў адначасова практычна немагчыма.
-Што б Вы хацелі пажадаць сваім калегам напярэдані пра­фесійнага свята?
— Пракурорскія работнікі — гэта людзі розных узростаў і характараў, але ўсіх іх аб’ядноўвае адно: ім­кнен­не дапамагчы людзям. Для іх непарушнымі застаюцца такія важныя якасці, як непадкупнасць і справядлівасць, адданасць выбранай прафесіі і асабістая мужнасць. Напярэдадні прафесійнага свята шчыра жадаю ўсім пракурорскім работнікам захоўваць названыя якасці, а таксама моцнага здароўя, асабістага шчасця і дабрабыту, жыццёвых сіл і энергіі, далейшых поспехаў ва ўмацаванні законнасці і правапарадку.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: пракурор раёна Раман Гузюк.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 48 от 25.05.16г.

Добавить комментарий


lkredit.com.ua

chemtest.com.ua/

onlyyou.od.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!