ПАД КРЫЛОМ ШЧЫРАЙ ЛЮБВІ

Чым бліжэй старасць, тым часцей задумваешся, якой яна будзе, што яна табе прынясе, ці не станеш абузай для дзяцей сваіх і ўнукаў. Любяць жа нас, калі мы маладыя і здаровыя. А старасць рэдка ў каго бывае без мноства хвароб, без немачы. Таму і адносіны да хворых і састарэлых не ва ўсіх аднолькавыя. У тым ліку, на вялікі жаль, і ў дзяцей нашых, у чым лішні раз пераконваюць жыццёвыя прыклады. Не сакрэт жа, што на сацыяльных ложках у бальніцах сястрынскага догляду немалы працэнт пацыентаў, у якіх ёсць дзеці, унукі, родзічы. І дамы-інтэрнаты, дамы састарэлых у гэтым плане не выключэнне.

Невядома, якія пачуцці найбольш хвалявалі Марыю Барысаўну Тыцык, калі яна, хворая і нямоглая, засталася ў хаце мужа адна. Толькі сумаваць, а тым больш адчайвацца, у яе падстаў не было. З першага дня, калі пахавала мужа, і па сёння яна ахутана ўвагай сыноў і нявестак, унукаў, якія шчыра клапоцяцца пра яе.
-Такія адносіны да сябе наша маці за­служыла,-пераконвала мяне нявестка Марыі Барысаўны Жанна, у сям’і якой яна цяпер жыве.-Дабра ў жыцці сваім маці не бачыла, але заўсёды знаходзіла яго ў сваім сэрцы і не шкадавала для іншых, для сваёй сям’і.
І сапраўды, доля Марыі Барысаўне выпала нялёгкая. Расла ў шматдзетнай сям’і. Жылі бедна, грошай пастаянна не хапала, таму, што такое раскоша, Марыя Барысаўна не ведала. І адукацыю не мела магчымасці атрымаць. Затое вельмі рана стала самастойнай, з маленства была прывучана да сялянскай працы, прычым ніякай не цуралася. Прапанавалі ёй у свой час пайсці пастухом у мясцовую гаспадарку, згадзілася. Летам пасвіла жывёлу, а зімою працавала цялятніцай.
…Калі да Марыі пасватаўся Фёдар, намнога старэйшы за яе, удавец, бацькі перажывалі, як жа яна будзе спраўляцца з трыма дзецьмі, ды яшчэ і чужымі, як успрымуць яны яе — не родная ж маці. А вось Фёдар, які вырас у адной вёсцы з Марыяй, добра ведаў, якое залатое сэрца ў яе, якая высакародная душа, таму быў упэўнены, што менавіта гэтая жанчына зможа палюбіць яго дзяцей так, як родная маці. І Марыя з першых дзён іх сумеснага жыцця даказала, што Фёдар не памыліўся. Сярэдні сын яго, Мікалай, успамінае:
-Наша мама памерла ў час родаў. Я тады пайшоў у першы клас, а старэйшаму Сцяпану было 8 гадоў. Найменшага брата Сяргея, які толькі нарадзіўся, прапанавалі ўладкаваць у Кобрынскі дзіцячы дом, каб бацьку было лягчэй. І тата згадзіўся. Пасля ўжо Сяргея перавялі з Кобрына ў Маларыцкую школу-інтэрнат. Менавіта мама Марыя, а мы яе з самага першага дня так называлі, настаяла на тым, каб забраць Сяргея ў сям’ю. Так, памятаю, і сказала:” Што ён там пакутаваць адзін будзе”. Бацька ёй не пярэчыў, і ўсе мы шчыра радаваліся, што сям’я наша будзе разам. Бязмежна ўдзячны гэтай жанчыне за яе вялікае і чулае сэрца,-заключыў у канцы нашай размовы Мікалай.
Калі ў Тыцыкаў нарадзіліся яшчэ двое сыноў: Іван і Юра, у сэрцы Марыі не паменшала любві да не родных для яе дзяцей. Яна аднолькава душы не чула ў кожным з іх, нічым не абдзяляла. А яны: і свае, і чужыя, на яе любоў адказвалі ўзаемнасцю. І нават калі не стала бацькі, дарогу ў родны дом не забылі. Наадварот, пры першай жа магчымасці сюды ляцелі, каб маральна падтрымаць яе — роднага чалавека.
Гады і перажыванні не амалоджваюць нікога. Рана пасівела і Марыя Барысаўна. Здавалася, усе цяжкасці перажыты ўжо. Але нездарма гавораць, што адна бяда не ходзіць. Смерць мужа і многія іншыя выпрабаванні не сталі апошняй маральнай траўмай на дарозе жыцця Марыі Барысаўны. У хуткім часе і яна сама цяжка захварэла. Вядома ж, упала духам.
-Але мы ўсе настаялі паехаць на аперацыю,-расказвае нявестка Жанна.-З таго часу, як маці ў Брэсце прааперыравалі, у нас з Юрам яна і жыве.
-Ладзіце паміж сабою?-не магу не паці­ка­віцца ў Жанны.
-Я шкадую яе так, як родную маці. Яна мне траіх дзяцей выгадавала. Калі я ішла на работу, ніколі не перажывала, што яны бу­дуць недагледжаныя ці ненакормленыя. Цалкам давярала іх маці, бо была ўпэўнена, што яна і ўнукаў любіць гэтак жа шчыра, як і дзяцей, усіх нас. Вядома, у жыцці усяляк бывае,-прызнавалася Жанна.-І мы нярэдка не знаходзім агульнай мовы. І маці, і я можам адна ў адносінах да адной, як гавораць, ускіпець. Але гэта здараецца вельмі рэдка і ўсяго на некалькі хвілін. Крыўда хутка праходзіць. Лічу сябе вінаватай ці не, абавязкова папрашу ў маці прабачэння, а яна — у мяне. І зноў мы сябры. Так ладзіць адносіны са старэйшымі людзьмі мяне навучыла мая мама. Строгая яна, патрабавальная. Дысцыпліна заўсёды ў нашай сям’і была на першым плане. І кожны з нас вынес такі ўрок: падабаецца табе ці не, а старэйшым заўсёды трэба падпарадкоўвацца, слухаць іх. Яны ж мудрэйшыя. Ды і сама я некалі свекрывёю буду.
Пра працавітасць свекрові Жанна расказвала асобна:
— Маці і цяпер, хаця ёй больш за 80 гадоў і ёсць праблемы са здароўем, усяляк стараецца , чым можа, дапамагчы мне: з задавальненнем бульбу пачысціць, любіць бялізну з пральнай машыны вымаць. Можа траву жывёлінам і хатняй птушцы нарваць. І на агарод любіць схадзіць. Людзі такога складу, самі ведаеце, не могуць сядзець без справы. Я разумею іх, таму ніколі не пярэчу, калі маці бярэцца за нейкую работу. З другога боку, шкада ж яе, бо сіл ніякіх не мае.
…Дом, дзе Марыя Барысаўна жыла з мужам,-непадалёк ад сынавага. Таму іншы раз, калі раптам засумуе, ідзе туды. Толькі там ёй цяпер адной быць доўга не хочацца, там яе ўжо ніхто не чакае. А ў доме сына з нявесткай, вялікім, прасторным, які яны самі пабудавалі, ёй і ўтульна, і цёпла: ад любві, увагі і клопату родных людзей, якім яна некалі аддавала такія ж любоў, увагу і клопат.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
В. Хмялёўка.
На здымкУ: Марыя Барысаўна Тыцык у акружэнні родных і блізкіх ёй людзей: нявесткі Жанны, унучкі Кацярыны і сына Юрыя.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА. 

Опубликовано ГЧ  № 48 от 25.06.16г.

Добавить комментарий


www.220km.net

www.pharmacy24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!