Лепшая дружына вобласці

  У мінулую пятніцу ў Маларыце прайшлі абласныя спаборніцтвы санітарных дружын. З 19 каманд, якія прыехалі з розных рэгіёнаў Брэстчыны, лепшай была прызнана дружына сельгаспрадпрыемства “Савушкіна”, якая прадстаўляла на спаборніцтвах наш Маларыцкі раён. 

На адзін дзень лабаранты, эканамісты, бухгалтары і многія іншыя работнікі прадпрыемстваў і гаспадарак перакваліфікаваліся ў санітарных дружынніц. Амаль два дзясяткі каманд, экіпіраваных процівагазамі, санітарнымі сумкамі, на­сіл­камі і іншым інвентаром, з васьмі гадзін ранку былі гатовы да праходжання пяці конкурсных этапаў.
У наш неспакойны час, калі нельга выключыць пагрозу тэхнагенных катастроф, прыродных катаклізмаў і стыхійных бедстваў, калі пачасцілася колькасць тра­гічных здарэнняў у паў­сядзённым жыцці, актуальнай з‘яўляецца падрыхтоўка санітарных дружын на прадпрыемствах і ў арганізацыях, падтрыманне іх здольнасці аказаць у надзвычайнай сі­туацыі першую дапамогу. Менавіта на гэта зрабіў акцэнт, урачыста адкрываючы спаборніцтвы, начальнік Брэсцкага абласнога ўп­раў­лення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Канстанцін Шаршуновіч. Прывітаў гасцей Маларытчыны старшыня райвыкан­кама Мікалай Шум. Коратка пазнаёміўшы ўдзельні­каў спаборніцтваў са сла­ву­тас­цямі раёна, Міка­лай Мікалаевіч пажадаў са­ні­тарным дружынам удачы. Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў завяршылася ўручэннем камандам караваяў ад гасціннай маларыцкай зямлі і відовішчным конкурсам строю і песні. На абцасах, у прыгожай фор­ме, з песнямі прайшлі дружыны па цэнтральнай алеі гарадскога парка, дзе пра­водзіліся спаборніцтвы.
А праз некалькі хвілін першая каманда была гатова паказаць свае практычныя і тэарэтычныя веды. Узровень падрыхтоўкі санітарных дружынніц на розных этапах ацэньвалі як медыцынскія работнікі, так і супрацоўнікі МНС. Санітарныя дружыны дэманстравалі сваё ўменне карыстацца процівагазамі, суддзі строга сачылі за ўкам­плектаванасцю санітарных сумак, кантралявалі ўменне карыстацца дазіметрычным пры­борам. Дружынніцы, “­трапіўшы” ў ачагі кам­бінаванага і хімічнага паражэння, дэманстравалі ўмен­не аказаць першую медыцынскую дапамогу, уліч­ваючы ўсе нюансы зададзенай абстаноўкі – накладвалі шыны ў выпадку розных пераломаў, спынялі крывацёк, пераносілі пацярпелых на насілках. Няпроста было санітарным звенням і ў ачагу інфекцыйных захворванняў, дзе важна было “правесці” пакватэрны абход з мэтай выяўлення інфекцыйных хворых, зрабіць адбор проб, правесці дэзынфекцыю. Работу сандружын ускладняла надвор’е. У сродках індывідуальнай засцярогі яны дзейнічалі ва ўмовах 30-градуснай спякоты. Але веданне тэорыі, якое дэманстравалі сандружыны на апошнім этапе, і практычныя навыкі дапамаглі камандам паспяхова дайсці да фіналу.
У праграме спаборніцтваў па традыцыі быў конкурс мастацкай самадзейнасці. Бо і на вайне, і ў любой складанай сітуацыі песня толькі дапамагае падбадзёрыцца, падняць дух свой і іншых. Пастараліся дружыны і ў конкурсе насценнага друку, плакаты і газеты многіх каманд заслугоўвалі высокай адзнакі.
Па выніках усяго дня спа­­­борніцтваў трэцяе мес­­ца было прысуджана камандзе прадпрыемства “Івацэвічдрэў” другое – сандружынніцам з птуш­кафабрыкі “Дружба” Баранавіцкага раёна. А кубак пераможцы быў уручаны санітарнай дружыне прадпрыемства “Савушкіна” Маларыцкага раёна.
У свой поспех каманда “Савушкіна”, як прызналіся сандружынніцы, верыла даўно. На спаборніцтвах у мінулым годзе каманда імкліва ішла да перамогі, але дапушчаная сур’ёзная памылка пазбавіла шанца дабіцца жаданага. Сёлета сандружынніцы згуртаваліся, папоўнілі свае веды, улічылі мінулагоднія памылкі і сталі першымі. Шчыра віншуем іх з перамогай!
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: санітарная дружына прадпрыемства «Савушкіна».

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 49 от 29.06.16г.

Добавить комментарий


topobzor.info/avtonomnyj-leeco-le-pro-3/

https://www.best-cooler.reviews

here medicaments-24.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!