На Алімпіяду ў Рыа

Адправіцца ўдваіх на іншы кан­тынент, у далёкае і гарачае Рыа-дэ-Жанейра, неверагодна пры­гожыя ландшафты якога з дзяцінства зачароўвалі з экранаў тэлевізара, стаць балельшчыкамі Летніх Алімпійскіх гульняў, сваімі вачамі пабачыць выступленні мацнейшых спартсменаў планеты  – вандраванне, пра якое марыць кожная маладая пара. Выйграць такое падарожжа стала магчымым дзякуючы рэкламнай гульні “На Алімпійскія гульні разам з ААТ “Белаграпрамбанк”, якую праводзіла плацёжная сістэма Visa, сумесна з ААТ “Белаграпрамбанк”. У ёй прынялі ўдзел 27 тысяч беларусаў, і, уявіце, фартуна адарыла сваёй усмешкай менавіта маларытчаніна Віталя Каратынскага, які працуе інжынерам па ахове працы на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

У далёкае вандраванне шчаслівыя ўла­дальнікі пуцёвак Віталь і яго жонка Нас­тасся Каратынскія, у якіх двое дзетак, адправяцца ў пачатку жніўня. Як адзначае Віталь, пасля вяселля не было магчымасці наведаць цёплыя краіны, каб там адпачыць. Гэтае сямейнае вандраванне маладая пара, напэўна, запомніць на ўсё жыццё.
Рэкламная гульня праводзілася ў мэтах стымулявання выкарыстання картак плацёжнай сістэмы VISA, якія выпусціла ААТ “Белаграпрамбанк”, а таксама каб прыцягнуць новых кліентаў. Па ўмовах гульні, каб стаць яе ўдзельнікам, гаспадарам такіх картак прапанавалася ў перыяд з 18 красавіка па 31 мая правесці безнаяўныя аперацыі на суму 5 мільёнаў беларускіх рублёў і больш. Пераможца вызначаўся з дапамогай лататрона, кожнаму ўдзельніку быў прысвоены парадкавы нумар, выйгрышным стаў нумар Віталя.
— Калі з банка патэлефанавалі і сказалі, што я стаў пераможцам рэкламнай гульні і адпраўлюся разам з блізкім чалавекам у Бразілію, — мы з жонкай проста не паверылі, падумалі, што нехта жартуе. Аднак, як аказалася, выйгрыш быў сапраўдным. Усе пачуцці і эмоцыі, якія адчувалі ў той момант, проста не перадаць, — прызнаваўся пераможца.
Праз некалькі дзён Віталь ужо ехаў у Мінск, каб ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаць падарачны сертыфікат з рук намесніка старшыні праўлення ААТ “Бел­аграпрамбанк” Віталя Крука. У выйгрыш увайшлі грашовы прыз, пералёт і пражыванне на працягу 5 дзён і 4 начэй у гасцініцы, маршрутны наземны транспарт, паслугі персанала Visa ў рамках мерапрыемства, моўная падтрымка (партугальская, англійская і іспанская мовы), 4 білеты на выбар на Алімпійскія гульні, наведванне славутых мясцін Рыа-дэ-Жанейра.
— Магчымасць трапіць на Алімпіяду, пабываць у такой прыгожай краіне выпадае далёка не кожнаму. Гэты выйгрыш сапраўдны падарунак для нас. Як і кожны мужчына, люблю спорт, асабліва захапляе футбол. Таму буду рады апынуцца на футбольным матчы, убачыць гульню валейбалістаў. Хварэць, вядома ж, буду за “нашых”. Ажыццявіцца наша з жонкай мара – убачыць вялізны акіян, безумоўна, чакаем экскурсію да славутай бразільскай статуі Хрыста Збавіцеля, — расказвае Віталь.
Шчаслівы ўладальнік цудоўнага выйгрышу падзяліўся: хоць і ведаў, што гульня праводзіцца, але у тое, што можа выйграць, не верыў. Раней такіх вялікіх падарункаў ад лёсу яму не даводзілася атрымліваць, шанцавала некалькі разоў у латарэі, але выйгрышы былі невялікія. Агульны кошт падарачнага сертыфіката — 475 мільёнаў беларускіх рублёў. Самастойна сям’і Каратынскіх давядзецца аплаціць толькі візы і медыцынскія страхоўкі.

Аўтарскі праект Дар’і ПАДАЛІНСКАЙ

На здымку: Віталь Каратынскі (злева) і прадстаўнікі ААТ “Белаграпрамбанк” у час урачыстага ўручэння падарачнага сертыфіката.

Фота з сайта belapb.by

Опубликовано ГЧ № 49 от 29.06.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.