Свая сярод вяскоўцаў

У аддзяленне № 120/10 ААТ «ААБ Беларусбанк» у аграгарадку Арэхава разам з фотакарэспандэнтам мы патрапілі, калі ў спецыяліста яго, Вольгі Сверба, быў тэхнічны перапынак. Адкрыцця “акенца” чакалі разам з намі некалькі мясцовых жыхароў.  Заўважыўшы людзей  з блакнотам, дыктафонам і фотаапаратам, яны не маглі не пацікавіцца, чаму мы завіталі ў вёску. Пачаўся дыялог, у час якога пра Вольгу Сцяпанаўну, а яна тры гады працуе ў аддзяленні банка, пачулі шмат прыемнага і ніводнага наракання. 

— Толькі прыгожа напішыце. Добрых слоў не шкадуйце. Да яе ўсе іх можна аднесці, — не скупіліся на станоўчую ацэнку наведвальнікі аддзялення. – Заўсёды ўважлівая, інтэлігентная, калі неабходна, растлумачыць або дасць карысную інфармацыю па  банкаўскіх аперацыях. Нам з ёй вельмі пашчасціла. І гаспадыня добрая, і спецыяліст выдатны.
Пачуўшы, што размова ідзе пра яе, Вольга Сверба паспяшалася сціпла ўдакладніць, што быць ветлівай, уважлівай, дапамагаць людзям разабрацца, як і што трэба рабіць, – гэта проста работа, якую яна любіць.
Родам Вольга з Маларыты. Яна ніколі не думала аб тым, што будзе жыць і працаваць у вёсцы. Вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” яна атрымала ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Першы вопыт работы набывала ў СВК “Арэхава”, з гэтых мясцін яе муж, які працуе ў гаспадарцы механізатарам. Маладой сям’і гаспадарка выдзеліла дом. У ім 8 гадоў таму ўпершыню прагучаў дзіцячы галасок, праз тры гады дзяцей ужо было двое. Калі Вользе трэба было выходзіць з водпуску па догляду за дзіцяці, спецыяліст банка з вялікім стажам Лідзія Хадачук узяла дзяўчыну пад сваё прафесійнае крыло, параіла на сваё месца яе кандыдатуру, усяму навучыла.
— Вядома, знаёмства з новай сферай было няпростым. Але я хутка ўлілася ў работу. Мне яна вельмі падабаецца, магу сказаць, што знайшла сваю справу. Кожны новы дзень прыносіць мне зносіны з людзьмі. У кожнага вяскоўца свой характар, а значыць даводзіцца знаходзіць свой падыход, і гэта вельмі цікава. У рабоце стараюся быць адказнай, а ў зносінах з людзьмі — адкрытай. Мне прыемна дапамагаць кліентам.
Працоўны дзень у спецыяліста па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг вельмі насычаны і плённы, бо штодня яна абслугоўвае вялікую колькасць сельскіх жыхароў, якія наведваюць аддзяленне, каб зрабіць неабходныя плацяжы і банкаўскія аперацыі. Працуе аддзяленне чатыры дні на ты­дзень, таму тут заўсёды шматлюдна. Крыху менш кліентаў у першыя дні месяца, пакуль няма плацяжоў і пенсію яшчэ не налічылі. Ветлівы банкаўскі работнік, у абавязкі якой уваходзіць прыём камунальных плацяжоў, выдачы пенсіі, афармленне дагавораў страхавання, пераводаў, папаўненне ўкладаў і многае іншае, у поўнай меры спраўляецца з работай. Аб гэтым гаворыць і такі факт: у апошні час аддзяленне працуе з прыбыткам.
Пасля работы Вольга спяшаецца дадому, дзе, акрамя дамачадцаў, яе чакае яшчэ і хатняя гаспадарка. Займаецца яна і добраўпарадкаваннем прысядзібнага ўчастка. Як заўважае сама Вольга, да вясковага жыцця яна прывыкла, Арэхава для яе стала родным. Менавіта тут яна знайшла любімую работу, стварыла сям’ю, набыла жыллё, а ўсё гэта і ёсць тое галоўнае, каб адчуваць сябе шчаслівым чалавекам.

Аўтарскі праект Дар’і ПАДАЛІНСКАЙ

На здымку: спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг Вольга Сверба.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 49 от 29.06.16г.

Добавить комментарий


https://biceps-ua.com

topobzor.info

designedby3d.com/shop/overwatch-reaper-costume/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!