Зорка ясная

Пра гісторыю свайго кахання і стварэння сям’і, якая заўтра адзначыць дыяментавае вяселле, Мікалай Піпко  з вёскі Хмялёўка можа распавядаць бясконца.

Пачатак гэтай увогуле звычайнай жыццёвай гісторыі прыпадае на сярэдзіну пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады, у 1954 годзе , выпускніца Магілёўскага педагагічнага вучылішча Люся Шпанькова ра­зам з дзвюма сяброўкамі, гэткімі ж маладымі, як і яна сама, прыехалі па размеркаванні настаўнічаць у Хмялёўку. Вядома ж, з’яўленне ў вёсцы незнаёмых дзяўчат не засталося незаўважаным. Асабліва сярод мясцовых хлопцаў. Праўда, далёка не кожны патэнцыяльны кавалер асмельваўся падысці да «вучыцелек», якія тады былі значнай фігурай на вёсцы. Але маладосць брала сваё. Ды і настаўніцы ся­дзець па кватэрах не маглі і не хацелі. І ў хуткім часе яны разам з вясковымі дзяўчатамі і хлопцамі збіраліся разам, хадзілі на танцы. А ў Люсі і кавалер з’явіўся. З хутара. Заможны.
Што тычыцца Мікалая Піпко, то на момант прыезду настаўніц у Хмялёўку ён быў далёка ад роднай вёскі: разам з іншымі хлопцамі паехаў на заробкі аж у Кіраваградскую вобласць. І сваю Людмілу Паўлаўну, так паважліва ён называе жонку-педагога і праз 60 гадоў сумеснага жыцця, убачыў упершыню, калі вяртаўся з далёкай паездкі дахаты. Так склалася, што 17-гадоваму юнаку давялося пакінуць работу ў будаўнічай брыгадзе раней за іншых аднавяскоўцаў і дамоў дабірацца аднаму.
Да паездкі ва Украіну яму не даводзілася яшчэ так далёка і надоўга адлучацца з дому, таму туга па родных была настолькі вялікай, што ён, можна сказаць, “ляцеў” у сваю Хмялёўку з Маларыты, куды прыехаў цягніком. Калі ж да хаты заставалася “рукой падаць” , а перад вачыма паўсталі вясковыя пабудовы, стомлены дальняй дарогай, але шчаслівы, што, нарэшце, дабраўся, прысеў на пяньку і заплакаў. Невядома , колькі прасядзеў бы так, ды толькі мелодыя “Уральскай рабінушкі”, што даносілася з боку вёскі, паклікала яго далей. Так напрамкі праз балота выйшаў ён на ўскраіну Хмялёўкі. Малюнак, які ўбачыў больш за 60 гадоў таму , і цяпер нібыта жывы: цыганскія кібіткі, патэфон, з якога даносіцца мелодыя, што так усхвалявала яго душу, і сасна, да якой прыхіліліся незнаёмыя дзяўчаты і мясцовая паштарка. Яны слухалі песню. Калі паштарка заўважыла Мікалая, падышла да яго і нібыта адказала на пытанне, якое так і не прагучала: «Да нас у школу прыслалі трох новых настаўніц».
— Адна была вельмі прыгожая, ды надта ж гордая, — успамінаў падчас сустрэчы Мікалай Ці­мафеевіч. – Другая – так сабе. А вось трэцяя мне спадабалася , як толькі ўбачыў яе: не скажаш, што прыгажуня, але вельмі і вельмі прывабная.
…У той далёкі вечар яны і пазнаёміліся. Гэта быў пачатак кахання вясковага хлопца да сельскай настаўніцы. Пасля песні маладыя людзі паслухалі яшчэ некалькі мелодый у выкананні цыгана-скрыпача і пайшлі па хатах. Спачатку Мікалай з новымі знаёмымі дзяўчатамі правялі дамоў паштарку. Пасля — сябровак той, якая яму так спадабалася, і толькі тады накіраваліся да дома, дзе кватаравала Люся. Аказалася, што яна жыве ў доме насупраць яго роднага брата. Калі развітаўся з ёй, усхваляваны знаёмствам і першым не вядомым дагэтуль пачуццём, што ўзнікла ў яго сэрцы, Мікалай вырашыў не будзіць родзічаў, з якімі жыў, і адправіўся спаць на вышкі. Але не змог заснуць. Сэрца калацілася так, што, здавалася,вось-вось вырвецца з грудзей. А ў галаве круцілася адна думка: яна – настаўніца, а хто я?
А ён стаў яе мужам, а пасля і сам настаўнікам. Не адразу, праўда, а праз пэўны час, бо хлопец доўга яшчэ не асмельваўся сказаць настаўніцы пра свае пачуцці. Тым больш, што і сябру яго, таму самаму заможнаму з хутара, Люся падабалася. Так і хадзілі ўдвух да яе на вячоркі, праводзілі з танцаў, а пасля і ў вячэрнюю школу прыйшлі, дзе яна вучыла вясковую моладзь. Сядзелі за адной партай і з захапленнем лавілі кожнае яе слова, кожны пагляд, кінуты ў іх бок. Вось толькі не маглі разабрацца, каму той пагляд быў адрасаваны.
У хуткім часе, праўда, усё высветлілася: гаспадыня дома, дзе жыла Людміла Шпанькова, выпадкова пачула гаворку настаўніц. Маўляў, шанцуе табе Люся, да цябе такі хлопец ходзіць: і прыгожы, і багаты. На што тая адказала:”Не адзін, а два. І мне Коля больш падабаецца”.
Вядома ж, суседка хуценька падзялілася пачутым з сястрой Мікалая, а тая – з братам. Гэтая навіна акрыліла хлопца, тым больш, што і сябар пайшоў служыць у армію. А Люся, хоць і была на яго праводзінах, чакаць не абяцала. Пасля гэтых падзей ён стаў крыху смялейшы ў адносінах да дзяўчыны, але па-ранейшаму называў яе Людмілай Паўлаўнай і на «Вы». І хоць у яго самога наперадзе была яшчэ служба ў арміі, ён гатовы быў ажаніцца з ёй зараз жа. А яна, як ні ў чым ні было, сябравала і сустракалася з Колем і першы час адказвала на пісьмы Сцяпана. Калі ж аднойчы хлопец не вытрымаў і спытаў, ці пойдзе яна за яго замуж, дзяўчына дала станоўчы адказ. Мікалай быў на сёмым небе ад шчасця, а Люся пасля гэтага перастала адказваць на пісьмы Сцяпана. Доўга не думаючы, маладыя людзі вырашылі падаць заяву ў сельскі Савет, каб афіцыйна зарэгістраваць свае адносіны.
І яны распісаліся. Пасля таго, як Мікалай яшчэ раз з’ездзіў на заробкі і прывёз у якасці пасагу 8 цэнтнераў пшаніцы, апрануў новы касцюм, абуў хромавыя боты, пасадзіў сваю нарачоную на веласіпед і павёз яе ў Олтуш. А вечарам разам з роднымі Мікалая і настаўнікамі справілі вечарыну.
Пра свой выбар і пра замужжа Люся да пары да часу маці не гаварыла, бо ведала, што той зусім не падабаецца “забітая” вёска, куды і даехаць не было чым. Ды і абраннік дачкі таксама не спадабаўся, калі яны пасля рэгістрацыі шлюбу прыехалі да яе ў госці. Яна плакала і абуралася, маўляў, я чакала зяця ў шляпе і з партфелем… Супакоілася толькі тады, калі пераканалася, што Мікалай гаспадарлівы чалавек, бо за некалькі дзён, што яны прабылі ў цешчы, адрамантаваў ёй агаро­джу ля дома, скасіў траву.
Пасля агледзін цешчы маладую сям’ю чакала новае выпрабаванне. Калі вярнуліся з гасцей у Хмялёўку, малады муж атрымаў павестку ў армію. Па стане здароўя ён мог бы, як зараз гавораць, “адкасіць”ад службы, але не стаў гэтага рабіць, бо хацеў быць , як усе – паўнацэнным грамадзянінам сваёй краіны. Хоць і цяжка было яму пакідаць маладую жонку, якая ўжо чакала дзіця, адну на чужыне, але Мікалай у хуткім часе апрануў салдацкую форму. Служыў у Днепрапятроўску ў зенітным дывізіёне. Быў ротным запявалам, удзельнікам гарадскога ансамбля песні і танца. Але гэта ніколькі не перашкаджала яму кожны дзень пісаць пісьмы сваёй Людміле Паўлаўне. Поўныя пяшчоты і кахання, яны гаварылі пра тое, як сумуе яе любы, як рвецца яго душа да яе. Іх жанчына захоўвала потым яшчэ доўгія гады.
А ў хуткім часе ў сям’і Піпко з’явіўся і першынец Вадзім. Пра гэтую падзею салдат тэрміновай службы даведаўся з пісьма сваёй жонкі, а ўбачыў яго ўпершыню, калі прыйшоў у водпуск. Калі ж пабыўка заканчвалася, стала вядома, што Мікалая Піпко па стане здароўя ўсё ж камісавалі. І гэта было дарэчы, бо за час водпуску ён паспеў паступіць у вучылішча механізацыі. Яму патрэбна было карміць сям’ю, а гэта значыць неабходна была нейкая спецыяльнасць . І ён яе набыў.
Распавядаючы пра той час сёння, Мікалай Цімафеевіч успамінаў, як аднойчы, калі працаваў ужо ў МТС, вяртаючыся з поля, дзе на камбайне ўбіраў хлеб, убачыў у акне свайго дома нейкага салдата са сваім сынам на руках і жонку, якая завіхалася ля стала. Неяк не па сабе яму стала, хоць яго Люся ніколі не давала падстаў для рэўнасці. А гэта сябар з арміі прыйшоў. Той самы. Яны павячэралі, выпілі па чарцы. На развітанне Сцяпан сказаў: “ Мне тут ужо няма чаго рабіць”, ён пажадаў маладой сям’і шчасця і развітаўся.
А Людміла Паўлаўна, акрамя ўсяго іншага, успомніла, як цяжка ім далося будаўніцтва ўласнага дома. Для таго, каб разлічыцца за выдзелены для будоўлі лес, у нарыхтоўчую кантору неабходна было здаць вельмі многа курыных яек . Збіралі іх яны па ўсёй акрузе. Нялёгка тады давялося яе мужу, бо ў асноўным ён хадзіў па суседніх вёсках, каб купіць іх у людзей.
Падзялілася Людміла Паўлаўна і сваім, жаночым. Яна хоць і не раўнавала свайго Колю, але ўсё ж ёй было вельмі непрыемна, калі ён гаварыў у яе прысутнасці кампліменты ці ўсміхаўся іншым жанчынам. А ён проста не мог інакш. Дайшло да таго, што адна маладзенькая настаўніца напрамую гаварыла ёй, што кахае яе мужа. Мала таго, яна часта прыходзіла да іх у дом. Калі ж зразумела, што нічога ёй там не “свеціць”, увогуле з’ехала з Хмялёўкі. Але яшчэ доўгія 2 гады закідвала пісьмамі Людмілу Паўлаўну. Яна, як прызнаўся Мікалай Цімафеевіч, і яму абяцала пісаць на пошту “да запатрабавання”. Увогуле, гаварыў мой суразмоўца, спакус у жыцці было нямала. Ды толькі розум у цвярозай галаве браў верх над гарачымі пачуццямі. І ён заўжды памятаў пра абяцанне, дадзенае сваёй Паўлаўне, што ніколі ні на каго яе не прамяняе.
Ні разу за 60 гадоў сумеснага жыцця не здрадзіў ёй нават у думках. Увесь гэты час як мог аберагаў сваю “зорку ясную”, як пяшчотна называе яе, ад лішніх клопатаў і хваляванняў і хоць раз на дзень абавязкова заспявае ёй песню “пра любоў сваю непагасную”. Бачыў, як нялёгка ёй часам бывала на чужыне, таму ва ўсім стараўся і стараецца падставіць ёй сваё моцнае мужчынскае плячо. Калі былі маладыя, вазіў на матацыкле, які купілі першыя ў вёсцы, а потым на “Запарожцы” на Белае возера, вандравалі падчас водпуску па Украіне. Без боязі здрады ці нейкага нядобрага ўчынку адпускаў жонку ў санаторыі і дамы адпачынку. І дагэтуль дзякуе лёсу за тое, што некалі звёў яго з такой цудоўнай жанчынай, якая падаравала яму траіх сыноў. Вадзім, Аляксандр і Генадзь на ўсе сто апраўдалі жаданні бацькоў: як дачка ваеннага Людміла Паўлаўна хацела, каб іх сыны сталі афіцэрамі, а сам Мікалай Цімафеевіч – каб настаўнікамі. Усе хлопцы маюць афіцэрскае званне і настаўнічаюць. Ці не гэта апагей шчаслівага сямейнага жыцця і кахання, пранесенага праз гады?..
Надзея ЯЦУРА.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 49 от 29.06.16г.

Добавить комментарий


http://www.farm-pump-ua.com/

узнать больше topobzor.info

www.medicaments-24.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!