З запалам і натхненнем… …адсвяткавалі маларытчане ў мінулую суботу Дзень Моладзі.

Творчасць, гумар, бадзёрасць, інтэлект і крэатыў зліліся разам на  пляцоўцы ля гарадскога Дома культуры, дзе гараджан сабрала святочная праграма “Моладзь. Надзея. Прыгажосць”. Раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ” і гарадскі Дом культуры вырашылі аднавіць традыцыю — у шырокім фармаце, актыўна і весела праводзіць гэты дзень разам з моладдзю раёна.

Той, хто ў спякотны суботні вечар прапусціў свята, – можа толькі шкадаваць аб гэтым. Праграма для моладзі была цікавай, асабліва парадаваў маларытчан раённы конкурс “Лепшы з лепшых” сярод маладзёжных калектываў арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў. Адзі­нае, чаго не хапала, – гэта масавасці моладзі, для якой, у прыватнасці, і арганізоўвалі канцэртную праграму, работу забаўляльных, інфармацыйных пляцовак, выставак. На гукі музыкі, заклікі вядучых Ксеніі Табачкоўскай і Юрыя Лішугі далучыцца да свята, адгукнулася не менш за сотню маладых лю­дзей. Яны з цікавасцю знаёміліся з тэматычнымі пляцоўкамі. Завітаць у «Кніжны дворык» запрашалі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яны прадставілі паліцу «Буккросінг». У час свята, у рамках рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кніга. BY», маладыя людзі маглі ўзяць кнігу, якая ім даспадобы, а затым прынесці на яе месца сваю, ужо прачытаную. Побач працавала інфармацыйна-тэматычная пляцоўка «Здароўе», прымеркаваная да Дня барацьбы з наркотыкамі. Яе арганізаваў раённы камітэт ГА “БРСМ” сумесна з раённым Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Актывісты маладзёжнай арганізацыі раздалі тэматычныя буклеты «Як захаваць здароўе ў сучасных умовах жыцця?», «Мы — супраць наркотыкаў!», «Квіток у бяспечнае жыццё», «Праўда аб спайсах», «Прамыя прыкметы наркатычнага ап’янення» і іншыя. На «Спартыўнай» пляцоўцы сярод маларытчан на працягу трох гадзін трэнер Віталь Касцючык праводзіў індывідуальныя спаборніцтвы «Пабі рэкорд», у якіх мог паўдзельнічаць кожны. Лепшым у скачках у даўжыню з месца стаў Дзмітрый Мірчук, у адцісканні – Міхаіл Кульчынскі. Зоі Бутэнка не было роўных у скачках на скакалцы. Перамогу ў практыкаванні “Набіванне мяча” заваяваў Генадзь Грузінскі. Таксама была створана «Кніга рэкордаў», куды запісалі самае доўгае і кароткае прозвішчы гасцей свята, імя, у якім больш усяго літар. Для самых маленькіх маларытчан, якія прыйшлі разам з бацькамі, працавала гульнёвая пляцоўка. У мерапрыемстве прыняла ўдзел кампанія “Сібірскае здароўе”, якая прапанавала пазнаёміцца з вітамінна-мінеральнымі комплексамі, фітачаямі і іншай прадукцыяй.
«Палітру маладзёжных заха­пленняў» – карціны, зробленыя з натуральнай скуры, кветкі з гафрыраванай паперы, тапіарыі, сувеніры з пацерак, кававых зярнятак і іншых матэрыялаў – убачылі маларытчане на выставе творчых работ маларытчанкі Ірыны Харунджай і тых, хто наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. “Цвіком” святочнай праграмы стаў, безумоўна, конкурс “Лепшы з лепшых”. Хоць каманд-удзельніц было ўсяго дзве – “Фантазёры” СААТ ”Раскарм” і “Летуценнікі” Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы – але ж яны паказалі высокі “клас”. Журы выбірала сапраўды лепшага з лепшых, бо высокі ўзровень падрыхтоўкі, арыгінальнасць ну­мароў паказалі абедзве каманды. Бурных авацый гледачоў заслужылі яны ў час конкурсу “Маладзёжная мода”. “Фантазеры” ў гумарыстычнай форме, з выкарыстаннем музычных кам­пазіцый, прадэманстравалі форменнае адзенне работнікаў прадпрыемства. А вось дзяўчаты з каманды-саперніцы падрыхтавалі для маларытчан сапраўднае шоу. Як заўважыў вядучы, медыкі ў такім адзенні – сапраўдная мара для пацыента. Медыцынскія ха­латы з дапамогай умелых рук, медыцынскіх прылад, а яшчэ — бязмежнай фантазіі пе­ратварыліся ў непараўнальныя касцюмы.
Цікавымі былі і плакаты каманд, дзе праз фотаздымкі яны расказалі, як працуюць і адпачываюць у калектыве. Крэатыўна да гэтага дамашняга задання падышлі медыкі. Чытаючы подпісы пад фотаздымкамі, немагчыма было стрымаць усмешку. Улічыўшы тое, што конкурс праводзіўся ўпершыню, а каманд удзельніц было ўсяго дзве і праявілі яны сябе “на ўра”, журы вырашыла раздзяліць перамогу пароўну. Каманды атрымалі ў падарунак кава-варкі ад спонсараў конкурсу, якімі выступілі ГА “Беларускі фонд міру”, раённы камітэт “БРСМ” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Завяршылася святочная праграма “Дыскатэкай пакаленняў”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у час святочнай праграмы “Моладзь. Надзея. Прыгажосць”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 50 2.07.16г.

 

Добавить комментарий


узнать больше
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!