Жыта даспела – работа закіпела

У СВК “Гвозніца” бітву за хлеб новага  ўраджаю вядуць 3 экіпажы камбайнаў КЗC-10.

Вось і ў мінулы аўторак усе гэтыя збожжаўборачныя агрэгаты працавалі ва ўрочышчы “Пад брадком” ля Брадзяціна. Магутныя машыны, якімі кіравалі Алег Аўтухоў і Мацвей Ваўрушэвіч, Васіль Бойка і Уладзімір Дзібук, Леанід Марашчук і Мікалай Цымбаліст, здалёк былі бачныя на 20-гектарным жытнёвым участку. Брыгадзір Андрэй Бягеза кантраляваў работу камбайнераў і правяраў якасць абмалоту збажыны. Ад яго даведаліся, што жніво ў гаспадарцы распачалося ў нядзелю: за два няпоўныя дні хлебаробы абмалацілі азімае жыта на 42 гектарах. Усяго ж камбайнерам сёлета неабходна ўбраць азімыя і яравыя збожжавыя на плошчы 740 гектараў.
На другім канцы ўчастка дзяжурыла абсталяваная “пажарка” Уладзіміра Кавальчука, побач былі аўтамабілі, якія задзейнічаны на адвозцы зерня.
Калі КЗС-10 Алега Аўтухова і Мацвея Ваўрушэвіча на некалькі хвілін прыпыніўся, пацікавіліся ў камбайнераў арганізацыяй і ходам жніва ў СВК.
— З умовамі спаборніцтва і аплатай на ўборцы збожжавых нас азнаёмілі на сходзе, які адбыўся перад пачаткам жніва, — гаворыць Алег Аўтухоў. — Акрамя заробленых грошай, кожны атрымае таксама збожжа і салому.
— А як з абедамі?
— Гарачае харчаванне мы атрымліваем у абед і ў падвячорак, — дапаўняе старшага камбайнера Мацвей Ваўрушэвіч. – Абеды смачныя і каларыйныя.
На гэтай прыемнай ноце мы завяршылі размову з камбайнерамі, для якіх у гарачы час жніва дарагая кожная хвіліна. Яны ж спрытна ўзабраліся ў кабіну сваёй “баявой” машыны, якая павольна паплыла па хлебнай ніве, пакідаючы за сабой іржышча і валкі саломы…
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: вопытныя камбайнеры Мацвей Ваўрушэвіч і Алег Аўтухоў разам з брыгадзірам Андрэем Бягезам (у цэнтры) ва ўрочышчы “Пад брадком”.
Фота
Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 56 от 23.07.16 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.