Фундамент бяспекі

Выратоўваць, абараняць, дапамагаць тым, хто трапіў у бяду, папярэджваць няшчасныя выпадкі – не простыя словы, а своеасаблівы “кодэкс гонару” для супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Менавіта зладжаная работа пажарных-выратавальнікаў, вадзіцеляў, інспектараў і іншых спецыялістаў райаддзела дазваляе адчуваць, што пра нашу бяспеку заўсёды клапоцяцца, і нават у самай неардынарнай сітуацыі руку дапамогі працягнуць кваліфікаваныя выратавальнікі.

Рыхтуючы матэрыя­лы да прафесійных свят пажарных-выра­та­вальнікаў, мы шмат расказвалі аб людзях, якія даюць адпор пажарам, спяшаюцца ліквідаваць любы надзвычайны выпадак. Заўсёды ў цяні заставалася не менш важная задача людзей гэтай прафесіі – прафілактыка і папярэджанне надзвычайных сітуацый, якая ўскладзена на інспекцыю нагляду і прафілактыкі. Узначальвае яе першы намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Суміч.
Генадзь Іванавіч па сваёй кар’ернай лесвіцы ў райаддзеле крочыў, не прапускаючы ніводнай ступенькі. Па адукацыі ён інжынер-энергетык, першыя два гады пасля ўніверсітэта працаваў галоўным энергетыкам у СВК “Гвозніца”. На Маларытчыне, а родам Генадзь Іванавіч з Бярозаўскага раёна, ён сустрэў сваю жонку. Так і застаўся ў нашых мясцінах. Калі ў Гвозніцы ў 1995 годзе адкрывалі пажарна-выратавальны пост, вырашыў паспрабаваць сябе ў новай прафесіі – выратавальніка. Быў начальнікам паста. Выязджаў на выклікі, шмат было складаных сітуацый, але назаўсёды засеў у памяці першы смяротны выпадак у час яго дзя­журства. Праз год службы ён перайшоў працаваць у інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду. У 2006 годзе Генадзь Іванавіч з чырвоным дыпломам скончыў Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі. На цяперашняй паса­дзе – першага намесніка начальніка – ён працуе ўжо два гады.
— Непрыкметна праляцелі больш за два дзесяцігоддзі службы ў райаддзеле. Цяпер цяжка і ўявіць сябе ў іншай справе. Пасля выхаду на пенсію, напэўна, вярнуся да сваёй першай спецыяльнасці. Дарэчы, адукацыя энергетыка спатрэбілася і ў час работы ў інспекцыі нагляду і прафілактыкі.
На думку спецыялістаў інспекцыі, фундаментам бяспекі з’яўляюцца кантроль і прафілактыка. І хоць работу інспектараў не назавеш баявой, яна таксама накіравана на выратаванне людзей. Ад таго, наколькі адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі аб’екты прадпрыемстваў і арганізацый, залежыць не толькі іх эканамічны дабрабыт, але і жыццё і здароўе работнікаў. Уважлівы кантроль інспектараў за выкананнем супрацьпажарных патрабаванняў пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і тэхнічным пераўзбраенні аб’ектаў дапамагае пазбегнуць непрыемных наступстваў. Інспекцыя таксама інфар­муе насельніцтва аб стане пажарнай бяспекі і выніках нагляднай дзейнасці, дапамагае навучаць патрабаванням пажарнай бяспекі, вывучае прычыны пажараў. Калі пры праверцы аб’ектаў выяўляюцца парушэнні, кіраўнікам прадпрыемства выдаюцца прадпісанні на ўхіленне недахопаў. Аднак, як расказвае Генадзь Іванавіч, не ўсе кіраўнікі надаюць патрэбную ўвагу пытанням забеспячэння пажарнай бяспекі на аб’ектах.
— Напэўна, самая складаная частка нашай справы – гэта ўзаемадзеянне з людзьмі. Важна знайсці патрэбныя словы, аргументы, стымулы, каб даказаць кіраўніку, што гэта не проста надуманыя патрабаванні, а справа асабістай бяспекі людзей, якія працуюць на аб’екце, наведваюць яго. Вядома, калі метады пераканання не дзейнічаюць, даводзіцца прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.
Разам з Гена­дзем Іва­навічам выконвае вышэйпералічаныя функцыі на працягу года малады інспектар Валерый Трэбік, а ў жніўні інспекцыю папоўніць яшчэ адзін спецыяліст. Валерый у пажарную службу трапіў невыпадкова. Яго бацька Аляксандр Трэбік шмат гадоў працаваў тут вадзіцелем. Таму дзяцінства маладога спецыяліста прайшло, па яго словах, у райаддзеле. Валерый скончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС РБ. Практыку ў час навучання праходзіў на Маларытчыне, дзякуючы чаму меў уяўленне аб той справе, якой давядзецца займацца. Генадзь Суміч стаў для Валерыя не толькі калегам, але і настаўнікам. А гэта немалаважна, калі малады спецыяліст толькі пачынае знаёміцца з прафесіяй. Галоўным у сваёй рабоце Валерый лічыць захаванне жыцця і здароўя людзей. Гэтае меркаванне, на мой погляд, добра адлюстроўвае не толькі работу інспекцыі, але і дзейнасць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у цэлым.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Суміч разам з інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі Валерыем Трэбікам.
Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 56 от 27.07.16г.

Добавить комментарий


pharmacy24.com.ua

ссылка на www.cl24.com.ua

www.poliv.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!