“Пра сыравіну яна ведае ўсё”

Разам з камбінатам святкуюць сёлета юбілеі і некаторыя яго работнікі. Адна з іх – кладаўшчык сыравіннага склада Данута Лямачка.
Перш чым сустрэцца з ёй, пачула характарыстыку кіраўніка і спецыялістаў, якія ў адзін голас сказалі: “Неацэнны работнік. Палачка-выручалачка. Як бы цяжка ні было ні ёй самой, ні прадпрыемству, Данута Станіславаўна ніколі не здраджвала рабоце. Працавічка. Адказная. Пра сыравіну яна ведае ўсё”.
32 гады назад прыйшла Данута Лямачка рабочай у кансервавы цэх. А прывёз яе ў Маларыту муж,  з якім пазнаёміліся ў Гродна,  дзе працавала шэф-поварам пасля гандлёва-кулінарнага тэхнікума. І хаця ў той час у цэху шмат было ручной працы, але цяжэйшай за працу повара яна не здалася. Данута неяк адразу ўлілася ў калектыў змены, якім кіравала тады майстар Фядосся Бойка, умелы кіраўнік і справядлівы чалавек. Тая ж у сваю чаргу ўбачыла ў Дануце добрасумленнага і надзвычай адказнага работніка. Неўзабаве ёй даверыла ўчастак стэрылізацыі гатовай прадукцыі, дзе работа аплачвалася па больш высокаму тарыфу.
Адказныя і адданыя людзі заўжды былі ў цане на любым участку, у тым ліку і на сыравінным, куды потым перавялі жанчыну,  на якім яна вось ужо 26 гадоў шчыруе.
— Яшчэ б! Як жа не ведаць усё пра сыравіну, — смяецца Данута. – Усё, што паступае да нас, праходзіць праз мае рукі. Я ведаю, адкуль прадукцыя,  якой яна якасці,  спеласці, стандартнасці і г.д.
— Адкуль такое зайздроснае пастаянства на працы? У часы, калі камбінат эканамічна штарміла, многія пакідалі яго, шукалі работу.
— Яно – з сям’і. У мяне шмат сясцёр, братоў – і ўсе працуюць на адным месцы. Маці, а ёй калісьці бабуля наша,  гаварылі так: калі вы прыйшлі ў калектыў, працуйце так, каб людзі пра вас нічога дрэннага не сказалі, і каб самі атрымлівалі ад работы задавальненне. На такіх пастулатах нас выхоўвалі, прывучаючы з дзяцінства да працы. Вось і ўвесь сакрэт.
— Што за час работы на камбінаце запомнілася больш за ўсё?
— Напэўна, начныя змены ў 70 – 80-ыя гады, калі за работай, каб не заснуць, людзі, а тады было шмат у нашай змене работнікаў з Украіны, спявалі. Спявалі ціха і прыгожа. Было весела, цёпла і работа атрымлівалася.
Мабыць,  гэта і не такі ўжо значны штрышок у памяці Дануты, але ён сведчыць, што яна, як і многія з тых, хто застаўся на камбінаце, даражаць яго гісторыяй, якую пісалі разам. І ноччу,  і ў дождж,  і калі было вельмі цяжка выжыць.
— Паколькі вы з камбінатам юбіляры,  што б хацелася пажадаць і сабе,  і роднаму прадпрыемству?
— Сабе ў першую чаргу здароўя. І дзецям,  а яны ўсе трое таксама на камбінаце працуюць,  каб здаровыя былі. А камбінату, такому значнаму ў маім жыцці імянінніку, здаровай канкурэнцыі сярод сабе падобных. А  яшчэ хацелася б пажадаць, каб ва ўсіх нас было больш адказнасці за агульную справу, каб заводская марка прыўносіла яшчэ больш цеплыні ў калектывісцкія адносіны. Будзе далей камбінат развівацца, будзем і мы адчуваць сябе больш упэўнена, бо кожны з нас – яго часцінка.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Данута ЛЯМАЧКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


www.avtomaticheskij-poliv.kiev.ua

хаммерайт краска

http://start-sport.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!