Справа – за маладымі

Кожны раз, калі заязджаеш на поле, дзе ідзе сапраўдная бітва за ўраджай, так і хочацца нізка, да зямлі пакланіцца ўсім тым,  хто вырасціў яго. За любоў да зямлі, за старанне, з якім на палях шчыравалі, за хлеб, які заўсёды ёсць на нашым стале. Радуе, што прафесію хлебароба, як і многія іншыя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, усё ж выбіраюць маладыя. 

Вось і ў СВК ”Хаціслаўскі” на сёлетняй уборачнай кампаніі занята многа юнакоў, якія выбралі для сябе вечныя хлебаробскія клопаты. У ліку такіх і галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Давыдовіч, і загадчык аддзялення ”Маларыта” Міхаіл Трафімук, і памочнік камбайнера Аляксей Блышчык, і вадзіцель Раман Лямачка, і многія-многія іншыя.
У кожнага з іх быў свой шлях у сельскую гаспадарку. Але ні адзін не сказаў, што аднойчы пашкадаваў аб гэтым. Да прыкладу, Аляксандр Давыдовіч пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта прыехаў па размеркаванні ў СВК ”Хаціслаўскі”. 2 гады, што трэба было, адпрацаваў і мог бы смела выбіраць іншае месца для работы. Але сам жа ён мясцовы, тут жывуць бацькі, дый выбраная прафесія яму падабаецца. Таму і застаўся ў гаспадарцы, тым больш, што і пасаду добрую прапанавалі — галоўнага агранома. І няхай яшчэ не ўсё ў Аляксандра атрымліваецца гэтак, як у вопытных спецыялістаў, галоўнае, што ў яго ёсць жаданне працаваць, вучыцца і набываць вопыт.
Міхаіл Трафімук — сам гарадскі. Але прафесію выбраў сельскую. Адслужыў у арміі і вярнуўся працаваць у Хаціслаў. Трэці сезон працуе вадзіцелем на адвозцы зерня Раман Лямачка. Закончыў школу, адслужыў у арміі і зноў прыйшоў уладкоўвацца ў гаспадарку, дзе пачынаў сваю працоўную біяграфію. Аляксей Блышчык закончыў Маларыцкі дзяржаўны ліцэй сельгасвытворчасці. Працаваў механізатарам, а сёлета ўпершыню яму прапанавалі быць памочнікам аднаго з вопытных і лепшых камбайнераў Леаніда Мішчука. А значыць ёсць гарантыя таго, што Аляксей у будучым зможа сам працаваць камбайнерам.
Не выпадковыя ў сельскай гаспадарцы і Уладзімір Яўтушык, Юрый Ківачук. Апошні нейкі час працаваў на “Кварцмелпраме”. Але зразумеў, што яго рукі, рукі вясковага чалавека, больш могуць спатрэбіцца ў сельскай гаспадарцы. Уладзімір Яўтушык — патомны хлебароб. Яго бацькі ўсё сваё жыццё аддалі сялянскай працы.
Што датычыць уборкі, дык у гаспадарцы, па словах галоўнага агранома Аляксандра Давыдовіча, створаны ўсе ўмовы, каб правесці яе ў сціслыя тэрміны. Задзейнічаны 8 камбайнаў, на якіх працуюць экіпажы. Дастаткова і транспарту для адвозу зерня.
-Вось толькі ўра­джайнасць,-гаварыў Аляксандр, — не зусім радуе. Хаця на асобных участках, скажам, ва ўрочышчы ”Вадапад”, азімае жыта дало па 38 цэнтнераў з гектара. Тут, ва ўрочышчы”Нямецкае”, ураджай крыху горшы, 32 цэнтнеры з гектара, але мы спадзяемся, што на лепшых участках зерневыя ўрадзілі лепш.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымках: Юрый КІВАЧУК, Міхаіл ТРАФІМУК і Уладзімір ЯЎТУШЫК; вадзіцель Раман Лямачка.

Фота
Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано № 57 от 27.07.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://220km.com.ua

pharmacy24.com.ua