Завод надзеі

Любое прадпрыемства – гэта ў першую чаргу людзі. Менавіта яны з’яўляюцца той неад’емнай часткай агульнага вытворчага механізму, без якой ён сам па сабе нішто. Таму гісторыя любога прадпрыемства заўсёды цесна пераплецена з лёсамі людзей, якія стаялі ля вытокаў яго, заваёўвалі славу, прымнажалі працоўныя здабыткі.
Амаль па 30 год свайго жыцця аддалі заводу ці камбінату цяперашні кіраўнік яго Таццяна Камянчук, старшыня прафкама Кацярына Галавій і старшы майстар Ганна Дацык. Кожную з іх карэспандэнт рэдакцыі папрасіла адказаць на тры пытанні: чым запомніўся першы дзень работы на заводзе, што стаяла за першым вытворчым поспехам і які дзень яны абавязкова хацелі б яшчэ ўбачыць?
Таццяна Камянчук, дырэктар камбі­ната:
1. — На завод я прыйшла 1 жніўня 1981 года. Нас тады было адразу 6 маладых спецыялістаў. У першы дзень, як звычайна, знаёміліся з заводам. Нас вадзілі па яго тэрыторыі, паказвалі цэхі. Першае, што ўразіла, гэта мноства сыравіны: таматы, яблыкі, бульба, ягады. А яшчэ рытм работы. Тут сушыльны цэх працуе, тут сок выціскаюць, тут выпускаюцца кансервы, у тым ліку і дзіцячае харчаванне. Я тады проста здзівілася: як можна ўсё наладзіць, арганізаваць так, каб такі вялікі механізм “круціўся”,  і кожны ведаў і разумеў, што яму трэба рабіць.
А  як дбайна мылася ўся сыравіна, перш чым перапрацоўвацца! Убачыўшы гэта,  падумала,  што,  напэўна, не кожная гаспадыня перад тым,  як варыць варэнне ці рабіць нейкія салаты, так доўга і добра мые ягады ці іншую сыравіну.
У той дзень нас пазнаёмілі з дырэктарам, нам ён здаўся непахіснай скалой: усё ведаў, усё разумеў,  ва ўсім разбіраўся. Адукаваны, талковы, разумны кіраўнік – так падумалася пасля знаёмства з Іванам Дзянісавічам Камянецкім. І чым больш працавала на заводзе, тым больш у гэтым пераконвалася.
Такое ж    уражанне засталося ў мяне і пасля знаёмства з Галінай Якаўлеўнай Губей, начальнікам лаба­раторыі, — адукаваным, інтэ­лігентным і глыбока прыстойным спецыялістам і чалавекам.
2. – Нейкі час мы ў цесным кантакце працавалі з адной са структур, якая і дала нам магчымасць развівацца ў плане новай вытворчасці. Той год,  а гэта быў 2000-ы, стаў найбольш ураджайным на асваенне выпуску такіх відаў кансерваў, якіх у Беларусі яшчэ ні адно прадпрыемства не выпускала. У нас тады з’явілася 30 – 35 відаў новых кансерваў з выкарыстаннем сыравіны, што выпускалася ў нашай мясцовасці і не толькі. Гэта былі кансервы з дабаўленнем тварагу, каш. І мы да сёння гэтыя кансервы выпускаем. Я была рада, што таксама мела прамое дачыненне да асваення новых відаў прадукцыі і лічыла тое сваім першым вялікім вытворчым поспехам. У той жа год як начальнік лабараторыі атрымала першую грамату ад канцэрна “Белдзяржхарчпрам”,  прычым гэтую ўзнагароду ініцыіравала кіраўніцтва самога канцэрна.
3. – Хацелася б не ў далёкім, а ў бліжэйшым будучым убачыць у сябе на прадпрыемстве нейкага прадстаўніка ўлады, магчыма, і кіраўніка нашай краіны, які прыехаў бы на камбінат з мэтай уручыць нам урадавую ўзнагароду. Думаю, што наш калектыў гэтага варты. І гатовы прыняць такую ўзнагароду, несці адказнасць за яе ці апраўдваць яе. Каб гаварылі не проста ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, а ардэнаносны. Нашы людзі таго заслугоўваюць. Ды і прадпрыемства наша заўсёды было самым малым у галіне,  але на сённяшні дзень мы лідары па вытворчасці дзіцячага харчавання. Прычым не толькі больш за ўсіх яго выпускаем, але і больш за ўсіх экспартуем: у Расію, Казахстан, Украіну.

Кацярына Галавій, старшыня прафкама камбіната:
1. – Калі 15 верасня 1982 года я прыйшла ўладкоўвацца на работу на завод, мяне назначылі брыгадзірам у сушыльны цэх. На заводзе, як я зразумела па мноству сыравіны, быў самы сезон. Куды б ні зайшоў,  усюды кіпела работа. У сушыльным перапрацоўвалі бульбу. Я ведала, што на заводзе працуе шмат жанчын з Картэлісаў, якіх сюды штодзённа прывозілі машынай. У той дзень я працавала ў другую змену: з 16 да 24 гадзін. Чую пад вечар песні ў цэху. Усе ў адзін голас прыгожа выводзяць украінскую народную. Думала, урачыстасць якую-небудзь адзначылі. Аказалася, каб у вячэрні час лепш ладзілася работа і сон не марыў, жанчыны спявалі.
2. – 1989 год. Восень, кастрычнік. Справаздачна-выбарны сход прафсаюзнай арганізацыі завода. На пасаду старшыні прафкама прапаноўваюць маю кандыдатуру. Галасуюць і я бачу лес рук “за”. Плачу, бо не хацела. А былы старшыня прафкама падыходзіць да мяне і кажа: “Гэта мне трэба плакаць, што людзі не захацелі, каб я была іх важаком, а табе чаго? Радавацца трэба!”.
3. – Калі да нас на прадпрыемства пры­едуць за прадукцыяй не толькі нашы дзелавыя партнёры з блізкага,  але і з далёкага замежжа, у тым ліку і з замежнай Еўропы.

Ганна Дацык, старшы майстар:
1. – На работу нам,  маладым спецыялістам, першы дзень трэба было выходзіць 1 жніўня 1982 года. І мы прыехалі ў той дзень сюды, але пасля 18 гадзін. На прахадной сказалі, што рабочы дзень ужо закончыўся і накіравалі нас у інтэрнат. Там былі ўжо дзяўчаты, якія таксама прыехалі ўладкоўвацца на работу. Таму ўсе разам на заўтра пайшлі да дырэктара. Памятаю, Іван Дзянісавіч здаўся вельмі строгім. Хаця прыемна была здзіўлена, наколькі добра ведае ён сваё прадпрыемства і тых, хто на ім працуе. Мне прапанавалі пасаду майстра змены ў кансервавым цэху, дзе тады працавала Фядосся Іванаўна Бойка. У яе я павінна была прайсці стажыроўку. У першы ўжо дзень знаёмства з гэтай жанчынай зразумела, што яна вельмі добра разбіраецца ў вытворчасці, гэтак жа добра ведае сваіх падначаленых і неабыякавая да праблем завода. Аказалася, я не памылілася. Фядосся Іванаўна сапраўды была моцным кіраўніком сярэдняга звяна,  які карыстаўся вялікім аўтарытэтам у калектыве завода. Таму я была вельмі рада,  што маім першым настаўнікам была менавіта гэта жанчына – працавітая, справядлівая.
2. – Праз год мяне назначылі старшым майстрам. Гэтую пасаду я займаю па сённяшні дзень.
3. – Убачыць, што ў нашых цэхах усю работу выконваюць машыны, якімі кіруе адзін чалавек.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКАХ: дырэктар ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Таццяна КАМЯНЧУК; старшыня прафкама Кацярына ГАЛАВІЙ; старшы майстар Ганна ДАЦЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!