Аптэкар з душою танцора

Ірына Каляда – правізар-рэцэптар аптэкі № 176, што ў паліклініцы цэнтральнай райбальніцы. Ірына Станіславаўна прымала удзел у фестывалі “Фармацыя без межаў”, які прайшоў на турбазе “Немнова”. Каманды двух прадпрыемстваў Брэсцкага і Гродзенскага РУП “Фармацыя” сустрэліся ў маляўнічым куточку Прынёманскага краю, каб абмяняцца вопытам, памерацца сіламі, спрытам, прадэманстраваць свае таленты, раскрыць творчы і інтэлектуальны патэнцыял.

— Наша каманда складалася з 17 чалавек і называлася “Актыўная Творчая Фармацыя”, — расказвае Ірына Станіславаўна. – У праграме фестывалю было 4 спартыўныя спаборніцтвы, а таксама 4 творчыя этапы: візітная картка, стэм “Фармацэўты жартуюць”, размінка “Пытанні-адказы”, дамашняе заданне “Сваёй прафесіяй жыву”.
Ірына Каляда выступала ў адным з творчых конкурсаў. На суд журы яна прадставіла троххвілінны японскі танец. Станцавала “на біс”. Усе былі ў захапленні. Гэта і не дзіўна, бо Ірына Станіславаўна ў вольны час сур’ёзна захапляецца танцамі.
— Каб гледача зацікавіць, трэба яго штохвілінна трымаць у эмацыянальным напружанні, неабходна адразу завалодаць увагаю залы, — кажа Ірына Каляда. — Поспех будзе тады, калі ўсе нюансы выступлення прадумваюцца дакладна і дасканала ад пачатку да канца. Пастаноўка любога танца павінна нагадваць непаўторны маленькі спектакль.
Ірына Станіславаўна танцуе ўжо 15 гадоў. Неабходныя веды, уменні і навыкі набывала на харэаграфічным аддзяленні Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Першым пра­фесійным настаўнікам дзяўчыны была Аляксандра Вашчынчук.
— Яна навучыла ўсяму неабходнаму, дапамагла развіць талент, стаць на ногі, у неабходную хвіліну падказвала, падтрымлівала, раіла. Аляксандра Валер’еўна навучала галоўнаму: не баяцца сцэны і гледача. Пад яе кіраўніцтвам на працягу 6 гадоў вучобы харэаграфія была маім сур’ёзным захапленнем. Зрэшты, чаму была: яна застаецца і цяпер. Танец – гэта мая стыхія. Ён, як сапраўднае мастацтва, надае сілы, натхненне, жаданне жыць цікавей.
— Ірына Станіславаўна, напэўна, харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў недастаткова, каб стаць прафесіяналам?
— Безумоўна. Патрэбна жаданне дасягнуць запланаванага і паступова да гэтага набліжацца штодзень. Я, напрыклад, наведвала майстар-класы па розных накірунках танцаў у сапраўдных майстроў сваёй справы ў Мінску, Маскве, Смаленску і Санкт-Пецярбургу. Пашчасціла павучыцца ў сапраўдных спецыялістаў з Еўропы і нават Злучаных Штатаў Амерыкі. Многае ў прафесійным росце дала майстэрня сучаснага танца “El Gato Studio” (г.Мінск). Менавіта там і прыйшло захапленне японскімі танцамі. У іх ёсць тое, што чаруе, прываблівае. Японскія танцы пранізаны вытанчанасцю і спакоем, дадатковай атрыбутыкай, якая надае ім асаблівы шарм і ўнікальнасць…
Акрамя таго, я яшчэ прымала ўдзел у складзе каманды ў міжна­родным маладзёжным праекце “Extreme games Belarus-2015”. У конкурснай намінацыі “Танцы” мы занялі першае выніковае месца.
— Ірына Станіславаўна, цяпер Вы таксама выступаеце як выкладчык танцаў?
— У нейкай ступені (усміхаецца). У вольны ад асноўнай работы час дапамагаю ў пастаноўцы танцаў на добраахвотных пачатках вакальнай студыі “Cool Kids” (ГДК Маларыты), якой кіруе Вікторыя Ляўчук. Спяваць ужывую і адначасова танцаваць на сцэне – гэта відовішчна, прыгожа. Каб усё атрымалася, як задумана, патрэбна доўгая і сур’ёзная падрыхтоўка.
— А якую мару хочаце абавязкова ажыццявіць у будучым?
— Задумак шмат. Адна з іх — ар­ганізаваць танцавальны калектыў з ліку работнікаў Брэсцкага РУП “Фармацыя”, а таксама паспрабаваць прыняць з ім удзел у розных творчых конкурсах. Калі такі калектыў і з’явіцца, то, хутчэй за ўсё, ён будзе прапісаны ў абласным цэнтры.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Ірына Каляда, правізар-рэцэптар, танцаўшчыца.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 62 от 13.08.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.