Лясныя баталіі ў Хаціславе

На базе Маларыцкага лясгаса прайшлі абласныя спаборніцтвы «Лесаруб-2016».

Адкрыў іх генеральны дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксандр Тыцык. Ён пажадаў усім удзельнікам праявіць свае прафесійныя навыкі, каб выбраць лепшых з лепшых у зборную каманду вобласці, якая ўжо 18 жніўня будзе абараняць гонар Брэстчыны на рэспубліканскім узроўні.
Першае практыкаванне, у якім лесарубам давялося спаборнічаць, — валка дрэў. Для гэтага ўдзельнікі выехалі ў глыб лесу. Трэба сказаць, што сам працэс валкі зачароўвае звычайнага чала-века, які ўпершыню бачыць, як па-майстэрску робяць гэта прафесіяналы. Падыходзячы да дрэва, вальшчык задае асістэнтам накірунак плануемага падзення. Кожнаму лесарубу трэба было не толькі максімальна дакладна вызначыць траекторыю падзення дрэва, але і захаваць параметры распілоўкі. Многія вальшчыкі змаглі паваліць свае хвоі менавіта ў вызначаны “калідор”, пры гэтым не парушаючы правілаў.
Асноўная частка праграмы — так званыя стэндавыя практыкаванні. На падрыхтаваных снарадах на працягу 5 гадзін спаборнічалі 36 лесарубаў з 13 лесагаспадарчых устаноў Брэстчыны. Іх задачай было паказаць, як па-майстэрску яны ўсталёўваюць новы ланцуг на бензапілу, валодаюць уменнямі рознага віду распілоўкі, хутка і якасна абразаюць сукі, як добра ўзаемадзейнічаюць у камандзе ў час эстафеты вальшчыкаў лесу. Калі ўстаноўка ланцуга — справа для многіх звычайная, то тая ж распілоўка камбінаваным рэзам пад сілу толькі сапраўднаму прафесіяналу. Але самым захапляльным відам стэндавых спаборніцтваў, на мой погляд, была эстафета. На хуткасць члены каманды павінны былі выканаць некалькі аперацый, спілоўваючы вызначаныя часткі вертыкальна ці гарызантальна размешчаных бярвенняў.
Паказаць сваё майстэрства ў асабістым заліку змаглі і юніёры — удзельнікі ва ўзросце да 24 гадоў.
Наш раён прадстаўлялі прызёры раённых спаборніцтваў Андрэй Федарук, Сяргей Качанка, Уладзімір Дамброўскі і Уладзімір Мікійчук. Паказаўшы нядрэнны ўзровень майстэрства, маларыцкая каманда заняла месца ў сярэдзіне табліцы. Пераможцам у камандным заліку стаў Целяханскі лясгас, другое месца занялі вальшчыкі лесу з Івацэвіцкага раёна, трэцяе — Баранавіцкі лясгас. Былі вызначаны і пераможцы ў асабістым заліку, а таксама ў “Эстафеце”.
У час падліку балаў удзельнікаў і гасцей абласных спаборніцтваў забаўляў народны ансамбль песні і музыкі “Хаціславяне”. У час закрыцця спаборніцтваў адзначалася, што прафесійнае майстэрства лесанарыхтоўшчыкаў сістэмы лясной гаспадаркі ўвесь час расце. Пра гэта сведчаць і набраныя сёлета на абласных спаборніцтвах балы. А разам з майстэрствам паляпшаецца і бяспека выканання работ. І менавіта гэта — асноўная мэта такіх мерапрыемстваў.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымках: у час спаборніцтваў “Лесаруб-2016”
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 63 от 17.08.16г.

Добавить комментарий


https://progressive.ua

cl24.com.ua

fashioncarpet.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!