Дзівачка

Менавіта так хочацца назваць падчас першага знаёмства гэтую невысокую хударлявую жанчыну, якая з нядаўняга часу пасялілася ў вёсцы Брадзяцін.

Чаму дзівачкай? Ды таму, што купіла несамавітую хату ў неперспектыўнай вёсцы, уклала і працягвае ўкладваць у яе аб-уладкаванне і навядзенне парадку на прыдамавой тэрыторыі немалыя грошы, за якія наўрад ці зможа прадаць ужо сапраўдную сядзібу пры неабходнасці (я б наўрад ці рызыкнула на такі ўчынак нават у бацькоўскім доме на цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства); што, у рэшце рэшт, пазбавілася ад дыхтоўнага дома ў прыгара-дзе Брэста і пераехала жыць у Брадзяцін. Сябры і знаёмыя, па словах Тамары Семянюк, таксама не зусім разумеюць яе. Вось і пакупку дома на Маларытчыне не адобрылі.
— Калі сяброўкі прыехалі і ўбачылі мае 60 сотак неакультуранай зямлі, за галаву ўзяліся, — гаворыць жанчына.
Але яна не ў крыўдзе на іх, бо заўжды была ў нечым не такая як усе. У чым канкрэтна?
Ды хоць бы вось у чым. У той час, як яе знаёмыя і сябры стараліся абзавесціся кватэрамі і жыць у горадзе, яна пабудавала дом у вёсцы Клейнікі Брэсцкага раёна і мела рацыю. Бо ўсе яны на працягу многіх гадоў прыязджалі потым да яе ў госці: менавіта тут, ва ўласным двары , можна было і шашлычкоў пасмажыць, і адпачыць у засені пладовых дрэў ад гарадской мітусні. Цяпер, праўда, Клейнікі амаль “зрасліся” з абласным цэнтрам, і Тамары ў іх стала цесна і няўтульна. Таму, калі пайшла на заслужаны адпачынак (а яна ўсё жыццё прапрацавала спачатку дыспетчарам, затым намеснікам дырэктара транспартнай фірмы, якая займалася грузаперавозкамі), вырашыла пашукаць для сябе на карце Брэстчыны больш ціхі прыстанак. І знайшла. Разам з кумам, дарэчы, сваім земляком з-пад Смаргоні (а сама яна са Шчучына Гродзенскай вобласці), які падтрымаў яе ідэю аб перасяленні, аб’ехала ў пошуках жылля Кобрынскі раён, нават у Белавежскай пушчы пабывалі. Ды толькі ўсё было не тое, чаго жадала душа. А тое — ціхая вёсачка і побач лес, які яна так любіць, — чакала яе на Маларытчыне. Як толькі жанчына зразумела гэта, прадала дыхтоўны дом у прыгарадзе Брэста і без малога 3 гады таму купіла аблюбаваную ў Брадзяціне хату ды пачала абжывацца на новым месцы…Тут жа крыху пазней набыў дом і яе кум с сям’ёй. Таму калі ён пераедзе ў Брадзяцін, жыць стане весялей.
У чым яшчэ яе асаблівасць? У тым, што Тамара марыла стаць медыкам, а набыла чыста мужчынскую прафесію. Пасля заканчэння Лідскага індустрыяльнага тэхнікума па тэхабслугоўванні і рамонце аўтамабіляў атрымала дыплом тэхніка-механіка і ўсё жыццё прапрацавала спачатку дыспетчарам, затым намеснікам дырэктара транспартнай фірмы, якая займалася грузаперавозкамі. Хоць бацька ў свой час раіў ёй паступаць у сельскагаспадарчую ці ветэрынарную навучальную ўстанову. Родны чалавек (сам і дрэвы садзіў, і жывёлу любіў) ён, відаць, нутром адчуваў у дачцэ цягу да зямлі. І, як паказаў час, ён не памыляўся. Няхай і ў сталым ужо ўзросце, але ў дачкі яна праявілася.
Для таго, каб убачыць, у чым канкрэтна, неабходна пабываць у Брадзяціне і параўнаць яе цяперашні дом і тэрыторыю вакол яго не тое, што з пустуючымі, якіх у вёсцы хапае , а нават з тымі, дзе жывуць людзі. Як прызналася падчас сустрэчы Тамара, былы гаспадар яе сённяшняга жылля, калі бачыць гэтую рукатворную прыгажосць, неяк мяняецца ў твары. Відаць, зайздросціць ёй, хоць і стараецца не паказваць гэтага. А жанчына толькі ўсміхаецца. Не кожнаму ўдаецца з нічога зрабіць цацку. Яна зрабіла.Не сама, праўда, а разам з сынам, які жыве і працуе ў Брэсце, але ўвесь свой вольны час праводзіць у Брадзяціне. Прычым, не адпачывае, а працуе. Вядома ж, акрамя залатых рук і жадання, спатрэбіліся і немалыя сродкі.
…Абжыванне на новым месцы праходзіла няпроста. Каб усяліцца ў купленую хату, напачатку ў ёй неабходна было навесці парадак, як унутры, так і звонку. Прычым пачынаць давялося самой, бо наняць каго-небудзь для чысткі дома і прысядзіб-нага ўчастка ў вёсцы, дзе жывуць у асноўным пажылыя людзі, а маладзейшыя нярэдка “сябруюць” з чаркай, аказалася праблематычна.
— Дзякуй сыну, які не толькі падтрымаў мяне ў гэтым па­чынанні, але і актыўна да­па­магаў ажыц­цяўляць задуманае , — распавядала падчас сустрэчы Тамара Ва­ляр’янаўна. — Ён нават на паўгода па­кінуў работу.
І справа, як гавораць, закіпела. Дрэва, з якога пабудаваны дом, апрацавалі ад жуч­коў-караедаў, сцены, каб пазбавіцца ад непрыемнага паху, якім яны былі насычаны, пачысцілі балгаркай, унутры ўсё развалілі і павыкідвалі. Пакінулі толькі рускую печ: ну як без яе ў вёсцы? Давялося, праўда, перарабіць чарэнь, зрабіць новы комін ды кафляй яе абкласці. Але найперш паадбіваць сякеркай і балгаркай шматлікія слаі фарбы, якія былі нанесены на печ. І зараз толькі яна, праўда, у абноўленым ужо выглядзе, ды сцены напамінаюць пра стары дом. Усё астатняе ў ім, пачынаючы ад вокнаў, частку з якіх забілі дошкамі, – новае. У некалі пярэднім пакоі, які перагароджаны на дзве палавіны, гаспадыня абсталявала для сябе ўтульную залу-спальню, з усімі неабходнымі для такога пакоя рэчамі, за сценкай — душавую кабінку, умывальнік і туалет. Ёсць у доме і сучасная прыхожая. Асаблівая ж гордасць гаспадыні – кухня з дыхтоўным круглым сталом, гарнітурам і рускай печкай, якая з’яўляецца не проста рарытэтам, але і выкарыстоўваецца па прызначэнні. Як прызналася Тамара, у ёй ужо і крывянку запякалі. Атрымалася вельмі смачнай.
Варта сказаць, што столь у аб-ноўленым доме таксама пера-бралі і ўцяплілі, а дах перакрылі. Падлогу, якая выкладзена на кухні пліткай, зрабілі з падагрэвам. А яшчэ – летнюю веранду дабудавалі, дзе ў крэслах, хоць і не новых, можна расслабіцца пасля напружанага дня за кубкам кавы ці чаю, прабілі свідравіну, устанавілі арэлі і зрабілі падсветку ў двары. У планах – абсталяванне яшчэ аднаго пакоя на гарышчы і абліцоўка дома звонку. Што за матэрыял гэта будзе, гаспадыня пакуль яшчэ не вызначылася, а дакладней, на што хопіць сродкаў.
Што тычыцца ўчастка, то яго зараз цалкам можна назваць сапраўдным аазісам сярод зарослых бур’яном у рост чалавека ўчасткаў. З таго, што тут было і расло пры былых гаспадарах, засталіся толькі старыя хлявы, калодзеж ды некалькі яблынь. Астатнія насаджэнні, у тым ліку каштан і грушу, зрэзалі, карэнне павыкарчоўвалі, а на іх месцы пасадзілі саджанцы пладовых дрэў. Устанавілі цяпліцу, дзе даспяваюць вялізныя гронкі салодкага і сакавітага вінаграду кішміш, і радуюць вока буйныя плады зялёных і бурых памідораў, побач з ёй – незлічонае мноства маленькіх скрыначак з рассадай туі, а ля хлявоў, у большых – саджанцы туі, якію можна высадж-ваць у грунт. Іх, як і саджанцы арэха-фундука, Тамара Семянюк плануе рэалізоўваць насельніцтву. Вось і ў падатковую інспекцыю ў райцэнтр ездзіла, афармляла ўласную падсобную гаспадарку, каб не было праблем з законам, калі пачне прадаваць саджанцы.
Увогуле ж на ўчастку жанчыны чаго толькі няма. Тут і бульба розных гатункаў, і пшаніца (у гаспадарцы Тамары Семянюк ёсць качкі, куры, маленькія кураняты), і клубніцы галандскія, якія двойчы ў год даюць ура-джай, і 5 гатункаў маліны, і парэчкі бранскія, і дурніцы, вінаград. Іх развядзенне – гэта цэлая навука, якую гаспадыні давялося асвоіць. Інакш — удачы не бачыць. І кветкі самыя розныя: аксаміткі, лілеі, вяргіні, ружы. Яны растуць паўсюль: ля калодзежа, уздоўж сцяжынкі, якая вядзе да дома, ля цяпліцы, побач з верандай, і проста букецікамі, нібыта астраўкі, сярод роўна падкошанай газоннай травы. А вясной прыгажосць на падворку стваралі гатунковыя цюльпаны.
Як вяскоўцы аднесліся да пераезду жанчыны ў Брадзяцін і такой актыўнай яе дзейнасці? Па-рознаму. Большасць дзіву даваліся, калі Тамара з сынам Дзмітрыем пачала перабудоўваць старую хату на новы лад. Некаторыя нават шкадавалі, маўляў, сметнік купіла. Пасля, калі на падворку з’явіліся першыя плады яе дзейнасці, пачалі прыглядацца. А далей прамым тэкстам пыталіся, чаму бульбу не садзіць, а нейкія елкі, кветкі ды газонную траву? Яна ж нікому нічога не даказвала. Проста рабіла тое, што падабалася. І мясцовыя жыхары, асабліва бабулькі, пацягнуліся да яе. Пачалі нават прыносіць хатнія прадукты, маўляў, ты такая маленькая ды худзенькая, а вунь што ўзваліла на свае кволыя плечы. Яна ж у сваю чаргу стараецца аддзякаваць ім. То на чай да сябе запросіць, то пачастуе плюшкамі, якія сама выпякае па рэцэпце сяброўкі, то яшчэ чым смачненькім са свайго сада-агарода. А ў нядзелю ці на якое рэлігійнае свята абавязкова пасадзіць усіх жадаючых у сваю машыну і з ветрыкам даставіць на службу ў храм.
Сама ж у вольны ад работы на ўчастку час адпраўляецца ў лес. Асабліва любіць збіраць грыбы. Тады і дахаты не заходзіла б. Хоць аматарам грыбных страў і не з’яўляецца. Для яе гэта адпачынак. У такія гадзіны здаецца, што быццам і не было работы па 25 гадзін у суткі без водпускаў і выхадных, не было праверак машын з грузамі і вырашэння іншых пытанняў, звязаных з грузаперавозкамі, а ёсць толькі прырода, спакой і зямля, на якой яна пусціла свае карані. І гэта так цудоўна…

Надзея ЯЦУРА.

На здымках: вось такі вінаград даспявае ў цяпліцы Тамары Семянюк; а так выглядае падворак яе дома.

Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 63 от 17.08.16г.

Добавить комментарий


протеин что это

www.buysteroids.in.ua/inekczionnyie-anabolicheskie-steroidyi/testosteron/testosterona-e.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!