Кветкавы рай

Леанід Самасюк — вадзіцель-міжнароднік прыватнага ўнітарнага вытворча-гандлёвага прадпрыемства “Цішчанка”.  Ён не адзін дзясятак гадоў  нязменна круціць баранку машыны. Аб’ехаў амаль усю Еўропу. У многіх краінах, такіх, як Германія, Бельгія, Данія,  Галандыя, Люксембург, арыентуецца без карты. Добра адчувае сябе і на дарогах у краінах былога сацыялістычнага лагера.

— Калі бываў у краінах Еўропы, звярнуў ўвагу на тое, што ля прыватных дамоў многа кветак, дагледжаная тэрыторыя, — кажа Леанід Якаўлевіч. – Гэтая прыгажосць мяне заўсёды зачароўвала. Так і ўзнікла жаданне стварыць нешта падобнае і на сваіх 6 сот-ках у Маларыце. Быццам бы і развярнуцца няма дзе. Але калі ёсць жаданне, калі ўсё да драбязы прадумаць, то і маленькі кавалачак зямлі можна ператварыць у сапраўдны шэдэўр. Параіўся з жонкаю. Яна не была супраць.
Неяк Леанід з Польшчы прывёз 60 кустоў руж. Разам з жонкай іх пасадзілі. На наступны год яны ўжо радавалі вока сваёй чароўнай прыгажосцю. Азеляненне ўчастка захапіла і мужа, і жонку. Цяпер на ім усё зроблена з душой і фантазіяй, да ўсяго прыкладзены клапатлівыя рукі гаспадара і гаспадыні. Міжволі, калі праходзіш міма, погляд затрымліваецца на прыгожым і дагледжаным доме Самасюкоў, які літаральна патанае ў кветках. Узнікае жаданне спыніцца, атрымаць асалоду ад чароўнага паху кветак ці проста адпачыць у цяньку прыгожай альтанкі-арэляў. Такую ўтульнасць і прыгажосць каля свайго дома Самасюкі разам ствараюць ужо не першы год. Усё тут зроблена з душой.
Цяпер на невялікім участку Кацярыны і Леаніда Самасюкоў, акрамя руж, “прапісаліся” розных гатункаў бягоніі, сульфініі, лабеліі, герані, лілеі…
— Кветкі ў нас цвітуць з ранняй вясны да самых маразоў, — гаворыць Кацярына Кірылаўна. – Радуюць вока ў свой час і цюльпаны, прывезеныя з Галандыі, браткі, астры і інш. Выклікаюць замілаванне і штамбавыя ружы. Вытанчаныя букеты на доўгай ножцы-стволіку, якія яны ствараюць, упрыгожаць любы сад. Акрамя дэкаратыўнага эфекту, штамбавыя ружы шчодра і доўга квітнеюць.
— Якія кветкі вам найбольш падабаюцца?
— Мне – герань гатунку Альпіна, — кажа Кацярына Кірылаўна. – Зрэшты, і іншыя таксама. Непрыгожых кветак не бывае. Кожная прываблівае па-свойму: колерам, памерам, доглядам.
— А мне падабаюцца ўсе, — гаворыць Леанід Якаўлевіч. — Любая кветка выклікае эстэтычную асалоду. А каб гэта бачыць, патрэбен клопат, штодзённы догляд.
-Калі Леанід Якаўлевіч не ў рэйсе, — расказвае Кацярына Самасюк, — то мы кожны дзень ужо ў 6-7 гадзін на нагах. Сядзім у альтанцы-арэлях, п’ем каву, атрымліваем асалоду ад пахаў і колераў нашых гадаванцаў і абавязкова абмяркоўваем, што будзем рабіць з кветкамі. Для адных трэба падрыхліць глебу, другіх — падкарміць, падрэзаць. У спякотныя дні даводзіцца пад кветкі выліць літраў пад 200 вады і нават больш.
— Нашы “хатнія любімцы” як жывыя істоты, — пераконвае Леанід Самасюк. – Яны, упэўнены, валодаюць магутнай энергіяй: супакойваюць, падбадзёрваюць, ствараюць цудоўны настрой, нават здольны вылечваць ад некаторых хвароб. Кветкі ствараюць цудоўны, непаўторны і своеасаблівы свет.
— Цяпер кветкі для нас з мужам, — гаворыць Кацярына Кірылаўна, — адначасова і сумеснае хобі, захапленне, прыемная праца, адпачынак, маральнае задавальненне, месца для ўвасаблення творчых ідэй. Часта проста люблю глядзець на іх. Кветкі для мяне як родныя дзеці. У кожнага свой характар, свой нораў. І ім таксама хочацца пяшчоты і добрага слова.
…Загубіць прыгажосць проста і лёгка, а вось стварыць яе – справа не аднаго дня і нават тыдня. Ствараць прыгажосць – гэта і ёсць для Кацярыны і Леаніда Самасюкоў адна з праяў шчасця.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Кацярына і Леанід Самасюкі ў сваім кветкавым раі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ 17.08.16г.

Добавить комментарий


протеин википедия

https://steroid.in.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!