ПАШПАРТЫ ГАТОЎНАСЦІ ПАДПІСАНЫ

Традыцыйна фінішам летняй рамонтнай пары з’яўляецца жнівеньская прыёмка школ, дзіцячых садоў, пазашкольных устаноў з выдачай пашпартоў гатоўнасці. Не стаў выключэннем і сёлетні год. З 10 па 12 жніўня на Маларытчыне праходзіла планавая прыёмка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. 

Камісія на чале з Вадзімам Шпетным, намеснікам старшыні райвыканкама, звяртала ўвагу на падрыхтоўку кожнай установы адукацыі ў плане рамонту і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкавання прышкольнай тэрыторыі, ацаніла санітарна-гігіенічны стан вучэбных кабінетаў і майстэрняў, спартыўных і актавых залаў, калідораў, харчблокаў, цеплавузлоў, спартыўных пляцовак, праверыла наяўнасць інструктыўна-метадычнай дакументацыі…
За тры дні члены камісіі наведалі ўсе ўстановы адукацыі раёна. У некалькіх з іх разам з камісіяй у мінулы чацвер пабываў і карэспандэнт райгазеты “”. Тэрыторыі ўсіх школ і дзіцячых садкоў сустракалі пахам свежай фарбы, абноўленымі шпалерамі, парадавалі раз­настайнасцю кветнікаў і малых архітэктурных формаў, чысцінёй, дагледжанасцю. Куды ні кінеш погляд – усюды чысціня, каларыт, выдумка і творчая фантазія. Многія прышкольныя ўчасткі і ўчасткі ля дзіцячых садкоў нагадваюць сапраўды казачныя тэрыторыі. Практычна ў кожнай установе адукацыі ёсць свая адметнасць. У іх праведзена значная работа па эстэтычным афармленні.
Да пачатку новага навучальнага года ва ўсіх установах выконваліся работы па касметычным рамонце памяшканняў вучэбных класаў, харчблокаў, спартыўных залаў. Кожная ўстанова адукацыі сама вырашала, на што патраціць сродкі. Каб дзеці займаліся ў добрых умовах, прыкладзена шмат намаганняў і сіл. Дзеля прэстыжу школ, дзіцячых садкоў стараліся і самі бацькі.
-Новы навучальны год сё­лета пачнецца ў 37 установах адукацыі раёна, – гаворыць Таццяна Лаўрэенка. – Выкананы вялікі аб’ём работ. Добра папрацавалі адміністрацыя, педагогі, тэхнічны персанал многіх устаноў адукацыі, а таксама вучні і іх бацькі. Усюды парадак, утульнасць і прыгажосць.
Выкананы розныя віды работ, у тым ліку – падводка гарачай вады, прамыўка і падрыхтоўка сістэм ацяплення, падрыхтоўка мясцовых відаў паліва, пашпартызацыя сістэм вентыляцыі. Значны аб’ём работ выкананы гаспадарчым спосабам. Праведзены касметычныя рамонты на харчблоках усіх устаноў адукацыі. Цяпер вядуцца работы па рэканструкцыі харчблока СШ №2. Усе ўстановы дашкольнай адукацыі забяспечаны камп’ютарнымі праг­рамамі “Харчаванне”. Таксама набыта спартыўнае, вучэбнае і нагляднае абсталяванне для кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі.
Што датычыць фінансавання ра­­бот, дык у кожнай школе выка­рыстоўвалі не толькі бюджэтныя сродкі, але і ўласна заробленыя, спонсарскую дапамогу. Да прыкладу, у Арэхаўскай СШ на падрыхтоўку да новага навучальнага года затрачана амаль 4 тысячы рублёў (40 мільёнаў), у Гвозніцкім д/с-СШ – 2 тысячы рублёў, Радзежскай СШ – 700 рублёў. Ланской СШ фінансавую дапамогу аказаў СВК “Арэхава”, Олтушскай СШ – СУП “Савушкіна” (прадпрыемства выдзеліла 2 тысячы рублёў). Збуражскі д/с-СШ патраціў на падрыхтоўку 2100 рублёў. Іх установа адукацыі зарабіла сама.
— Нашы даходы атрыманы ад рэалізацыі клубніц, бульбы ранняй, агуркоў, расады капусты, макулатуры, металалому і інш., — гаворыць дырэктар школы Іван Наўрось. — Можна многае зрабіць, калі ёсць жаданне і калі сам не будзеш проста назіральнікам. Работы, што выкананы ў школе, праводзілі ў большасці сваімі ўласнымі сіламі.
Пашпарты гатоўнасці падпісаны ва ўсіх ўстановах адукацыі, якія наведала камісія. Таму 1 верасня ўстановы адукацыі раёна ў поўнай гатоўнасці сустрэнуць дзяцей.
Між іншым, у 1-11 класах у 2016/2017 навучальным годзе ў Збуражскім д/с-СШ будзе навучацца амаль 40 вучняў, у Ланской СШ – 55, Гвозніцкім д/с-СШ – 58, Радзежскай СШ – 61, Арэхаўскай СШ – 87, Олтушскай СШ – 165. Ні адна ўстанова адукацыі раёна не будзе зачынена ці рэарганізавана.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: у час прыёмкі ўстаноў адукацыі перад пачаткам новага навучальнага года.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 64 от 20.08.16г.

Добавить комментарий


profvest.com

https://www.alt-energy.in.ua

сколько стоит продвижение сайта
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!