У жыццёвым страі

Яшчэ дзесяцігоддзе назад у Макранах, як і ў іншых вёсках раёна, было нямала людзей, хто з першых вуснаў мог распавесці пра баявое юнацтва, якое выпала на гады Вялікай Айчыннай вайны. А сёння ва ўсіх вёсках Макранскага сельсавета засталося ў жывых усяго чацвёра ветэранаў, а ў саміх Макранах толькі адзін, апошні, – Мікалай Іванавіч Тамашук. Нядаўна гэты просты, сціплы, працавіты чалавек адзначыў сваё 95-годдзе. 

Павіншаваць бацьку, дзядулю прыязджала ў вёску ўся вялікая сям’я – дачка Марыя, сын Уладзімір са сваёй жонкай, унукі, праўнукі. Гэта было ў нядзелю, у дзень нараджэння. А ў панядзелак у доме Тамашукоў, дзе, нягледзячы на тое, што гаспадары — людзі пажылыя, вельмі чыста і ўтульна, зноў з’явіліся госці. Шчырыя пажаданні прымаў юбіляр ад старшыні Макранскага сельвыканкама Барыса Самасюка, дырэктара тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Алесік і спецыяліста цэнтра Кацярыны Батурынай.
Ветэран шчыра дзякаваў за падарункі і він­ша­ванні. Пра свайго мужа, Мікалая Іванавіча, з якім пражыла ў міры і згодзе 65 гадоў, з цеплынёй расказвала жонка – Акуліна Гаўрылаўна. Нялёгкае, як адзначала яна, дасталося мужу юнацтва. Зведаў жорсткасць баёў з ворагам, дайшоў да Польшчы, быў паранены, доўгі час быў паміж жыццём і смерцю, выжыў, год правёў у шпіталі. І хоць падарвала вайна здароўе, але заўжды быў дбалым гаспадаром. І цяпер, хоць сілы падводзяць ужо, не сядзіць без справы.
Не паддавацца хваробам, трымацца ў жыццёвым страі і дажыць да 100-гадовага юбілею жадалі госці шаноўнаму ветэрану. А ён запрашаў пачаставацца яблыкамі са свайго сада. Яны сёлета шчыра ўрадзілі, быц­цам бы, як і людзі, жадалі зрабіць юбі­ляру падарунак.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: віншаванні з 95-годдзем прымае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Іванавіч Тамашук.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!