Чытаць – гэта сучасна

Да Года культуры грамадскае аб’яднанне “БРСМ” распрацавала рэспубліканскі патрыятычны праект “Кніга.BY”. Яго мэта — распаўсюдзіць у маладзёжным асяродку “бук­кросінг” – рух, што аб’яд­ноўвае людзей, якія любяць чытаць і жадаюць дзяліцца кнігамі не толькі з сябрамі, блізкімі, але і з незнаёмымі людзьмі. Раённы камітэт маладзёжнага аб’яднання сумесна з цэнтральнай раённай бібліятэкай паклапаціліся, каб у маладых людзей Маларытчыны таксама з’явілася магчымасць прыняць удзел у гэтым праекце.

Ажыццяўленне раённага патрыятычнага праекта “Кніга.BY” пачалося напрыканцы чэрвеня ў час святкавання Дня моладзі. Тады ўпершыню “свабодная” паліца з кнігамі была выстаўлена ля гарадскога Дома культуры. З таго часу паліцы для кнігаабмену з’яўляліся ў грамадскіх месцах горада не раз. Стаць буккросерам можна і проста наведаўшы раённую бібліятэку.
— Асноўная ідэя праекта ў тым, — расказвае першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Надзея Пстыга, — што чалавек можа ўзяць пачытаць са свабоднай паліцы кнігу, якая яму падабаецца, а таксама прынесці свае кнігі. Кожнай кнізе прысвоены ўнікальны код. Зарэгістраваўшы яго ў групе “Мая БЕЛАРУСЬ – мой ВЫБАР” у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”(vk.com/belarus_vybor), можна пакідаць свае каментарыі і дзяліцца ўражаннямі аб прачытаных кнігах. Таксама на кнігах праекта размешчаны лагатып і апісанне алгарытму дзеяння.
Праект не абмяжоўваецца толькі кнігаабменам. Задачы яго разнастайныя. Напрыклад, сфарміраваць у моладзі патрэбу ў чытанні, духоўным і інтэлектуальным росце, развіваць літаратурныя і творчыя здольнасці, прыцягваць маладых людзей да культурна-асветніцкай дзейнасці бібліятэкі, павысіць чытацкую актыўнасць. Для гэтага ў рамках праекта для моладзі будуць арганізоўвацца майстар-класы, семінары, тэматычныя “круглыя сталы” з удзелам мясцовых пісьменнікаў, спецыялістаў бібліятэкі.
На здымку: свабодная паліца буккросінгу карыстаецца папулярнасцю ў моладзі.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.