Жыццё ў рытме танца

Мяккія і гарманічныя рухі, прамая  і падцягнутая постаць,  – такім уяўляецца чалавек, які прафесійна займаецца танцамі. Танцоры дораць сваю творчасць і атрымліваюць аддачу ў якасці захопленых позіркаў, вучаць танцавальнаму майстэрству і чэрпаюць асалоду з кожнага занятка, выступлення на сцэне. Гэта можна сказаць і пра балетмайстра гарадскога Дома культуры Кацярыну Джур. Яна жыве танцамі, кожны працоўны дзень натхняе яе і дае энергію.

Упершыню занялася танцамі Кацярына ў 13 гадоў. Як чалавек актыўны і дапытлівы, яна наведвала ў дзя­цінстве шмат гурткоў. Але самым любімым быў танцавальны ў раённым Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У час заняткаў яна зразумела – танец можа быць не толькі хобі, але і прафесіяй. Каб добра падрыхтавацца і паступіць у Пінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, пачала займацца яшчэ і ў дзіцячай школе мастацтваў. Між іншым, працаваць давялося нямала. Але праз 2 гады Кацярына ўжо вучылася ў Пінску. У Маларыту яна вярнулася дыпламаваным спецыялістам.
— Першыя два гады на працоўным месцы запомніліся работай з дзіцячымі калектывамі. Хоць арганізаваць заняткі з маленькімі дзецьмі бывае нялёгка, бо яны прыходзяць у гурток пасля школы, каб тут адпачываць. Але энергія, якая зыходзіць ад іх, шчырая радасць поспехам, бясконцы інтарэс да ўсяго зараджаюць неверагодным пазітывам. Яны як сонейка, ад іх саграваешся сам, — дзялілася Кацярына.
Калі Кацярына выйшла замуж і на­радзіліся дзеці, харэаграфічны клас давялося змяніць на хатнія клопаты. Але і ў водпуску па догляду за дзіцяці жыццё праходзіла ў рытме танца.
За гэты час Кацярына назапасіла шмат ідэй, да рэалізацыі многіх з іх яна ўжо прыступіла. Балетмайстар зараз праводзіць заняткі ў трох гуртках у гарадскім Доме культуры. У двух малод­шых займаюцца вучні 1-2 класаў, у старэйшай групе — дзяўчаты 8-10 класаў. Упор на занятках з дзецьмі і моладдзю, па словах Кацярыны, больш робіцца на сучасную харэаграфію. Гэта тое, што больш блізка ім, але вывучаюць юныя танцоры і элементы народных танцаў. Для дзяўчат ад 7 гадоў на платнай аснове ў Доме культуры балетмайстар праводзіць заняткі па дзіцячых усходніх танцах.
— Імкнуся не стаяць на месцы. Акрамя гуртковай работы з дзецьмі, прыйшла ідэя арганізаваць навучанне дарослых азам розных накірункаў танцаў. Кіраўніцтва Дома культуры мяне падтрымала. Таму, з сакавіка ў дзвюх групах займаюцца дарослыя.
Гэта жанчыны ад 18 гадоў, без абмежа­вання ўзросту. Як адзначае Кацярына, узроставага рубяжу, пасля якога не рэкамендавана займацца танцамі, не існуе. Важней тут не ўзрост, а самаадчуванне чалавека, адсутнасць супрацьпаказанняў. Зусім неабавязкова для заняткаў ама­тарскімі танцамі і валодаць нейкай базай уменняў і навыкаў, мець музычны слых.
Цікава тое, што ў час заняткаў танцоры знаёмяцца з рознымі танцавальнымі стылямі, ёсць магчымасць навучыцца танцавальным рухам не аднаго накірунку, а шматлікіх. Кожны месяц стылі змяняюцца ў залежнасці ад пераваг групы. За пяць месяцаў былі асвоены такія танцы, як самба, джайф, ча-ча-ча, усходнія танцы. Трэба сказаць, што жанчынам, якія наведваюць заняткі, такая праграма навучання падабаецца, паколькі яна дапамагае развівацца, пазнаваць кожны месяц нешта новае.
— На заняткі жанчыны прыходзяць з рознымі пажаданнямі. Нехта хоча адкарэкціраваць фігуру, эмацыйны стан, каб адчуваць сябе больш упэўненай. Іншыя проста займаюць вольны час актыўнай справай. Прыходзяць і матулі, якія знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, для іх танцы – сродак на некалькі гадзін у тыдзень адпачыць ад хатніх спраў.
Праводзіць Кацярына Джур у гарадскім Доме культуры і заняткі па парных танцах для людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Тры такія пары вучыліся танцаваць вальс, танга. Некаторыя пажадалі таксама асвоіць фальклорныя танцы. Дарэчы, запісацца ў групу могуць не толькі пары, але і асобныя аматары танцаў.
Планаў на будучы навучальны год у балетмайстра шмат. Дарослых Кацярына плануе навучаць такім танцам, як зумба, бачата, аргенцінскае танга, ірландскія танцы. Ідзе набор і ў новыя групы па бодзі-балету і стрэйчынгу. Дарэчы, бодзі-балет – гэта спрошчаная форма класічнага балета. Калі ім займацца, можна палепшыць форму ног, тонус скуры рук, расслабіцца пад прыгожую класічную музыку. Стрэйчынг жа ўключае практыкаванні на расцяжку, каб зрабіць цела больш пластычным. Таксама Кацярына Джур паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. Танка, дзе будзе атрымліваць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”.
— Мая работа прыносіць мне задавальненне. Нават калі стомлены, танцы даюць магчымаць расслабіцца, забыць пра нягоды.
На здымку: балетмайстар гарадскога Дома культуры Кацярына Джур.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.