Выбар – быць здаровым!

Фарміраванне іміджу здаровага  ладу жыцця, адказных адносін да здароўя ў насельніцтва – добры і даступны кожнаму чалавеку сродак прафілактыкі мноства хвароб. На ўзмацненне прэстыжнасці і каштоўнасці здароўя жыхароў раёна накіраваны праект “Маларыта – здаровы горад”, які рэалізуецца на працягу 2014-2019 гадоў. Яго каардынатарамі з’яўляюцца Маларыцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і Маларыцкая цэнтральная раённая бальніца. За пяць гадоў дзейнасці праекта плануецца дасягнуць значных вынікаў у паляпшэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, захаванні і ўмацаванні здароўя маларытчан. Як цяпер рэалізуюцца мерапрыемствы праекта, аб яго асноўных задачах і станоўчых выніках, якія ўжо ёсць, расказаў галоўны ўрач  раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзімір Кляцко.

— Уладзімір Анатолье­віч, давайце ўдакладнім, на што накіраваны праект?
— У краіне рэалізуецца шмат дзяржаўных праграм па супрацьдзеянні наркаманіі, папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, прафілактыцы анкалагічных захворванняў, ВІЧ-інфекцый, барацьбе супраць тытуню. Гэтыя праграмы даюць шмат станоўчых вынікаў. Аднак, у апошні час пра­грэ­сіруюць сацыяльна залежныя дэфекты здароўя насельніцтва (дэзадаптыўныя сіндромы, стрэсагенныя захворванні). Таму становіцца віда­вочным і неабходным да­лейшае развіццё не толькі эфектыўнай медыцынскай дапамогі, але і дзейснай прафілактыкі з акцэнтам на фарміраванне матывацыі насельніцтва на здароўе, як вышэйшую каштоўнасць, забеспячэнне ўмоў для здаровага ладу жыцця. Мэта праекта — прыцягнуць увагу людзей да захавання і ўмацавання здароўя, прапагандаваць здаровы лад жыцця, забяспечыць роўныя для ўсіх магчымасці для паляпшэння здароўя, рэалізаваць комплекс мер, якія будуць садзейнічаць змяншэнню колькасці тых, хто курыць, ужывае алкаголь, наркотыкі, дапамогуць арганізаваць эфектыўную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу тым, хто жадае пераадолець залежнасць ад шкодных звычак, сфарміраваць культуру здаровага рацыянальнага харчавання, а таксама стварыць бяспечны экалагічны асяродак дома і на рабоце, палепшыць умовы працы, быту і адпачынку.
— Праз комплекс якіх мер, мерапрыемстваў вырашаюцца гэтыя задачы?
— Формы работы самыя розныя – ад лекцый да тэматычных дыскатэк. Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная раённая бальніца сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму, раённым камітэтам “БРСМ”, прадпрыемствамі і арганізацыямі горада праводзяць прафілактычныя акцыі, гутаркі, выставы, тэматычныя паказы кінафільмаў, відэаролікаў, конкурсы, спар­тыўныя спаборніцтвы, тэматычныя вечары. Гэта далёка не поўны пералік накірункаў работы ў рамках праекта. Так, за першае паўгоддзе праведзена 6 акцый, 14 дзён здароўя па прафілактыцы наркаманіі, сардэчна-сасудзістых, не інфекцыйных захворванняў, барацьбе з тытунекурэннем і іншымі захворваннямі. У раёне да 15 верасня праводзіцца шырокамаштабная акцыя “Здароваму ладу жыцця – “Так!”.
На базе раённай бальніцы функцыянуе 8 школ здароўя, у якіх за 6 месяцаў з пачатку года праведзена 264 заняткі, навучанне прайшлі 467 чалавек. Санітарная служба раёна ў чэрвені правяла анкетаванне з мэтай выяўлення ўзроўню дасведчанасці насельніцтва па пытаннях фарміравання здаровага ладу жыцця і вызначэння працэнта курыльшчыкаў сярод жыхароў раёна.
Вялікая работа па фар­міраванні здаровага ладу жыцця праводзіцца ў навучальных установах Маларытчыны. Для 8-10 класаў уведзены курс “Здаровы лад жыцця”. За паўгоддзе праведзена 18 тэматычных вечароў, 388 класных і інфармацыйных гадзін, 68 конкурсаў па прафілактыцы тытунекурэння, ужывання алкаголю, наркотыкаў.
У рамках праекта пра­­­­водзіцца работа ін­­фар­мацыйна-пра­па­ган­дысцкіх груп па асвятленні тэматыкі здаровага ладу жыцця ў працоўных калектывах.
Аб тым, што здаровы лад жыцця падтрымліваюць многія маларытчане, гаворыць арганізаваны пры гарадскім Доме культуры клуб здароўя і актыўнага творчага даўгалецця “Альтэрнатыва”, удзельнікамі якога з’яўляюцца людзі пажылога ўзросту.
— Паляпшэнне ста­но­вішча па якіх параметрах здароўя запланавана атрымаць за час рэалізацыі праекта “Маларыта – здаровы горад”?
-Згодна з палажэннямі праекта штогод чакаецца зніжэнне рызыкі развіцця захворванняў, звязаных з паводзінамі і ладам жыцця, павелічэнне колькасці асоб, якія вядуць здаровы і актыўны лад жыцця, не ўжываюць алкагольныя напоі, зніжэнне працоўных страт ад часовай не­працаздольнасці, змяншэнне распаўсюджанасці тытунекурэння, атлусцення і залішняй масы цела, павелічэнне колькасці грамадзян, якія валодаюць навыкамі сама- і ўзаемадапамогі, псі­ха­лагічнай разгрузкі, кантралююць свой рацыён і рэжым харчавання.
— Уладзімір Ана­толье­віч, ці можна ўжо гаварыць аб канкрэтных станоўчых выніках праекта?
— Мы праводзім ацэнку вынікаў па заканчэнні кожнага года. А дзейнасць праекта будзе працягвацца да снежня 2019 года. На падставе дадзеных Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы і анкетавання, якое было праведзена Цэнтрам, можна адзначыць, што па выніках 2015 года на 1,1 працэнта павялічылася колькасць людзей, якія вядуць здаровы лад жыцця. На 0,4 працэнта знізілася колькасць тых, хто курыць. Зменшылася на 1,5 працэнта і распаўсюджанасць атлусцення і залішняй масы цела. Але мы жадаем дасягнуць яшчэ больш важкіх вынікаў.
Гутарыла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: галоўны ўрач раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ула­дзімір Кляцко.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.

Добавить комментарий


http://shtory.ua

http://shtory.ua

источник yarema.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!