СУПЕРДВОР

І на жырафе пакатацца

У вёску Велікарыта Юлія прыехала па размеркаванні. Маладому ветфельчару далі часовае жыллё. У той жа час у гаспадарку ветурачом уладкаваўся Руслан, які прыехаў з Украіны. Маладыя людзі пазнаёміліся, закахаліся, неўзабаве згулялі вяселле. Якраз у той час быў пабудаваны ў гаспадарцы новы дом. Яго і выдзелілі маладой сям’і Ціпец.
— Раней на тым месцы, дзе стаіць дом, рос лес. А таму спачатку давялося добра папрацаваць, каб прыбраць хмызняк, навесці парадак, — расказвае гаспадар дома.
Калі ў сям’і нарадзіўся першынец Мікіта, тата і мама з натхненнем узяліся за дызайн дзіцячай пляцоўкі. Спачатку тут з’явіліся арэлі і пясочніца, затым на ўчастку “прапісаліся” драўляныя жырафы. Калі сям’я папоўнілася яшчэ адным сынам, Мацвеем, бацькам давялося задумацца над абуладкаваннем яшчэ адных арэляў.
— Паколькі ў сям’і падрасталі хлопчыкі, хацелася, каб ім гуляць у двары было цікава. Прыйшла ідэя змайстраваць трактар, у якім можна было б дзецям пасядзець. Рэалізаваць гэтую ідэю ўзяліся мае бацькі. Першы час ад трактара хлопцы не адыходзілі, — расказвае Юлія.
Яна, як клапатлівая гаспадыня, якая любіць, каб у двары было ўтульна і прыгожа, стварыла на ўчастку кветкавыя астраўкі. Уздоўж дарожкі размясціліся вяргіні, пятуніі, аксаміткі. Калі ёсць жаданне, час на тое, каб у двары быў парадак, упэўнена Юлія, заўжды знойдзецца. Маладая мама гуляе з дзецьмі на вуліцы і адначасова тое-сёе падпраўляе, плануе нешта новае. У вольны ад працы час маме, якая знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзеткамі, дапамагае тата. У летнія месяцы, калі часта ідуць дажджы, раз за разам даводзіцца траву падкошваць, каб газон быў прыгожы. На траўцы ў двары “растуць” дэкаратыўныя грыбочкі, тут жа “пасялілася” сямейка буслоў. Здаецца, усё зусім просценька, але прыгожа, з густам. І калі заходзіш у двор, лішніх пытанняў задаваць не даводзіцца. Адразу відаць, што тут жыве маладая сям’я, дзе тата і мама любяць сваіх дзетак і з самых маленькіх гадоў выхоўваюць іх прыгажосцю.
НА ЗДЫМКУ: “дзіцячы астравок” на ўчастку Руслана і Юліі Ціпец.

Матчын прыклад

За справамі, за штодзённымі клопатамі, калі на работу бегла ранкам, а прыходзіла дамоў толькі ўвечары, як шчыра прызнаецца Вольга Мікалаеўна Масюк з вёскі Масевічы, не было часу думаць пра кветкі. Зусім па-іншаму паглядзела на жыццё, калі пайшла на заслужаны адпачынак. Больш вольнага часу з’явілася, які праводзіла ў двары. І ўсё больш адчувалася няўтульнасць, адсутнасць той “разыначкі”, якая б дастаўляла душы асалоду.
— У маёй матулі было пяцёра дзяцей. Вядома, клопатаў хапала. Здавалася б, у жыццёвай мітусні не да прыгажосці. У гародчыку перад домам у іншых вяскоўцаў гуркі-памідоры раслі. А ў яе заўжды кветкі красаваліся, вока радавалі. Мне неяк няёмка стала. Падумала: няўжо я не змагу свой двор зрабіць такім прыгожым, — успамінае Вольга Мікалаеўна.
Яе задумкі падтрымаў муж, Уладзімір Сцяпанавіч. Гэта ён па просьбе жонкі даставіў на падворак пянькі, на якіх гаспадыня размясціла вазоны з кветкамі, назбіраў камення, якім абклалі зямлю ля туй. За некалькі гадоў, вывучаючы расліны і плануючы ландшафт свайго ўчастка, Вольга Масюк стала і дызайнерам, і батанікам. Цяпер яна сама можа даць іншым кветкаводам нямала карысных парад. Напрыклад, наконт таго, як правільна вырошчваць туі – вечназялёныя хвойныя расліны, якія ў апошні час сталі вельмі папулярнымі “жыхарамі” прысядзібных участкаў. Каб гэтым раслінам хапала вільгаці і яны не засыхалі, Вольга Мікалаеўна і Уладзімір Сцяпанавіч усю зямлю вакол стройнага раду туй заклалі спанбондам, які не засыпалі зямлёй, а “схавалі” пад каменне. Гэты матэрыял дае магчымасць глебе доўга не перасыхаць, у выніку туі застаюцца прыгожымі, хутка растуць.
Вядома, любыя кветкі ўпрыгожваюць двор. Але кампазіцыю з петуній і бягоній, пасаджаных у вазоны ўздоўж усяго двара, гаспадыня вырашыла ствараць абавязкова з улікам колераў. Так, лічыць Вольга Мікалаеўна, яны выглядаюць больш стыльна і прывабліва. А вось у гародчыку перад домам пануе сапраўднае багацце колераў. Лілейнікі, цыніі, флёксы, лілеі збіраюцца ў адзін стракаты кветкавы дыван. Вельмі любяць, як расказвае Вольга Мікалаеўна, фатаграфавацца ў кветкавым царстве ўнукі, якіх у Масюкоў трое. Для сябе і сваёй сям’і стварылі гаспадары такую прыгажосць. І ўпэўнены: парадак, добраўпарадкаванасць павінны быць у кожным двары.
НА ЗДЫМКУ: Вольга Масюк у акружэнні любімых кветак.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Дзе адпачывае душа

Калі Анатоль Васільевіч Мароз, які быў на той час дырэктарам буйнога прадпрыемства, і яго жонка, Ганна Васільеўна, вырашылі набыць участак у вёсцы Лешніца, яны нават не думалі, што стануць вясковымі жыхарамі. Спачатку ў планах было пабудаваць невялікі домік, выкапаць вадаёмчык для рыбалкі, адным словам, абуладкаваць месца для адпачынку душы. Але ў час будаўніцтва прыйшла ідэя зрабіць мансардны паверх. У выніку дом атрымаўся падобны на прыгожы церамок, у якім захацелася застацца назаўжды. І зусім не шкада было пакінуць кватэру ў Брэсце. Так сям’я Мароз далучылася да лешніцкіх жыхароў.
Каб абуладкаваць вялікі двор, размеркаваць, дзе размясціць дарожкі, газоны, клумбы, агародзік, а дзе зону адпачынку, гаспадары новага ўчастка звярнуліся за дапамогай да дызайнера. Але ўжо з першай сустрэчы пераканаліся: нельга давяраць чужому густу, важна самому спланаваць усё так, каб было і зручна, і вачам міла. Вядома, тая прыгажосць, якая цяпер штодня радуе гаспадароў, – вынік шматгадовых старанняў. Затое цяпер у кожнага тут ёсць сваё любімае месца. У Анатоля Васільевіча – рыбнік, ля якога можна гадзінамі атрымліваць асалоду ад малюнкаў прыроды, удыхаючы свежае паветра. У Ганны Васільеўны – яе прыгожыя клумбы.
— Сама я родам з Кубані, у нас у кожным двары было шмат кветак. І наш двор заўжды быў прыгожым, мы, дзеці, дапамагалі маці даглядаць за клумбамі. Таму і сваю сядзібу мне хацелася абавязкова ўпрыгожыць раслінамі, – праводзячы экскурсію, успамінала гаспадыня.
Кветак у двары сям’і Мароз сапраўды шмат.
— Я доўга шукаю кожнай расліне сваё месца, перасаджваю, назіраю, ці падабаецца кветцы там расці, гляджу, ці добра гарманіруе яна з іншымі, — расказвае Ганна Васільеўна.
Хоць напрыканцы лета многія расліны ўжо адцвілі, па іх назвах той, хто цікавіцца кветкаводствам, можа ўявіць, якія яркія колеры набывае двор, калі яны зацвітаюць. Вясной, як прызнаецца Ганна Мароз, не адвесці вачэй ад кустоў магноліі, пузыраплодніка, летам радуюць юкі, лілеі, ваніла, гартэнзія кісцепадобная, якая змяняе свой колер з зялёнага на белы, з белага — на ружовы. У цесным суседстве з экзатычнымі раслінамі растуць самыя простыя кветкі – сальвіі, астры, цыніі. З любоўю даглядаюць гаспадары за туямі, лістоўніцамі. А на навагоднія святы выкарыстоўваюць ёлку, што расце перад домам. Блакітная прыгажуня дорыць гаспадарам святочны настрой.
На прысядзібным участку Анатоля і Ганны Мароз ідэальны парадак. Каб падтрымліваць яго, як заўважае гаспадыня, даводзіцца амаль цэлы дзень праводзіць у кветніках і на агародзе. Але аб тым, што гарадскую мітусню змянілі на вясковую цішыню, пенсіянеры не шкадуюць.
— Горад блізка, можна ў любы час заехаць. Я ў тэатры бываю, напэўна, значна часцей, чым многія з тых, хто жыве ў Брэсце. На гэта проста трэба жаданне. Затое мы штодня дыхаем чыстым паветрам, вырошчваем сваю экалагічна чыстую гародніну, адпачыць да нас на выхадныя прыязджаюць дзеці. Усё гэта радуе, — разважае Ганна Васільеўна.
…Разам з гаспадарамі па акуратных, выкладзеных пліткай, дарожках ідзем па ўчастку. Вось там, расказваюць яны, размясцілася лазня, тут цяпліцу вырашылі паставіць, ля вадаёма, дзе растуць самыя сапраўдныя водныя лілеі, столік з лаўкамі размясцілі, у зоне адпачынку можна прысесці на арэлі. Усё прыгожа, усё з густам.
Магчыма, многія скажуць, што на такую прыгажосць патрэбна нямала грошай. Так, цяжка з гэтым не згадзіцца. Але ж тут яшчэ многае вырашаюць прыярытэты. Далёка не кожны ўкладвае сродкі ў прыгажосць. Цяпер у невялікай вёсцы Лешніца нямала добраўпарадкаваных двароў. Вяскоўцы і дачнікі, якія набылі тут дамы, вучацца адзін у аднаго, абменьваюцца не толькі вопытам, але і раслінамі. Не шкадуе ні першага, ні другога і Ганна Васільеўна, шчыра дзеліцца расадай кветак з іншымі і радуецца, калі бачыць, што прыгажэюць суседнія двары. У адным добра ўпэўнена яна: прыгажосць выхоўвае чалавека.
НА ЗДЫМКУ: з прыгажосцю свайго двара знаёміць Анатоль Мароз.

Аўтар праекта
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 65 от 24.08.16г.

 

 

Добавить комментарий


avrora-trans.com

www.farm-pump-ua.com/

изготовление логотипов
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!