Надзея Уладзіміра

На пачатку лістапада ў доме маларытчан Уладзіміра і Надзеі Калеснікаў было нязвыкла шумна і мнагалюдна. Кветкі, віншаванні-пажаданні, прыемная музыка, цёплыя ўсмешкі, шчырыя погляды… За гасцінным сталом ганаровыя месцы адведзены гаспадарам. У гэты незабыўны восеньскі дзень яны зноў, моцна трымаючыся за рукі,  нагадвалі прыгожую маладую пару. Пашукаць яшчэ такую трэба! Рэдкая гармонія і адпаведнасць адзін аднаму, здаецца, ва ўсім. У паводзінах, учынках, поглядах і нават – рухах і думках. Столькі гадоў ішлі па жыцці разам, адчуваючы цяпло адзін аднаго. Усё і заўжды дзялілі толькі пароўну, знаходзячы дапамогу і суцяшэнне ў самага блізкага і роднага чалавека. Яны ведаюць кошт кожнай хвіліны, гадзіны і дня,  з якіх складзены іх непаўторныя годы, іх шлюбнае шчасце. А  колькі было ахвяраванняў за гэты час дзеля самага галоўнага – кахання. Менавіта на ім і трымаецца любая сям’я. Над сапраўдным каханнем не маюць улады гады, адлегласці, нягоды, расставанні, крыўды. Усё гэта толькі загартоўвае яго, робіць больш моцным, трывалым.
Сямейная пара Калеснікаў адзначыла чарговы юбілей сумеснага жыцця. 40 гадоў назад Уладзімір і Надзея сталі жыхарамі краіны  пад назваю “Сумеснае жыццё”. За гэты час яе не раз прайшлі ўздоўж і ўпоперак, не скарыліся перад цяжкасцямі,  з годнасцю вытрымалі выпрабаванні, годна адбудавалі сваю крэпасць – сямейны шлюб. 40 гадоў разам – своеасаблівая вяха, важная мяжа на жыццёвым шляху юбіляраў. Колькі ж усяго перажыта, думана-перадумана, колькі адбылося за гэты час усяго ўсякага! Рубінавай пары ёсць што ўспомніць. Іх мінулае багата на розныя падзеі. З дазволу Уладзіміра Андрэевіча і Надзеі Аляксееўны паспрабуем заглянуць туды і мы.
— Не, — адразу прызнаецца Уладзімір Калеснік, — у нас не галівудская гісторыя кахання. Самая што ні ёсць простая, зямная, у якой, напэўна, шмат выпадковасцей, збегу абставін.
Уладзімір нарадзіўся ў Вінніцкай вобласці (Украіна). У яго была дзіцячая мара: стаць лётчыкам ці касманаўтам. Аднак абставіны склаліся так, што падаў дакументы ў Мікалаеўскі чыгуначны тэхнікум. У 1970г., калі вучыўся на трэцім курсе, на пераддыпломную практыку (з мая па лістапад) накіравалі ў Брэст, а адтуль з сябрам – у Маларыту. У вольны час вывучаў горад. Неяк выпадкова яны і сустрэліся ўпершыню.
— Мяне здзівіў яго рост, — пры­знаецца Надзея Аляксееўна. – Сапраўдны велікан,  не было больш такога ў Маларыце. Побач з ім я сябе адчула кнопкай, безабароннай і малой. Пазнаёміліся, сталі сустракацца. Закруцілася кола кахання. Першым прапанову зрабіў юнак, далікатна, тактоўна, ветліва. Надзея не магла ўстаяць ад спакуслівай прапановы. Яна адчувала, што побач з хлопцам стане шчаслівай, будзе як за сцяной каменнай, знойдзе ў ім падтрымку,  добрага дарадцу,  вернага сябра. Таму праз чатыры месяцы падалі заяву на рэгістрацыю шлюбу. Сталі жыць у бацькоў Надзі. У маі наступнага года Уладзіміра прызываюць на службу ў армію.
— Папярэдне мужу сказалі, што будзе служыць мараком, — успамінае Надзея Аляксееўна. – Для мяне гэта стала поўнай нечаканасцю. Я была супраць такога ходу падзей, таму набралася смеласці і пайшла ў ваенкамат. Разабрацца. Што там гаварыла, ужо не памятаю. Аднак пасля такога наведвання Уладзіміра накіравалі служыць на 2 гады танкістам.
— У час службы, зноў праз год, у маі, — усміхаецца Уладзімір Андрэевіч, — у мяне нарадзіўся сын Гена. Так хацелася яго ўбачыць і патрымаць на руках, але не адпускалі. Адпачынак неабходна было заслужыць. Я вельмі стараўся. Калі сыну было 3 месяцы і 21 дзень,  нарэшце прыехаў пабыць з сям’ёю 10 сутак. Радасці не было канца. Я быў самым шчаслівым на свеце!
Пасля заканчэння тэрміну службы мой герой накіроўваецца зноў у Маларыту. Спачатку працаваў стропальшчыкам, майстрам, пасля – начальнікам пагрузачна-разгрузачнага ўчастка станцыі “Маларыта”. На гэтай пасадзе шчыруе і па сённяшні дзень.
— Жыццё не было лёгкім, — пры­знаецца Надзея Аляксееўна, — бо не было свайго кутка,  ды і чужына пастаянна напамінала пра сябе. Мае бацькі ў свой час апынуліся ў Казахстане. Пасля пераехалі ў Тульскую вобласць. Там я, дарэчы, закончыла сярэднюю школу, паступіла ў вучылішча будаўнікоў. Аднак дыплом будаўніка не атрымала: бацькі пераехалі жыць на Маларытчыну, у в.Печкі,  а мяне адну ў Расіі пакідаць не рызыкнулі. 
Спачатку Надзея працуе (з 17 гадоў) на кансервавагародніна­сушыльным камбінаце (заводзе). Бацькі ёй здымаюць у райцэнтры кватэру. Праз некаторы час Надзея ўладкоўваецца на чыгунку прыёмаздатчыкам, а да выхаду на заслужаны адпачынак шмат гадоў была білетным касірам.
— Мы многа працавалі, — кажа Уладзімір Калеснік, — але заўжды знаходзілі час адзін для аднаго. Бо неабходна і выслухаць, і падтрымаць, і проста добрае сказаць слова. У адносінах паміж мужам і жонкаю часта дастаткова нават позірку, які скажа аб усім.
— Адкуль брала сілы? – перапытвае Надзея Аляксееўна. – Чэрпала іх з сям’і, надзею давалі дзеці – сын Генадзь і дачка Таццяна. Надзейнай апорай быў муж. Дзеля сям’і ён быў здольны на ўсё. Ён жа ў мяне вучыўся ў Беларускім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту (г.Гомель). Але калі на свет з’явілася наша Таня, то мне адной з 2 малымі дзецьмі было надзвычай складана ва ўсіх планах. Таму муж пасля 2 курсаў вучобы бярэ акадэмічны адпачынак і дапамагае выхоўваць дзяцей.
Сям’я была і ёсць стрыжнем і сэнсам жыцця для Калеснікаў, а самы галоўны капітал у ёй – дзеці.
— Самае важнае для захавання сямейнага саюзу – гэта… — цікаўлюся я.
— Цярпенне, жалезная вытрымка, штохвіліннае ўзаемаразуменне. А яшчэ неабходна стрымліваць сябе ва ўсім,  не наскокваць з папрокамі. Яны хутка разбураюць сямейнае шчасце,  адзінства, знішчаюць яго карэнне. У мяне ж характар быў не падарунак. Але ж змагла сябе “перарабіць” для мужа. Наогул, кахаць – гэта бачыць цуд, не бачны для іншых. Сваю палавіну неабходна лічыць самай лепшай на свеце. Адзінай і непаўторнай, — шчыра гаварыла Надзея Аляксееўна.
— Калі своечасова прамаўчаць, — згаджаецца Уладзімір Андрэевіч, — і даць яшчэ раз шанц на выпраўленне дапушчаных памылак, то, упэўнены, і ніякіх праблем не будзе больш. Не набіўшы шышак, гузакоў аб вострыя вуглы сямейнага саюзу, разам не пражывеш. Ды і нялёгкая гэта справа — хутка вывучыць яшчэ адну мову,  мову сямейных адносін. Цяжка, складана яна даецца. Для паспяховасці неабходна кожны дзень практыкавацца. 24 гадзіны ў суткі. З самага пачатку сумеснага жыцця мая Надзея стала надзеяй ва ўсім і ўсюды.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Уладзімір Анд­рэевіч і Надзея Аляксееўна Калес­нікі перакананы,  што галоўнае ў шлюбе – беражлівыя адносіны і цярпенне адзін да аднаго.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.

Добавить комментарий


курс метана

220km.com/category/forse/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!