ТРОЕ НЕВЯДОМЫХ САЛДАТ

знайшлі апошняе прыстанішча на хаціслаўскай зямлі
Чацвер, 4 лістапада 2010 г. У гэты дзень у вёсцы Хаціслаў па хрысціянскіх звычаях, з воінскімі ўшанаваннямі праводзілася пахаванне астанкаў траіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны воінаў. Магілу іх знайшлі ў лесе на тэрыторыі Олтушскага сельсавета, але непадалёку ад Хаціслава. Імёны мужных абаронцаў, якія, змагаючыся з ворагам, знайшлі спакой на маларыцкай зямлі, засталіся невядомымі. Але невядомы – не значыць забыты…
Жалобныя мерапрыемствы з нагоды перапахавання астанкаў загінуўшых воінаў пачаліся з памінальнай паніхіды ля капліцы св. Ануфрыя на хаціслаўскіх могілках, якую адслужылі благачынны цэркваў Маларыцкага раёна айцец Мікалай і настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы в. Хаціслаў айцец Пётр. А затым жалобная працэсія з больш чым сотні дарослых і дзяцей накіравалася да Кургана Славы, дзе адбыўся мітынг.
— Ваенныя падзеі – гэта наша гісторыя, якую нельга забываць. Але, каб памятаць, яе трэба ведаць, — заўважыў, выступаючы ў час жалобнага мітынгу, старшыня раённага савета ветэранаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Маркаў.
Ён напомніў пра тое, як раён мужна абаранялі воіны 75-й стралковай дывізіі, як наступалі яны пад Хаціславам, як 25 чэрвеня 1941 года прынялі бой, у якім разграмілі варожы артылерыйскі полк, знішчыўшы больш за 200 фашыстаў. У гэтых баях цярпелі вялікія страты і воіны Чырвонай Арміі.
Амаль 7 дзесяцігоддзяў праляжалі ў лесе астанкі траіх загінуўшых байцоў. Пакланіцца ім за подзвіг, за тое, што сёння над галавою у нас мірнае неба, за якое давялося заплаціць дарагой цаной, прыйшлі хаціслаўскія жыхары. Сярод іх было нямала дзяцей. Яны атрымалі магчымасць непасрэдна дакрануцца да гісторыі, больш даведацца пра тыя падзеі, што адбываліся на іх роднай зямлі.
Да гераічных старонак Вялікай Айчыннай вайны вярталіся ў сваіх выступленнях на жалобным мітынгу старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, старшыні Хаціслаўскага і Олтушскага сельвыканкамаў Уладзімір Смаль і Адам Бідзюра.
— Перапахаванне астанкаў загінуўшых воінаў, імёны якіх так і засталіся невядомымі, — гаварыў, выступаючы на мітынгу, благачынны цэркваў раёна Мікалай Кудласевіч, — гэта наша пакланенне перад подзвігам ахвяравальнай любві. Не шкадуючы свайго маладога жыцця, байцы змагаліся з ворагам, каб абараніць сваю Радзіму, адстаяць нашу свабоду. Гэта іх подзвіг дзеля ўсіх пакаленняў. Мы з удзячнасцю ўспамінаем яго і з гонарам гаворым, што з’яўляемся нашчадкамі нязломнага духу нашых продкаў.
…Пад жалобныя гукі ваеннага аркестра і залпы салюта урны з астанкамі невядомых воінаў апускаюцца ў магілу на алеі перад Курганам. Неба шчодра акрапляе іх магілу дажджавой слязой. Кожны з удзельнікаў мітынгу схіляе галаву, аддаючы даніну павагі байцам, якія знайшлі сваё апошняе прыстанішча на хаціслаўскай зямлі…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час жалобных мерапрыемстваў з нагоды перапахавання загінуўшых воінаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


вода питьевая киев

https://apach.com.ua/shop/category/upakovochnoe-oborudovanie

автоматика для секционных ворот
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!