У засені клёна і дуба

стварае электраманцёр  “Кварц­МелПрама”  Андрэй Ячнік у вёсцы Ужова куточак  адпачынку ад паўсядзённай мітусні і свецкіх спраў.

І хоць да сапраўднай камфартабельнасці, якую даводзілася бачыць у аграэкатурыстычных комплексах Брэстчыны, тут яшчэ вельмі далёка, першыя крокі ў ажыццяўленні задуманага ўжо зроблены. Ёсць 25 сотак зямлі непадалёку ад трасы Брэст-Ковель з клёнам, дубам і іншымі ляснымі дрэвамі, ёсць гасцявы домік з газавай плітой і душам, у якім цалкам могуць размясціцца сям’я ці кампанія з 5 чалавек, ёсць лазня для аматараў папарыцца, прасторная дыхтоўная драўляная альтанка з такімі ж лаўкамі і двума сталамі, на падыхо-дзе – арэлі, якія, як і ўсё астатняе, што ёсць на ўчастку, гаспадар робіць уласнымі рукамі. У планах мужа і жонкі Ячнікаў — адчыніць у сваёй зоне адпачынку кафэ – для гэтага яны пла­нуюць выкарыстаць хату, якую набылі разам з участкам, більярдную залу. А ў бліжэйшы час, па словах гаспадара, на ўчастку з’явіцца турнік і запрацуе лазня “па-чорнаму”.
— Мы з жонкай даўно марылі абуладкаваць аграэкасядзібу, — распавядаў падчас сустрэчы Андрэй Ячнік. – А калі пабывалі ў Дывіне на турбазе ў сябра: сам я, дарэчы, родам з тых краёў, вырашылі пачаць ажыццяўляць сваю мару. Першапачатковы капітал, калі можна так сказаць пра невялікія сямейныя зберажэнні, у нас быў. Так, два гады таму наша задумка пачала ажыццяўляцца…
Каб знайсці прыгожы і ўтульны куточак на ўлонні прыроды, Андрэю з Таццянай, якія жывуць у Мельніках, давялося аб’ехаць нямала населеных пунктаў раёна. Пабывалі ў Грушцы, Высокім, але гэтыя вёскі знаходзяцца далекавата ад трасы, і цана на дамы там не задавальняла, у Лукаве таксама кошт участкаў быў не па кішэні Ячнікам, а ў Лешніцы дамоў для продажу наогул не аказалася. Таму спыніліся на Ужове, дзе купілі хату з участкам: і траса блізка, і да Лукаўскага возера недалёка. Чаму не ў Мельніках, па месцапражыванні? Тым больш, што там і возера ёсць, а гэта ў арганізацыі такой справы, як аграэкатурызм, немалаважна. Падобная думка была, але, як растлумачыў Андрэй, у мясцовага возера няма гаспадара. Гэта і стала асноўнай прычынай, якая прымусіла яго адмовіцца ад задумы абуладкаваць аграсядзібу ў Мельніках…
Для расшырэння будаўніцтва Ячнікі прыдбалі яшчэ 2 хаты па ніштаватай цане ў Забалацці. Там жа іх разабралі і ўсю добрую драўніну перавезлі на ўчастак ва Ужова, дзе і зрабілі лазню. Ад вясковай вуліцы паставілі драўляную агароджу з веснічкамі, часткова абгарадзілі і астатнюю тэрыторыю вакол дома і іншых пабудоў. Гэтак жа пакуль яшчэ не ўсюды – добраўпарадкавалі тэрыторыю, прабілі свідравіну.
Андрэй Ячнік, якому ва абуладкаванні аграсядзібы, акрамя жонкі Таццяны і айчыма Івана Іванавіча, ніхто не дапамагае, разумее, што для лагічнага завяршэння пачатай справы яшчэ ой як далёка. Але галоўнае, што ёсць пачатак. І хоць вачам, як гавораць, страшна ад таго, колькі тут яшчэ належыць укласці сіл, рукі паціху ўсё робяць. А калі яны залатыя, умеюць усё тварыць і ёсць вялікае жаданне ў ажыццяўленні мары, яна абавязкова здзейсніцца. Пакуль жа Андрэй проста запрашае аматараў лазні і прыроды прыехаць у яго куточак адпачынку і годна ацаніць яго работу.
Надзея ЯЦУРА.
На здымках: Андрэй Ячнік і яго стварэнні.

Фота Алега Крэмянеўскага. Опубликовано ГЧ № 66 от 27.08.16г.

Добавить комментарий


www.avto-poliv.com.ua

www.buysteroids.in.ua/inekczionnyie-anabolicheskie-steroidyi/nandrolon/decanol-200-dekanol.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!