Мы каманда – мы сям’я

   У нядзелю  ў  Вялікарыце  ў  рамках свята Дня вёскі рэа­лі­заваны  раённы сямей­ны сельскагаспадарчы праект  “Ула­дар сяла”, які скіраваны на за­мацаванне маладых  сем’яў у вёсцы,  папулярызацыю  сельскагас­падарчых  прафесій  і пра­цы на  зям­лі, актывізацыю работы  па добраўпарадкаванні індывідуальных  падворкаў, адраджэнне  працоўных  дынастый, замацаванне  сямейных традыцый  і пераемнасці пакаленняў… 

Нягледзячы на спякоту, якая перавышала 30 градусную адзнаку, вяскоўцаў у цяньку векавых дрэў ля мясцовага Дома культуры ў гэты дзень сабралася нямала. Яно і не дзіўна: свята вёскі бывае раз у год. А гэта значыць, што тут і са знаёмымі можна сустрэцца, музыку і песні ў выкананні сама­дзейных артыстаў ансамбля “Рытчанка”паслухаць, і ў конкурсах паўдзельнічаць, і юбіляраў павіншаваць, даведацца, хто ў сельсавеце лепшая каравайніца і вышывальшчыца, хто самы юны ў вёсцы і хто доўгажыхар і ў каго лепшы падворак.
Асаблівую ж цікавасць у прысутных на свяце выклікаў раённы праект “Уладар сяла”. І хоць удзельнічалі ў ім усяго 4 маладыя сям’і, ён ніколькі не пацярпеў з-за гэтага. Страцілі, на мой погляд, тыя сельскія Саветы і маладзёжныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў, якія не знайшлі ў сябе годных прадстаўнікоў па­ў­дзельнічаць у праекце і пазмагацца за званне лепшага. Хоць, я ўпэўнена, такія маладыя сем’і ёсць у кожнай гаспадарцы і яны цалкам маглі скласці канкурэнцыю тым, хто прыехаў у Вялікарыту.
А прыехалі паўдзельнічаць у праекце сем’і Танасічукоў — Віталь і Юлія з дзецьмі Анатолем, Арсеніем і Веранікай з Макранскага, Хомікаў – Андрэй і Таццяна з сынамі Уладзіславам, Арцёмам і Платонам з Хаціслаўскага , Данілюкоў — Сяргей і Алена з дачкой Лізай і сынам Антонам з Чарнянскага, Федарукоў — Андрэй і Лідзія з сынам Аляксандрам і дачкой Кацярынай з Вялікарыцкага сельсаветаў. І ўсе дружна ўключыліся ў спаборніцтва. Распачалося яно конкурсам “Візітная картка”. Варта адзначыць, што ўсе яго ўдзельнікі ў цікавай арыгінальнай форме прэзентавалі сваю сям’ю і яе членаў. Не засталася незаўважанай прысутнымі на свяце і выстаўка сямей­ных дасягненняў: чаго на ёй толькі не было – і карціны, і розныя вырабы, створаныя рукамі дарослых і дзяцей, і фігуркі з дрэва. Усё гэта можна было не толькі пабачыць, ацаніць, але і дакрануцца да рукатворнай прыгажосці. Ну а “Вясковы пачастунак” (для ўдзелу ў гэтым конкурсе кожная сям’я прывезла прыгатаваную страву: шашлыкі, заліўное-дэсерт, пірог “Залатая рыбка” – усё прыгожа аформленае і апетытнае на выгляд)дэгуставала толькі журы.
Годна справіліся сем’і і з “Жыццёвымі загадкамі”. Нехта сур’ёзна, а нехта з гумарам прапаноўваў вырашэнні непрадказальных сітуацый, якія могуць у любы момант узнікнуць у сямейным жыцці. Атрымалася разнастайна і весела. Не падвялі дарослых і дзеці. Яны прэзентавалі свае малюнкі на тэму “Мая сям’я”. Найбольшую ж цікавасць выклікала “Сямейная эстафета”, у якой удзельнічалі як дарослыя, так і дзеці. Малодшае пакаленне збірала бульбу, гаспадыні лупілі яе і клалі ў слоікі, а гаспадары залівалі вадой і закатвалі накрыўкамі.
… Па суме набраных балаў пераможцай раённага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” стала шматдзетная сям’я Хомікаў з Хаціслава. Яна і будзе абараняць гонар раёна на абласных спаборніцтвах, якія пройдуць у рамках абласнога фестывалю-кір­машу “Дажынкі-2016” у Драгічыне. Пераможца праекта адзначаны граматай і каштоўным падарункам. Не засталіся ў накладзе і ас­татнія ўдзельнікі “Уладара сяла”. Асобна адзнача­ны семі’і Федарукоў і Данілюкоў: за лепшы “Вясковы пачастунак” і дзіцячы малюнак “Мая сям’я”.
Вось, бадай, і усё. Праект завяршыўся. Стомленыя жні­веньскай спякотай, але шчаслівыя, дзеці і дарослыя, якія за некалькі гадзін праекта змаглі пазнаёміцца, а, магчыма, і пасябраваць, раз’ехаліся па дамах, каб уладарыць на зямлі, рабіць яе прыгожай і дагледжанай.
Надзея ЯЦУРА.
На здымкУ: улада­ры сяла — сям’я Хомікаў з Ха­­ціслава.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 67 о  31.08.16г.

Добавить комментарий


np.com.ua

http://medicaments-24.net

https://zaraz.org.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!