Аддзяленне фатаграфіі

адкрыюць сёлета аднымі з першых на Брэстчыне ў Маларыцкай школе мастацтваў

Маларыцкую школу мастацтваў не адзін год ужо ўзначальвае Ірына Эдуардаўна Пятрухіна, выпускніца Беларускай акадэміі музыкі. Калектыву ўстановы адукацыі многае па сілах. У школе мастацтваў цяпер працуе 41 высокакваліфікаваны і вопытны настаўнік з вялікім творчым патэнцыялам. Яны пастаянна жывуць творчымі ідэямі, думкамі, пошукам, фантазіямі і ўвасабляюць гэта ў танцы, малюнку, музыцы, тэатралізаваных пастаноўках. У мінулым навучальным годзе педагогі ўстановы да прыгажосці мастацтва, эстэтыкі, суладнасці, гармоніі і творчасці далучалі 396 дзяцей на 5 аддзяленнях: інструментальным (фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, балалайка, домра, цымбалы, гітара, флейта), эстрадным вакальным, харэаграфічным, выяўленчым, тэатральным. Ва ўстанове цяпер дзейнічае 30 вучнёўскіх і 6 педагагічных калектываў, з іх 9 — у філіялах.

Сваю гісторыю Маларыцкая дзяржаўная школа мастацтваў па­чала ў 1964г. як філіял ад Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала толькі 20 чалавек. Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама афіцыйна ўстанова свае дзверы гасцінна адчыніла з 1 верасня 1965 г. з колькасцю 67 вучняў. Пад школу быў перададзены будынак Дома піянераў. У 1969 г. у ёй ужо займалася 100 чалавек, функцыянавала 2 аддзяленні. Важным стаў 1973 г., калі адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш, Макраны… 1 верасня 1998г. установа атрымала статус школы мастацтваў, а ў 2010г. музычныя школы вёсак раёна (Олтуш, Хаціслаў, Чарняны) былі пераўтвораны ў філіялы Маларыцкай дзяржаўнай школы мастацтваў. З 1 верасня 2011г. школа першай у Брэсцкай вобласці адкрыла тэатральнае аддзяленне. А з 1 верасня 2016г. ва ўстанове адукацыі з’явіцца і аддзяленне фатаграфіі.
-Яго мы адкрываем аднымі з першых на Брэстчыне, — кажа Ірына Пятрухіна. — Фатаграфія – гэта малюнак светам, своеасаблівы від сучаснага мастацтва. Фатаграфуюць цяпер многія, але як гэта рабіць правільна, прафесійна, будзем вучыць мы, а дакладней, малады спецыяліст Аляксандра Машкевіч.
Аляксандра Анатольеўна з адз­на­кай сёлета закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С Пушкіна па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія промыслы”. Падчас вучобы яна наведвала розныя спецкурсы па фотасправе. Аляксандра Машкевіч выдатна фатаграфуе, ведае многія сакрэты гэтай справы.
— У фатаграфіі кожны знойдзе магчымасць для самарэалізацыі, — пераканана Аляксандра Ана­тольеўна. – Каб стаць прафесійным фотамастаком, трэба шмат ведаць і многаму навучыцца. Аднак галоўным усё ж з’яўляецца жаданне тварыць, адкрываць нешта новае і незвычайнае ў тым, што знаходзіцца побач.
— Калі фотаздымак становіцца творам мастацтва?
— Думаю, — гаворыць Аляксандра Машкевіч, — што толькі тады, калі фатографу ўдаецца ўразіць, здзівіць, усхваляваць, крануць, вы­клікаць на роздум. Неабходна ўмець бачыць, заўважаць незвычайнае ў самым звычайным, простым, будзённым, штодзённым. А для гэтага трэба быць назі­ральным, уважлівым.
— На аддзяленне фатаграфіі мы плануем набраць 4 групы па 3-4 чалавекі, — кажа Ірына Эдуардаўна. – Заняткі будуць праходзіць у будынку па вуліцы Піянерскай, д.7. Там з’явіцца кабінет са спецыяльным абсталяваннем. Кошт навучання складзе 10 рублёў 5 капеек (105000 рублёў) у месяц. На першы год навучання прымаюцца дзеці ва ўзросце 9-11 гадоў.
Працаваць мы будзем па тыпавым плане, які зацверджаны Мі­ністэрствам культуры па накірунку дзейнасці “Лічбавае”. Ён прадугледжвае вывучэнне такіх прадметаў, як тэхніка фота­здымка, камп’ютарная апрацоўка фатаграфій, асновы кампазіцыі, гісторыя фатаграфіі. Тыпавы план распрацаваны на пяцігадовы тэрмін навучання. На занятках вучні таксама атрымаюць веды па кампазіцыі, колеры, свеце і жанрах фотаздымкаў. Пераканана, што навучанне дзецям прынясе радасць адкрыццяў, станоўчыя эмоцыі, імгненні шчасця.
Напісаць заяву для навучання на аддзяленні фатаграфіі можна штодзень з 9.00 да 17.00 па адрасе: г.Маларыта, вул. Савецкая, д.7. Даведкі можна атрымаць па тэлефоне: 2-34-21.
Шчыра запрашаем дзяцей стаць сапраўднымі прафесіяналамі ў фотасправе!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Аляксандра Машкевіч, выкладчык аддзялення фатаграфіі школы мастацтваў.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 67 от 31.08.16г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

тренболон ацетат
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!