Першы і важны дакумент

Нараджэнне дзіцяці – шчасце для любой сям’і! Новыя клопаты, шматлікія пытанні, але, разам з тым, вялікая радасць! І абавязкова – афармленне дакументаў, якімі суправаджаюцца любыя кардынальныя змяненні ў жыцці сям’і, асабліва такія, як з’яўленне на свет дзіцяці. Аб тым, як праводзіцца рэгістрацыя нованароджанага, і аб іншым пойдзе далей размова з начальнікам аддзела ЗАГС  Наталляй Камянчук. 

— Наталля Мікалаеўна, давайце ў чар­говы раз раскажам, для чаго ўво­гуле патрэбна рэгістрацыя дзіцяці ў ЗАГСе?
— Вынікам рэгістрацыі нараджэння дзіцяці ў ЗАГСе з’яўляецца атрыманне ім свайго першага дакумента – пасведчання аб нараджэнні. Менавіта гэты дакумент будзе засведчваць асобу малога да таго часу, пакуль ён не атрымае пашпарт. Пасведчанне аб нараджэнні ўтрымлівае асноўныя дадзеныя аб дзіцяці: прозвішча, імя і імя па бацьку, дату і месца нараджэння, прозвішча, імя, імя па бацьку і нацыянальнасць бацькоў. У будучым пашпарт будуць выдаваць на падставе дадзеных, атрыманых з пасведчання аб нараджэнні.
— А ў які тэрмін неабходна падаць заяву аб рэгістрацыі нараджэння дзі­цяці?
— Згодна з артыкулам 206 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і заява аб рэгістрацыі нараджэння павінна быць пададзена не пазней чым праз 3 месяцы з дня нараджэння дзіцяці, а ў выпадку нараджэння мёртвага дзіцяці – не пазней, чым праз трое сутак з моманту нараджэння.
— Дзіця можна зарэгістраваць у ЗАГСе толькі па месцы пражывання бацькоў?
— Рэгістрацыя дзіцяці можа праводзіцца па месцы знаходжання радзільнага дома, дзе малое нарадзілася, а таксама па месцы жыхарства бацькоў ці аднаго з бацькоў.
— Наколькі “ўрадлівым” на дзетак быў для нашага раёна перыяд з пачатку года?
— За 7 месяцаў 2016 года зарэгістравана 178 нараджэнняў, з іх 131 – у аддзеле ЗАГС, 47 – у сельвыканкамах. Нарадзілася 103 хлопчыкі і 75 дзяўчынак. Зарэгістраваны 2 двойні. У 51 сям’і народжанае дзіця было першым, у 73 – другім, у 34 – трэцім, у 16 – чацвёртым, у 1 – пятым, у 2 – шостым і ў 1 – восьмым.
— Перш чым зарэгістраваць дзіця, бацькам трэба вырашыць няпростую задачу – вызначыцца з выбарам імя. Як называлі маларытчане сваіх сыноў і дачок?
— Самыя папулярныя імёны нованароджаных дзяўчынак – Соф’я, Марыя, Анастасія, Вікторыя, Дар’я, Кацярына, Ксенія, Паліна. Былі і рэдкія імёны – Эмілія, Сабіна, Меланія. Сярод імён, якімі называлі хлопчыкаў, найчасцей сустракаліся Арцём, Багдан, Дзмітрый, Цімафей, Іван, Давід, Кірыл, Канстанцін, Мацвей. У ліку рэдкіх імён Эмільян, Рувім, Елісей.
— Наколькі ведаю, рэгістрацыя нараджэння дзіцяці па жаданні бацькоў можа прайсці ўрачыста.
— Так, каб дзень рэгістрацыі нараджэння дзіцяці стаў яшчэ адным сямейным святам, аддзел ЗАГС па жаданні бацькоў праводзіць урачыстыя рэгістрацыі (абрад імянарачэння). Тэкст яго складаецца з улікам біяграфічных дадзеных бацькоў, колькасці запрошаных.

Гутарыла Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 67 от 31.08.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.