Наперакор лёсу

— Зараз пабачым, дома наша юбілярка ці не. Можа, на градкі пайшла, — сустракаючы на парозе гасцей, тлумачыла Вера Сямёнаўна Бондар, пляменніца Ганны Цімафееўны Саўчук, да якой у вёску Мельнікі , каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем, прыехалі дырэктар Маларыцкага тэрытарыяль­нага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Алесік і спецыяліст цэнтра Кацярына Батурына. Спачатку падумалася, што Вера Сямёнаўна жартуе. Але знаёмства з самой юбіляркай пераканала ў тым, што няўрымслівасць і працавітасць, калі яны закладзены ў чалавеку з нара-джэння, не вельмі хочуць паддавацца часу. Рухаючыся не так упэўнена, як раней, жанчына ўсё ж не жадае сядзець без справы. Агуркоў-памідораў насадзіла і ўраджай вельмі добры атрымала, бульбу каторы раз ужо прапалола, за сваёй маленькай гаспадаркай, у якой, праўда, засталіся толькі куры, даглядае. І робіць усё не таму, што дапамагчы ёй няма каму. Проста напрацаваныя, звыклыя да любой справы рукі сумуюць без работы, ды і хваробы, як жартуе, нападаюць, як толькі прысядзеш.
У бацькоўскай сям’і Ганна была старэйшай з чатырох дзяцей. І калі захварэла маці, яна, зусім яшчэ дзіця, узяла на сябе клопаты аб малодшых. Дагледзець дом, накарміць сям’ю, пасадзіць агарод, накасіць і скласці ў стажок сена – усё гэта даводзілася ёй рабіць з малых гадоў. А калі падрасла, пайшла працаваць у калгас. Ганне Цімафееўне добра знаёма работа і на ферме, і ў полі.На заслужаны адпачынак пайшла, калі працавала ў паляводчай брыгадзе. Але ці магла ўсядзець на месцы? Яе ведала кожнае дрэва ў лесе, куды спяшалася яна па ягады, і збірала іх так хутка, што ніхто не мог паспець за яе спрытнымі рукамі, да нядаўняга часу штогод ездзіла разам з усё раднёй капаць бульбу і заўжды ішла на радках першая, паказваючы прыклад маладзейшым. А зімою, каб заняць сябе, шкарпэткі для ўсёй сям’і вязала.
Між іншым, лёс наканаваў Ганне Цімафееўне адзінокае жыццё. Хварэла яна вельмі ў маладосці, вось і не сустрэла, як гаворыць, свайго сябра, з якім можна было б пабудаваць сям’ю. Але ж яна, можна сказаць, змяніла свой лёс і стала другой маці для пляменнікаў. Усё жыццё яна пражыла разам з малодшаю сястрою Марыяй, гадавала яе дзяцей, потым унукаў, а там і праўнукаў. Усе любілі і любяць Ганну Цімафееўну, як родную маму, бабулю і прабабулю, бо добрай яна была, ласкавай, шкадавала кожнага. І цяпер яшчэ, у свае дзевяноста гадоў, памятае пра дзень нараджэння кожнага і абавязкова віншуе. Вельмі шкадуе і сястру сваю, якая цяжка захварэла і цяпер ні ўдзень, ні ўначы не можа абысціся без догляду.
У доме Ганны Цімафееўны шмат абразоў. Перад імі моліцца яна за здароўе сваіх блізкіх людзей, просіць, каб Гасподзь даў усім так, як і ёй, доўгае жыццё. Сама яна заўжды жыла з верай у душы, пабывала ў розных манастырах і іншых святых месцах, ведае шмат малітваў. У свае гады, што вельмі дзіўна, чытае без акуляраў. Дарэчы, як прызнаецца Ганна Цімафееўна, чытаць яна любіць. І раённую га­зету ад першай да апошняй старонкі перачытвае. І гэта пры тым, што закончыла толькі два класы польскай школы. Пісаць так і не навучылася, а вось як скла­даць буквы ў словы, паказаў брат. Далей вучыцца пісьменнасці дзяўчынцы не было калі.
…Развітваемся з юбіляркай і выходзім у двор. Тут шмат кветак. Іх таксама пасадзілі клапатлівыя рукі дзевяностагадовай жанчыны. Міжволі падумала: як жа трэба любіць жыццё, каб у такія гады быць неабыякавай нават да прыгажосці ў двары. Ці не прыклад гэта для нас, маладых, увесь час нечым незадаволеных?..
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дзевяностагадовая юбілярка Ганна Саўчук.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 69 от 7.09.16г.

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua/

https://progressive.ua

http://220km.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!